Пад Мінскам машына збіла лася — загінулі два чалавекі, пацярпеў вядомы комік
У Мінскай вобласці ноччу 6 ліпеня легкавік збіў лася і ўрэзаўся ў дрэва. Загінулі два пасажыры, яшчэ тры чалавекі трапілі ў бальніцу. Адзін са шпіталізаваных — беларускі блогер і комік Рыгор Стаўпец, пра гэта распавяла яго знаёмая і калега па стэндапе Даша Герман, піша «Люстэрка».

ДТЗ адбылося ў ноч на нядзелю на трасе Р23 Мінск — Мікашэвічы. Каля першай гадзіны ночы на 23-м кіламетры 33-гадовы кіроўца Belgee збіў лася — пасля гэтага машына вылецела ў кювет і ўрэзалася ў дрэва.
У аварыі загінулі два пасажыры — 33 і 71 года. Яшчэ тры чалавекі пацярпелі і былі дастаўлены ў бальніцу.
Як распавяла ў сторыс у Instagram беларуская актрыса і стэндап-комік Даша Герман, адзін са шпіталізаваных — блогер і комік Рыгор Стаўпец.
«Грыша ў бальніцы», — напісала яна са спасылкай на паведамленне МУС, не ўдакладніўшы, ці быў ён за рулём або сярод пасажыраў.

У якім стане блогер, таксама невядома. Рыгор Стаўпец — вядучы і комік з Мінска. Ён фіналіст шоу Comedy Батл на ТНТ і ўдзельнік Вышэйшай лігі КВЗ у складзе каманды «Найлепшыя сябры». Выступае на мерапрыемствах рознага маштабу — ад карпаратываў да шоу на 1500 гледачоў, а таксама супрацоўнічае з прадакшн-кампаніяй Arkadi Logvin і пазіцыянуе сябе як амбасадар брэнда «Санта» ў TikTok (у гэтай сацсетцы ў яго 112,5 тысячы падпісчыкаў).
Яго ролікі — кароткія сцэнкі з гумарыстычнымі сітуацыямі і лайфхакамі — рэгулярна набіраюць тысячы лайкаў і каментарыяў.
Каментары