Гісторыя44

«Нашай Ніве» — 119 гадоў

Гісторыя «Нашай Нівы» пачалася ў Вільні 119 гадоў таму — 23 лістапада 1906 года.

Пахаванні братоў Луцкевічаў на Росах, Вільня. Фота: «Наша Ніва»

Раней мы складалі гід па знакавых месцах рэдакцыі ў Вільні. З яго можна даведацца, дзе працавала рэдакцыя, тусіў Янка Купала і захоўваў скарбы Іван Луцкевіч.

Газета «Наша Ніва» была заснаваная ў 1906 годзе і адноўленая ў 1991-м. З 1997 года існуе інтэрнэт-сайт.

Газета выходзіла раз на тыдзень у 1906—1915, раз на месяц у 1991—1995, ізноў штотыднёва ў 1996, раз на два тыдні ў 1997—1999, штотыднёва з 1999 да 2016, раз на месяц ад 2016, у сувязі з тым, што асноўным стаў інтэрнэт-партал. У 2018‑м выданне цалкам перайшло ў інтэрнэт, адмовіўшыся ад папяровай газеты.

У гэтым віленскім будынку ў 1907‑1909 гадах знаходзілася рэдакцыя «Нашай Нівы». Фота: «Наша Ніва»

Гісторыя газеты

1906—1915 гады ў беларускай гістарыяграфіі называюцца «нашаніўскім перыядам». Бо з выхадам 10 (23) лістапада 1906 г. у Вільні першага нумара тыднёвіка «Наша Ніва» была запачаткаваная цэлая эпоха ў развіцці беларускага грамадства.

«Наша Ніва» на пачатку ХХ стагоддзя выпрацавала норму беларускай літаратурнай мовы. У яе коле была створана беларуская класічная літаратура. Паўстала ідэя беларускай дзяржаўнасці. Скіраваная на пазітыўную асветную працу, гэтая газета стала цэнтрам інтэлектуальнага жыцця. У ёй друкавалася цэлая плеяда інтэлектуалаў — сярод іх Янка Купала, Якуб Колас, Антон Луцкевіч, Максім Багдановіч, Вацлаў Ластоўскі.

«Наша Ніва» асвятляла шырокі спектр палітычных, эканамічных і культурных праблем. Газета мела галоўнай задачай кансалідацыю беларускай палітычнай нацыі. Пры гэтым, як адзначалі сучаснікі, «Наша Ніва» была першай крыніцай інфармацыі, якая не несла казённай адзнакі.

Вакол «НН» гуртавалася нацыянальная грамадзянская супольнасць. Сельскагаспадарчыя ініцыятывы, тусоўкі моладзі, выдавецтвы — усе яны выкарыстоўвалі трыбуну «НН».

Характэрнай асаблівасцю газеты ад першых дзён выдання была моцная інтэрактыўная сувязь з чытачамі. Газета мела больш за тры тысячы сталых і часовых карэспандэнтаў, якія дасылалі інфармацыю ў Рэдакцыю. Прыход у літаратуру і журналістыку вялікай колькасці аўтараў з розных мясцовасцяў Беларусі стварыў магчымасць вытварыць літаратурную мову, замацоўваючы як норму найбольш пашыраныя моўныя з’явы. Сам кшталт сучаснай беларускай мовы, асноўныя правапісныя і граматычныя нормы, словаўтваральныя тыпы былі выпрацаваныя, дзякуючы жывой моўнай практыцы на старонках газеты.

Падпісчыкі й дапісчыкі газэты выраслі ў цэнтральныя асобы нацыянальнага палітычнага і інтэлектуальнага жыцця (як Цішка Гартны (сапраўднае імя — Зміцер Жылуновіч), у будучыні адзін з кіраўнікоў БССР, ці Браніслаў Тарашкевіч, палітычны лідар заходніх беларусаў і аўтар першай беларускай граматыкі).

Выдаўцом i рэдактарам газеты доўгі час быў землеўласнік з-пад Мінска (фальварак Мігаўка) Аляксандр Уласаў.

Адным з ідэолагаў выдання — мінчук Іван Луцкевіч, стваральнік славутага віленскага Беларускага музея і фундатар шматлікіх палітычных і культурных праектаў.

Побач з ім працаваў ягоны брат, ідэолаг Беларускай сацыялістычнай грамады і прэм'ер-міністр будучай Беларускай Народнай Рэспублікі (БНР) Антон Луцкевіч.

З 1909 г. сакратаром газеты, а ў 1912—1913 гадах фактычным яе рэдактарам стаў гісторык, іншы будучы прэм'ер БНР Вацлаў Ластоўскi.

