Легендарны гімнаст Іван Іванкоў нечакана з'явіўся ў Мінску пасля доўгіх гадоў у ЗША і засумаваў па «вялікасці СССР»
Адзін з самых тытулаваных беларускіх гімнастаў мінулага, 50‑гадовы Іван Іванкоў нечакана аб’явіўся ў Мінску. Спартсмен упершыню за доўгі час паказаўся публіцы і правёў трэніроўку для юных гімнастаў у сваёй былой школе. А заадно паразважаў пра слаўную мінуўшчыну і бягучы палітычны момант, піша «Трыбуна».

У інтэрв’ю для «Стоп-кадра» Іванкоў хутка перайшоў да настальгіі па «вялікіх часах СССР»:
«Мы былі наперадзе ўсіх на 30 гадоў. Пасля траўмы мне давялося прадстаўляць гонар вялізнай краіны СССР. Гэта было вельмі адказна і пры гэтым крута. Нас на самай справе баяліся ўсе ў свеце — гонар дзяржавы было выпусціць нельга. Прыязджаючы туды, усе былі гатовыя на 200%».

Асобным блокам былі скаргі на нейтральны статус беларускіх спартсменаў. Іванкоў назваў гэта «прыніжэннем» і ўпэўнены, што міжнародныя федэрацыі проста «ставяць палкі ў колы». Пра тое, пасля якіх падзей Беларусі давялося пачаць выступаць у такім статусе, ён не згадаў ніводным словам.
Пра сучасную гімнастыку Іван Іванкоў выказаўся так:
«Вядома, нам цяпер няпроста. Амаль усё неабходна адраджаць. Трэба падрыхтаваць людзей, якія змаглі б паказаць пераможны вынік. Магчыма, нам патрэбны досвед папярэдніх трэнераў. Веру, што нам удасца выйсці на годны ўзровень. Можа, не адразу гэта адбудзецца, але адбудзецца».
Пасля завяршэння кар’еры ў 32 гады і пяці аперацый на ахіле Іванкоў выехаў у ЗША. Там ён працуе на пасадзе галоўнага трэнера гімнастычнага клуба ў Х’юстане, дзе займаюцца дзеці ад 6 да 17 гадоў.

Каментары