Сын прэзідэнта Экватарыяльнай Гвінеі Руслан Абіянг Нсуэ займаў пасады дзяржаўнага сакратара па справах спорту і моладзі і намесніка генеральнага дырэктара нацыянальнай авіякампаніі. А абвінавацілі яго ў незаконным продажы самалёта авіякампаніі і прысабечванні грошай.

Тэадор Абіянг Нгема Мбасога — адзін з сусветных рэкардсменаў па працягласці знаходжання ва ўладзе. Ён трымае яе ажно з 1979 года. Старэйшы сын Абіянга з 2016 года займае пасаду першага віцэ-прэзідэнта краіны. А вось іншы сын панясе заслужанае пакаранне.
Як паведамляе выданне Revista Real Equatorial Guinea, 26 жніўня суд Экватарыяльнай Гвінеі прыгаварыў былога намесніка генеральнага дырэктара авіякампаніі CEIBA Intercontinental Руслана Абіянга Нсуэ да шасці гадоў і аднаго дня пазбаўлення волі, што з'яўляецца мінімальным тэрмінам пазбаўлення волі, за продаж самалёта, які належаў кампаніі, і прысваенні выручкі ад здзелкі.
Расследаванне па факце знікнення самалёта ATR 72-500, які належаў нацыянальнай авіякампаніі CEIBA Intercontinental, улады краіны пачалі ў лістападзе 2022 года.
Самалёт з 2018 года быў адпраўлены на Канарскія астравы (Іспанія) для рамонту. Аднак пазней паветранае судна было прададзена фірме, якая праводзіла рамонт, без згоды назіральнай рады авіякампаніі.
Акрамя самалёта, зніклі і каля 700 тысяч еўра, прызначаных на яго рамонт. Як высветліла следства, грошы былі пералічаныя на рахунак у Малайзіі, а пазней трапілі ў Маямі (ЗША).
Галоўным фігурантам справы стаў Руслан Абіянг Нсуэ, адзін з сыноў прэзідэнта краіны Тэадора Абіянга Нгемы Мбасога. На той момант мужчына займаў пасаду намесніка генеральнага дырэктара CEIBA Intercontinental.
Падчас судовага пасяджэння 50-гадовы Руслан Абіянг Нсуэ, які раней таксама займаў пасаду дзяржаўнага сакратара па справах спорту і моладзі, прызнаў факт продажу.
«Я прызнаю дамову продажу самалёта за 250 000 еўра, але я атрымаў толькі 125 000, якія я паклаў на свой банкаўскі рахунак у Іспаніі», — цытуе Нсуэ выданне VOA Afrique.
Юрыстка авіякампаніі патлумачыла ўрадавай камісіі, створанай для расследавання фактаў, што Нсуэ «прапанаваў не пералічваць грошы ад продажу на рахунак CEIBA Intercontinental у мадрыдскім філіяле, паколькі ён быў замарожаны». Замест гэтага сродкі былі залічаныя на асабісты рахунак тагачаснага намесніка дырэктара.
Калі гэтыя абставіны сталі вядомыя і сам Абіянг Нсуэ прызнаўся ў зробленым, віцэ-прэзідэнт краіны і яго зводны брат, Тэадора Нгема Абіянг Манге, у студзені 2023 года загадаў арыштаваць мужчыну і зняць з пасады.
Прысуд
Суд Экватарыяльнай Гвінеі прызнаў Руслана Абіянга Нсуэ вінаватым у злачынстве злоўжывання грамадскай маёмасцю. Ён абавязаны выплаціць дзяржаве штраф у памеры больш за 7600 еўра.
Акрамя гэтага, асуджаны мусіць вярнуць авіякампаніі CEIBA Intercontinental каля 220 тысяч еўра і сплаціць дадатковую кампенсацыю ў памеры амаль 22 тысячы еўра. Да гэтага дадаюцца і судовыя выдаткі.
Калі Руслан Абіянг Нсуэ не выплаціць усіх прызначаных сум, то павінен будзе адбыць турэмны тэрмін даўжынёй 6 гадоў і адзін дзень. Зрэшты, гэтыя сумы зусім не вялікія для члена прэзідэнцкай сям'і.
Паведамляецца, што па абвінавачваннях у растраце дзяржаўных сродкаў і злоўжыванні ўладай Абіянг Нсуэ быў апраўданы.
Судовы пераслед Руслана Абіянга Нсуэ беспрэцэдэнтны для сваяка прэзідэнта гэтай невялікай, але багатай на нафту дзяржавы ў Цэнтральнай Афрыцы.
З моманту здабыцця незалежнасці ад Іспаніі ў 1968 годзе Экватарыяльная Гвінея лічыцца праваабарончымі арганізацыямі не толькі адной з самых рэпрэсіўных краін у свеце, але і адной з самых карумпаваных.
Прэзідэнт Тэадор Абіянг Нгема Мбасога, якому 82 гады, кіруе краінай з 1979 года, калі ў выніку дзяржаўнага перавароту зрынуў і забіў свайго роднага дзядзьку Франсіска Масіяса Нгема Біёга. Сярод дзейных кіраўнікоў дзяржаў свету, калі не лічыць караля Швецыі Карла XVI Густава, ён знаходзіцца ва ўладзе даўжэй за ўсіх.
Як паведамляе Le Monde, старэйшы сын гвінейскага дыктатара і першы віцэ-прэзідэнт краіны Тэадарын Нгема Абіянг Манге, быў асуджаны французскім судом у ліпені 2021 года да трох гадоў пазбаўлення волі ўмоўна і штрафу ў 30 мільёнаў еўра за растрату дзяржаўных сродкаў у рамках спраў аб «незаконна набытай маёмасці». Продаж канфіскаваных актываў Тэадарына Нгема ў Францыі склаў 6 мільёнаў еўра.

У апошнія гады Беларусь імкнецца развіваць адносіны з гэтай афрыканскай краінай. У 2023 годзе беларускі і гвінейскі дыктатары наведалі адзін аднаго. У маі мінулага года ў Беларусі знаходзіўся міністр нацыянальнай абароны Экватарыяльнай Гвінеі.
У Беларусь прыляцеў прэзідэнт Экватарыяльнай Гвінеі — рэкардсмен па ўтрыманні ўлады ў сучасным свеце
Лукашэнка прыляцеў у Экватарыяльную Гвінею
У Беларусь прыехаў міністр нацыянальнай абароны Экватарыяльнай Гвінеі
«Дэлегацыя з Экватарыяльнай Гвінеі каштавала нашу смятану — яны былі проста зачараваныя». Міністр пра планы на беларускую малочку
Ці шмат у свеце засталося кіраўнікоў дзяржаў, якія прыйшлі да ўлады раней за Лукашэнку?
Каментары