Грамадства44

«Кранальны момант — калі плачуць мужчыны». Мінчанка купіла дом у вёсцы — ладзіць там музычныя канцэрты і дрэсіруе поні

Таццяна Пяшкова пераехала ў вёску Барава, якая займае ўсяго адну вуліцу, з Мінска. Там дзяўчына завяла сабе поні, пачала праводзіць канцэрты класічнай музыкі і пасябравала з усімі бабулямі. Гісторыю мінчанкі запісалі журналісты «Смартпресс».

Таццяна Пяшкова. Фота: «Смартпресс»

Мінчанка скончыла Беларускую дзяржаўную акадэмію музыкі. Шэсць гадоў таму яна стала прыязджаць з мужам на вёску яго бацькоў — Барава. Гэта невялікая — у адну вуліцу — вёска Іўеўскага раёна.

Пара купіла там хату, адрамантавала яе, але шляхі маладых людзей пасля разышліся. Тады дзяўчына не паехала назад у горад, а засталася — нядаўна набыла ў вёсцы іншую хату і жыве ў ёй. 

«А куды пераязджаць? Вяртацца ў Мінск не хачу. За два гады жыцця ў Бараве пасябравала з людзьмі, некаторыя бабулі з дзядулямі ўжо як родныя.

Напрыклад, цяпер у мяне ў доме рамонт, кухні няма. Вось і хаджу раніцай на сняданак да дзеда Косці і яго жонкі Светы. Часам пытаюся ў іх: «А ці не зрабілася я нахабнай?». Яны адмахваюцца: «Ды ты што, не выдумляй!», — падзялілася яна з журналістамі.

Таццяна Пяшкова. Фота: «Смартпресс»

Гэта цяпер у Тані мноства сяброў і знаёмых, а два гады таму яна мала каго ведала. Неяк зазірнула да суседкі Аксаны на гарбату, сыграла на флейце і тая падказала ідэю: трэба арганізаваць канцэрт для мясцовых. Вось табе магчымасць і сябе паказаць, і на іншых паглядзець.

Таццяна ўспамінае, як каляровымі алоўкамі ад рукі намалявала афішу і раздавала ўсім. Хвалявалася: ці прыйдуць людзі слухаць класічную музыку?

«А яны ўзялі і прыйшлі: бабулі такія прыбраныя былі, у прыгожых хустачках. Потым абмяркоўвалі, што хоць і жывуць у адной вёсцы, але некаторыя не бачыліся некалькі гадоў», — расказала дзяўчына.

Таццяна Пяшкова. Фота: «Смартпресс»

Для Барава, дзе не засталося нічога, акрамя аўталаўкі, канцэрт у хаце Тані стаў цэлай падзеяй. Дзеці селі на печку, дарослыя — на лавачкі і крэслы. Паслухаць флейту сабралася больш за 30 чалавек. Некаторыя ў парыве эмоцый пасля выступу Тані пабеглі ў агарод па кветкі.

І з тых часоў дзяўчына дала ў Бараве не адзін канцэрт: падключала мясцовых дзяцей, прывозіла сябровак-флейтыстак, а аднойчы сюды зазірнуў сапраўдны хор на 70 чалавек (у ім спявае і сама Таццяна).

Таццяна Пяшкова. Фота: «Смартпресс»

Каб артыстам было зручна, мясцовыя жыхары сабраліся напярэдадні і пакасілі поле, якое на вечар ператварылася ў сцэну і глядзельную залу.

«Адну бабулю, якой ужо пад 90 гадоў, мы прывезлі на машыне. Сама б яна не дайшла, а паслухаць артыстаў хацела», — згадвае Таня.

Ужо пасля першага канцэрта, як і належыць у вёсцы, у дзяўчыны з'явілася мянушка — «Таня-флейта». Так яна стала мясцовай знакамітасцю.

«Неяк сустракаю на вуліцы дзяўчынак, а яны абмяркоўваюць паміж сабой: «Гэта ж цётка, якая класна грае на флейце!» Цётка?!», — смяецца Таня.