Антон Луцкевіч, Уласаў, Жылуновіч, Тарашкевіч і Ластоўскі загінуць у савецкіх вязніцах.

З «Нашай Нівай» супрацоўнічаў класік літаратуры Якуб Колас. Вядомыя кожнаму школьніку творцы Максім Багдановіч і Змітрок Бядуля таксама былі адкрытыя менавіта «Нашай Нівай». А нацыянальны паэт Янка Купала ў лютым 1914 г. стаў яе рэдактарам. Ён кiраваў газетай да восенi 1915 г., калі «Наша Ніва» спыніла свой выхад у сувязі з акупацыяй Вільні немцамі і спыненнем нармальнага жыцця ў прыфрантавой Беларусі.

Адстойванне беларускіх інтарэсаў правакавала нападкі з боку каланіяльнае цэнзуры цягам усяго існавання газеты. Нават у арганізаванай у 1907 г. дыскусіі па аграрным пытанні, у тым ліку ў артыкуле «Зямельная справа ў Новай Зеландыі», была знойдзеная «крамола» і «непавага да ўрада». Рэдактара Аляксандра Уласава судзілі, садзілі ў турму. Некалькі разоў наклад газеты канфіскоўвалі, рэдакцыя плаціла штрафы.

Аналагічны ціск газеце прыйдзецца перажыць за аўтарытарным рэжымам Аляксандра Лукашэнкі ў 1990‑я і асабліва 2000‑я гады. У 2006—2008 гадах газета распаўсюджвалася валанцёрамі, бо ўлады забаранілі яе продаж у «Белсаюздруку», крамах і падпіску праз «Белпошту».

Яе зноў не раз судзілі, штрафавалі, КДБ праводзіў ператрусы ў Рэдакцыі і рэдактараў. Галоўны рэдактар «НН» Андрэй Дынько ў 2006 годзе, як некалі Уласаў, таксама прайшоў праз турму.

Нягледзячы на абвінавачанні з боку ўладаў у рэвалюцыйнасці, «Наша Ніва» акурат-такі і ў ХХ ст., і ў ХХІ-м была прынцыпова памяркоўным, прагрэсісцкім выданнем.

Менавіта таму яна і гуртавала пад нацыянальным сцягам чытачоў розных перакананняў. «Наша Ніва» выступала за мірны і паступовы прагрэс праз дэмакратызацыю цэнтральных і мясцовых органаў улады, няспынна нагадвала пра неабходнасць паважаць правы і годнасць чалавека, цаніць культуру і спадчыну.

Культурная адкрытасць «Нашай Нівы» выявілася таксама ў тым, што ад пачатку газета друкавалася двума шрыфтамі — кірыліцай і лацінкай. Так было да кастрычніка 1912 года, калі чытацка-выдавецкі рэферэндум зрабіў выбар на карысць кірыліцы. З 1991 годзе «Наша Ніва» выходзіла класічным правапісам, з 2008 перайшла на школьны правапіс, каб «палепшыць камунікацыю інтэлігенцыі з грамадствам», як пісалася ў рэдакцыйным артыкуле з гэтай нагоды.

Вакол Рэдакцыі газеты ўзнікалі аўтаномныя культурныя і сацыяльныя праекты.

«Наша Ніва» выконвала функцыю каардынацыйнага выдавецкага цэнтра. Асабліва папулярнымі былі штогадовыя «Беларускія календары» — альманахі, у якіх чытачы знаходзілі не толькі звычайныя даведачныя звесткі, але й мастацкія творы. Выдавецтва выпускала таксама асобныя кніжкі, арыгінальныя і перакладныя. У 1912 г. у Вільні пачаў выдавацца сатырычны часопіс «Крапіва», а сельскагаспадарчы аддзел «Нашай Нівы» перарос у самастойны часопіс «Саха», які з канца 1913 г. выдаваўся ў Менску.

Адзін з заснавальнікаў «Нашай Нівы» Іван Луцкевіч пачаў пры Рэдакцыі збор калекцыі для будучага беларускага Нацыянальнага музея. Большая частка яго фондаў цяпер захоўваецца ў Нацыянальным гістарычным музеі Літвы.

Супрацоўнікі газеты дапамагалі станаўленню Першай беларускай тэатральнай трупы Ігната Буйніцкага.

Шмат увагі надавала газета папулярызацыі эканамічных, прававых і аграрных ведаў. Маштаб здзейсненага і зададзеныя імпульсы дазволілі гісторыкам і культуролагам акрэсліць перыяд развіцця беларускай культуры пачатку ХХ ст. як «нашаніўскі», маючы на ўвазе якасныя і колькасныя змены ў станаўленні сучаснай культуры і грамадства.

