Экс-прыхільніка «ДНР» і «ЛНР», які змяніў пазіцыю ў 2022 годзе, прыгаварылі ў Расіі да шасці гадоў за ваенныя фэйкі
Аб прысудзе 49‑гадоваму Алегу Елыманаву паведаміла прэс-служба маскоўскіх судоў. Яго ўзялі пад варту ў зале суда, да гэтага ён знаходзіўся пад хатнім арыштам.

Паводле даных праекта «Падтрымка палітзняволеных. Мемарыял», падставай для пераследу было паведамленне Елыманава ў чаце на 29 чалавек. Пад імем «Алег Фэндэр» у ліпені 2024 года ён напісаў пра гадавіну ўдару па калоніі ў Яленаўцы, дзе знаходзіліся ўкраінскія ваеннапалонныя, і назваў гэта «адным з самых буйных цынічных злачынстваў расійскіх акупантаў». Справу супраць Елыманава завялі ў ліпені 2025 года.
Да 2022 года мужчына рабіў у сябе ў VK.com допісы ў падтрымку прарасійскіх сіл на Данбасе, аднак, як ягоныя сваякі паведамілі «ОВД-інфо», пасля поўнамаштабнага ўварвання Расіі ва Украіну ён змяніў пазіцыю, піша Бі-бі-сі.
Елыманаў, калі даваў паказанні, паведаміў, што з дзяцінства ведае ўкраінскую мову і балюча ставіцца да вайны, бо ў яго ёсць сваякі ва Украіне. Віну ў распаўсюдзе «фэйкаў» мужчына прызнаў.
Каментары