Бангладэш абагнала Беларусь і стала найбуйнейшым даўжніком Расіі з аб’ёмам запазычанасці $7,84 млрд. На трэцім месцы — Індыя, у першую пяцёрку таксама ўвайшлі Егіпет і В’етнам, піша РБК.

Бангладэш стала найбуйнейшым даўжніком Расіі, змяніўшы на першым месцы шматгадовага лідара — Беларусь. Згодна з дадзенымі Сусветнага банка, якія вывучыў РБК, па стане на канец 2024 года паўднёваазіяцкая дзяржава была вінная Расіі рэкордныя $7,84 млрд.
За год доўг Бангладэш вырас на 19%, на канец 2023 года краіна была вінная Расіі $6,6 млрд. Беларусь заняла другое месца, нягледзячы на тое што за год доўг знізіўся на 1,6%, з $7,75 млрд да $7,62 млрд. На трэцім месцы апынулася Індыя, чые абавязанні за год выраслі на 19%, з $4,1 млрд да $4,9 млрд. У пяцёрку традыцыйна ўвайшлі Егіпет, чый доўг перад Расіяй павялічыўся на 24%, з $3,3 млрд да $4,1 млрд, а таксама В’етнам, чый аб’ём запазычанасці за год не змяніўся, застаўшыся на ўзроўні $1,4 млрд.
Мінфін Расіі не раскрывае дадзеныя па канкрэтных краінах-даўжніках. Банк Расіі апошні раз публікаваў інфармацыю аб запазычанасці нерэзідэнтаў перад расійскімі органамі дзяржаўнага кіравання па стане на 1 студзеня 2022 года — яна ацэньвалася тады прыкладна ў $49 млрд.
Знешні доўг Расіі па стане на 1 кастрычніка 2025 года склаў $305 млрд.
Каментары