Першая спроба аднаўлення газеты адбылася ў 1920 г. таксама ў Вільні, дзе 28 кастрычніка выйшаў першы нумар грамадска-палітычнага і літаратурнага штотыднёвіка «Нашай Нівы». У снежні 1920 г. газету зноў забараніла польская вайсковая цэнзура.

Сучаснасць газеты

Распад Савецкага Саюза ды разгортванне руху за незалежнасць Беларусі зрабілі магчымым аднаўленне газеты. «Наша Ніва» зноў пачала выходзіць у маі 1991 году, у Вільні, пад рэдакцыяй Сяргея Дубаўца.

Адноўленае выданне заняло выключнае месца сярод іншых беларускіх перыёдыкаў. «Наша Ніва» адмовілася ад «абарончай стратэгіі», ад самаізаляцыі, уласцівых многіх беларускамоўным выданням савецкае пары. На старонках «Нашай Нівы» значнае месца занялі дыскусіі на ўніверсальныя тэмы, з’явілася вялікая колькасць перакладаў. У цэнтры ўвагі апынулася таксама спадчына Вялікага Княства Літоўскага і мадэль узаемаадносінаў народаў рэгіёна.

У Беларусі ішлі складаныя працэсы будаўніцтва нацыі. Узяла верх аўтарытарная мадэль. Час патрабаваў стварэння паўнавартасных СМІ. Таму ў 1996 г. было прынятае рашэнне пра перанясенне рэдакцыі ў Мінск.

«Наша Ніва» зноў стала ўласна газетаю, якая надае вялікую ўвагу палітычным, сацыяльным і культурным працэсам у Беларусі і свеце.

У 1998 годзе газета дабіваецца сімвалічнае перамогі ў Найвышэйшым гаспадарчым судзе, адстойваючы права выдавацца класічным правапісам.

Ад 2000 году рэдактарства ў «Нашай Ніве» пераймае Андрэй Дынько (галоўны рэдактар у 2000—2006), газета вяртаецца да штотыднёвае перыядычнасці. Адбываецца трансфармацыя «Нашай Нівы» з выдання літаратурна-інтэлектуальнага ў выданне грамадска-палітычна-культурнага характару. Гэты працэс быў паступовым.

Ад 2002 году аб’ём газеты павялічваецца з 12 да 16 старонак штотыднёва, ад 2005 году — да 24-х. На сваім піку тыраж газеты дасягае 8000 асобнікаў.

У 2005 годзе ўлады забараняюць распаўсюд газеты праз «Белпошту» й «Белсаюздрук». Газета выжывае, дзякуючы стварэнню ўласнай сістэмы распаўсюду. Яна пераходзіць у кішэнны фармат і павялічвае колькасць старонак да 48-мі. Пры гэтым наклад газеты змяншаецца да 2200 асобнікаў.

Але газета ператварае праблему ў шанец і бярэ курс на развіццё інтэрнэт-сайта nn.by. Ад 2006 году інтэрнэт-версія «Наша Ніва» эвалюцыянуе ў фармат інтэрнэт-платформы, прыстасоўваючы тэхналогію выдання да эпохі электронных СМІ.

У 2010 годзе сайт «Нашай Нівы» робіцца самым папулярным рэсурсам на беларускай мове і застаецца такім да сённяшняга дня.

З 2006 года да рэдактарства газеты далучаецца Андрэй Скурко (2006—2017). Андрэй Дынько робіцца рэдактарам сайта nn.by. А Алесь Кудрыцкі стварае сэрвіс NNVideo. У 2011 годзе рэдактарам папяровага тыднёвіка робіцца Зміцер Панкавец.

З 2017 года галоўным рэдактарам становіцца Ягор Марціновіч, які перад тым некалькі гадоў запар атрымліваў нацыянальную прэмію за найлепшыя журналісцкія расследаванні.

У 2021 годзе сілавікі разграмілі рэдакцыю «Нашай Нівы». Былі затрыманыя Андрэй Скурко, Андрэй Дынько, Ягор Марціновіч.

Выданне было вымушана аднавіць працу з-за мяжы. Дырэктаркай «Нашай Нівы» стала Настасся Роўда.

