Барселонская Саграда Фамілья ў наступным годзе стане найвышэйшым хрысціянскім храмам Еўропы
З завяршэннем узвядзення цэнтральнай вежы Ісуса Хрыста, якую плануецца скончыць да канца 2025 ці пачатку 2026 года, вышыня будынка дасягне 172 метраў, што перасягне вышыню 162‑метровага кафедральнага сабора ў нямецкімі Ульме, паведамляе Euronews.

Генеральны дырэктар базілікі Ксаўер Марцінес паведаміў, што вежа будзе завершаная паэтапна ў найбліжэйшыя месяцы. На вяршыні будзе ўсталяваны крыж, які атачаюць пяць іншых вежаў: адна прысвечаная Дзеве Марыі, а чатыры меншыя — у гонар евангелістаў.
Хоць работы над фасадамі і ўнутраным аздабленнем працягнуцца яшчэ некалькі гадоў, кіраўнік будаўніцтва Эстэве Кампс адзначыў, што мэта — завяршыць асноўныя работы па ўзвядзенні храма прыблізна за дзесяць гадоў.
У 2026 годзе споўніцца сто гадоў з дня смерці архітэктара Антоніа Гаўдзі, які памёр у 1926 годзе пасля траўмы, атрыманай у выніку наезду трамвая. Да гэтай гадавіны Саграда Фамілья арганізуе мерапрыемствы ў гонар яго архітэктурнай спадчыны, уключаючы ўрачыстую імшу 10 чэрвеня, на якую запрошаны Папа Леў XIV. Менавіта Гаўдзі яшчэ ў XIX стагоддзі пачаў будаваць гэты храм.
Нядаўна на месца паступілі элементы, якія ўтвараюць ядро крыжа вежы Ісуса Хрыста. Гэты элемент стане злучальным пунктам паміж плячыма крыжа і дазволіць праз унутраныя сходы ўздымацца на вяршыню базілікі.
Нарожны камень пад будаўніцтва Саграда Фамілья быў закладзены ў 1882 годзе. З таго часу работы працягваюцца дзякуючы ахвяраванням і даходам ад турызму. У 2024 годзе храм наведалі 4,9 мільёна чалавек, з якіх 15% прыбылі з ЗША.
Каментары