У прапагандысцкі сюжэт пра гісторыю конкурса «Міс Беларусь» трапіў твар былой палітзняволенай
Тэлеграм-канал «Розовые косынки», прысвечаны рэпрэсаваным беларускам, звярнуў увагу, што ў нарэзцы гісторыі конкурса «Міс Беларусь» на Першым нацыянальным канале праз недагляд ці няведанне стваральнікаў сюжэта прамільгнуў твар дзяўчыны, якая пазней трапіла пад рэпрэсіі і была прызнаная палізняволенай.

На фота — Лідзія Новік, якая была затрыманая 3 студзеня 2022 года, а праз тры месяцы, 11 красавіка, была асуджаная Заводскім судом горада Мінска да трох гадоў «хіміі». Увесь час да суда яна знаходзілася ў СІЗА № 1 на Валадарцы, і за гэты час праваабаронцы прызналі Лідзію палітзняволенай.
Судзілі яе па арт. 342 Крымінальнага кодэкса («Арганізацыя і падрыхтоўка дзеянняў, што груба парушаюць грамадскі парадак, альбо актыўны ўдзел у іх»). Падставай для гэтага стаў удзел дзяўчыны ў мірным маршы 16 жніўня 2020 года.
У сюжэце БТ дзяўчына фігуруе ў кадрах нібыта кастынгу да конкурса 1998 года, але гэта відавочная памылка — ёй у той час было ўсяго 5 гадоў. Да гэтага года штучна прывязалі кадры з іншага кастынгу.

Цяпер Лідзія Новік, як пазначана на сайце праваабарончага цэнтра «Вясна», знаходзіцца ў вымушанай эміграцыі.
«Але ва ўсім гэтым ёсць іронія лёсу: нават прапаганда не можа схаваць, хто сапраўдныя прыгажуні Беларусі. Гэта жанчыны, якія прайшлі праз камеры, допыты, суды і катаванні — і засталіся гордымі і прыгожымі», — піша аўтар тэлеграм-канала «Розовые косынки».
Каментары