«Наша Нiва» — бастыён беларушчыны

ПАДТРЫМАЦЬ

Каментары4

  • 1
    23.11.2025
    Дзякуй, Наша Ніва! ❤️ Жыве Беларусь!
  • нейтралітэт РБ — адзіная лагічная Стратэгія ў нашай геаграфічнай рэчаіснасцi
    23.11.2025
    Віншуем! Дзякуй, Наша Ніва! ⚪🔴⚪Беларусь знаходзіцца паміж НАТА ( які вырабляе каля 60% сусьветнага ВУП) і Маскоўскай імперыяй ( менш за 1%) . З аслабленьнем Маскоўскай імпэрыі праз вайну ва Ўкраіне Крамлю патрэбная бясьпечная мяжа, каб пазьбегнуць прамога сутыкненьня з Захадам. У гэтай сытуацыі нейтральная Беларусь магла б стаць ключавой буфэрнай дзяржавай ў Еўропе , якая гарантуе стабільнасьць і пакой усім суседзям. 3 Прыклады з гісторыі : У 1955 годзе Захад і Бальшавіцкая імпэрыя падпісалі Аўстрыйскую Дамову, праз якую Аўстрыі: «была нададзеная незалежнасьць і адбылося вывад усіх акупацыйных войскаў у абмен на абавязак Аўстрыі да вечнага нейтралітэту». І гэтая дамова дзейнічае нават сёньня, 40 гадоў пасьля краху бальшавіцкай імпэрыі. . Калі бальшавікі акупавалі Манголію, яны маглі яе анэксаваць і «маскоўфікаваць», як яны зрабілі з многімі іншымі дзяржавамі і народамі. Але замест гэтага яны пакінулі Манголію як буфэрную дзяржаву з Кітаем, разумеючы, што гэта для іх найлепшае рашэньне. Гэта зрабіла мяжу з Кітаем удвая карацейшай, і нават сёньня Маскоўская імпэрыя мае добрыя дачыненьні з Манголіяй. Іншы прыклад, Ўругвай,быў створаны ў XIX стагодзьдзі як буфэрная дзяржава паміж Аргентынай і Бразыліяй, у ХХ стагодзьдзі замацаваў сваю ролю нейтральнага пасярэдніка, што дазволіла яму пазьбегнуць рэгіянальных войнаў і ўмацаваць дэмакратыю ды сацыяльную сыстэму. Усе гэтыя прыклады паказваюць, што нейтралітэт РБ — гэта не слабасць, а адзіная лагічная Стратэгія ў нашай геаграфічнай рэчаіснасці . Беларусь можа зрабіцца Аўстрыяй - Ўругваем Усходняй Эўропы. І у практычнай лёгіцы Трампа, які вядомы сваімі міравымі дамовамі і кампрамісамі, гэта адзіны шлях, дзе ўсе бакі перамагаюць: Захад атрымлівае стабільнасьць, Маскоўская імпэрыя— бясьпечную, ПАКОЙНУЮ мяжу, а беларусы — свабоду, дэмакратыю, ПОЎНУЮ НЕЗАЛЕЖНАСЦЬ і дабрабыт.
  • Гиленд
    24.11.2025
    Неплохо,если не врёте. А так — годное чтиво,да.

Цяпер чытаюць

З'явіўся план Еўропы па заканчэнні вайны ва Украіне — поўны тэкст60

З'явіўся план Еўропы па заканчэнні вайны ва Украіне — поўны тэкст

Усе навіны →
Усе навіны

З Беларусі дазваляюць выязджаць толькі тым літоўскім фурам, якія заехалі ў краіну пасля адкрыцця мяжы4

У супермаркеце ў Новай Баравой гадамі жывуць вераб'і3

«Мама, я дома!» — «Як дома?!» Адна з вызваленых украінак — дзяўчына Юлія ВІДЭА2

Еўрапейцы адхілілі план Трампа па Украіне ў яго цяперашнім выглядзе7

Вызваленых з няволі ўкраінцаў сустракаў асабіста Кірыла Буданаў ВІДЭА5

Вызваленая 18‑гадовая палітзняволеная Марыя Місюк14

Манергейм: чалавек, які з расійскага разведчыка ператварыўся ў выратавальніка Фінляндыі ад Расіі32

Вакансія ў «Нашай Ніве»: перакладчык з беларускай на расейскую + карэктар беларускай версіі + мадэратар каментаў31

Манцёр ліній высокага напружання з Пружан расказаў пра пазітыўны вынік пяці гадоў без сэксу24

больш чытаных навін
больш лайканых навін

З'явіўся план Еўропы па заканчэнні вайны ва Украіне — поўны тэкст60

З'явіўся план Еўропы па заканчэнні вайны ва Украіне — поўны тэкст

Галоўнае
Усе навіны →

Заўвага:

 

 

 

 

Закрыць Паведаміць