Хата Таццяны. Фота: «Смартпресс»

Зараз дзяўчына займаецца рэпетытарствам, вучыць ахвотных граць на флейце і навучае свавольных коней. Гэтая прафесія называецца берэйтар.

Таццяна адзначае, што толькі час, цярпенне і спакой дапамагаюць зрабіць непакорнага коніка паслухмяным. Як жартуюць на адной каняферме, дзе перыядычна з'яўляецца малады жарабец, які не паддаецца выхаванню: «Таня — твой апошні шанец. Інакш паедзеш на каўбасу».

Сама яна мае трох поні — Бэнтлі, Манга і Мадрыда.

«Я шчаслівая толькі ад аднаго: у мяне яны могуць пражываць сваё лепшае жыццё. За гады нагледзелася на рознае стаўленне да жывёл. Так, я не магу выратаваць усіх, але кагосьці дакладна зраблю шчаслівым.

Поні Таццяны. Фота: «Смартпресс»

І сама паказваю, і ўсім ахвотным расказваю, што коні не павінны стаяць у стайні круглыя суткі. Ім проста неабходна гуляць, і лепш гэта рабіць у кампаніі іншых конікаў», — патлумачыла яна сваё жаданне мець цікавых жывёл.

Жыццё на вёсцы Таццяне падабаецца. Кажа, што праводзіць для мясцовых канцэрты, бо любіць іх рэакцыю.

«У музыцы ёсць нешта магічнае, яна не пакідае людзей абыякавымі. Самы кранальны момант — калі плачуць мужчыны. Некаторыя нават запісваюць мае выступы на тэлефон і слухаюць потым на ўвесь двор», — сказала яна.

Каментары4

  • Mari
    21.08.2025
    Ведаю Таццяну,калі яна была яшчэ дзіцем. Вельмі таленавітая ў розных накірунках і проста прыемная паўітыўная дзяўчына. Хай ёй шчасціць на новым месцы!
  • Тэкля
    21.08.2025
    Якая файная дзяўчына!!!
  • Найперш не галасі (сапр.)
    21.08.2025
    Да рэд. НН.
    Згуляць на флейце. Ноў комент.
    Пабеглі за кветкамі. Значыць кветкі кінуліся ўпрочкі, уцякалі, а за імі беглі. Следам за дзедам.))
    Пайсці па ваду ці пайсці за вадою?
    Ёсць такая філасофская прымаўка "За вадою пойдзеш - назад ня вернешся".

Цяпер чытаюць

У Мінску адкрылі самую незвычайную развязку — алмазную. Выязджаць трэба як бы на сустрэчку ФОТА3

У Мінску адкрылі самую незвычайную развязку — алмазную. Выязджаць трэба як бы на сустрэчку ФОТА

Усе навіны →
Усе навіны

Лукашэнка адмовіўся ад перамоваў з «тымі, хто разваліў краіну»20

Алімпійскі літрбол. Віктар Лукашэнка і Аляксандр Зайцаў запусцілі ўласную сетку крам алкагольнай прадукцыі15

Яраслаў Еўдакімаў хварэў на рак лёгкіх1

Брата палітзняволенага айцішніка асудзілі за пратэсты

Лукашэнка пра палітвязняў: Забірайце да сябе, вязіце іх туды27

Урад ЗША пачынае татальную праверку ўсіх 55 мільёнаў уладальнікаў амерыканскіх віз4

Памёр народны артыст Беларусі Яраслаў Еўдакімаў — выканаўца хітоў «Зачарованая мая» і «Фантазёр»21

Ціханоўскі лічыць, што ў Мінску будзе вуліца Навальнага62

У Коўне затрымалі ўдзельнікаў падпольнага завода па вырабе цыгарэт. Сярод іх — беларусы

больш чытаных навін
больш лайканых навін

У Мінску адкрылі самую незвычайную развязку — алмазную. Выязджаць трэба як бы на сустрэчку ФОТА3

У Мінску адкрылі самую незвычайную развязку — алмазную. Выязджаць трэба як бы на сустрэчку ФОТА

Галоўнае
Усе навіны →

Заўвага:

 

 

 

 

Закрыць Паведаміць