У Беларусі «возьмуць пад кантроль» лексіку рэкламы, назваў устаноў і найменняў тавараў
У МАРГ нагадалі, што адпаведнай пастановай Савета міністраў зацвердзілі Канцэпцыю развіцця нацыянальнай культурнай прасторы ва ўсіх сферах жыцця грамадства на 2024—2026 гады.
У якасці аднаго з механізмаў рэалізацыі канцэпцыі «замацавання традыцыйных каштоўнасцей беларускага народа» прадугледжана скарачэнне выкарыстання замежных слоў, у тым ліку абрэвіятур, у назвах гандлёвых марак.
Газета «Звязда» піша, што некалькі месяцаў таму ў шэрагу буйных гарадоў краіны адкрылася дастаўка сушы і ролаў ад кампаніі, у назве якой прысутнічае ненарматыўная лексіка. Праўда, беларускае прадстаўніцтва кампаніі адразу ж прымусілі змяніць назву. Аднак у адрасах інтэрнэт-рэсурсаў і беларускім меню засталася фірменная назва ад матчынай сеткі.
На думку МАРГ, дзеянні суб’ектаў гаспадарання ў гэтых выпадках накіраваныя на прыцягненне ўвагі спажыўцоў за кошт правакацыі, якая стварае сацыяльную напружанасць і выклікае ў грамадзян негатыўныя эмоцыі. Гэта адмоўна адбіваецца на рэпутацыі прадпрыемстваў гандлю і грамадскага харчавання, падрывае давер да галіны ў цэлым.
Напрыклад, пэўны час таму ў Міністэрстве антыманапольнага рэгулявання і гандлю разглядалі пытанне этычнасці назвы аднаго з аб’ектаў эўфемізмам, калі ненарматыўная лексіка маскіруецца пад фантазійнае слова, аднак лаянкавы сэнс пры гэтым не губляецца. Размяшчэнне шыльдаў з такой назвай можна спыніць толькі на падставе заканадаўства аб рэкламе, бо выкарыстанне амаральных слоў на сродках вонкавай рэкламы прызналі неэтычным.
Як паведамілі ў прэс-службе МАРГ, рыхтуюцца правілы продажу асобных відаў тавараў і аказання паслуг грамадскага харчавання. У іх будуць прапісаныя змены, якія не дапускаюць выкарыстанне ў назвах аб’ектаў гандлю і грамадскага харчавання, прадукцыі і паслуг слоў (груп слоў), што парушаюць агульнапрынятыя нормы маралі, у тым ліку ненарматыўную лексіку.
Зафіксаваны таксама скаргі на продаж прадукцыі або паслуг, у назвах якіх рабіўся акцэнт на сэксуальную тэматыку і крымінальны жаргон.
Каментары