Ці не зашмат «засталічаная» Беларусь? Сяргей Навумчык дыскутуе з Адамам Глобусам
Днямі з'явілася меркаванне пісьменніка і мастака Адама Глобуса пра «сталічнасць» і «правінцыйнасць». Тэма ў нас практычна не закранаецца — і тым цікавей пачуць развагі ад аднаго з найбольш яскравых прадстаўнікоў «гарадской прозы» (магчыма, нават аднаго з яе пачынальнікаў). Але чытаць з цікавасцю — зусім не азначае згоду з усім, што прачытаў, піша журналіст і былы дэпутат Вярхоўнага Савета 12‑га склікання Сяргей Навумчык.

Вось Адам Глобус кажа, што Менск імгненна зрывае пыху з правінцыяла, як толькі той спускаецца ў метро, дзе ўсе роўныя. Назіранне, магчыма, слушнае. Бяда толькі ў тым, што найбольш пыхлівыя правінцыялы не ездзяць у метро — як і найбольш пыхлівыя «сталічнікі».
Я шмат разоў чуў ад віцяблянаў ці гарадзенцаў пра пыхліўства менчукоў — і вось цяпер чытаю ў Глобуса пра пыхліўства правінцыялаў.
Перакананы, што чалавечыя якасці не залежаць ад месца жыхарства. Роўна як і не залежаць яны ад роду заняткаў ці таго, што прынята называць сацыяльным статусам.
У маім досведзе якраз адваротныя прыклады — са студэнцкіх гадоў ніколі не адчуваў «сталічнай ганарлівасці» ў Вінцука Вячоркі, Сяргея Дубаўца ці Алеся Сушы, бацькі якіх займалі высокія пасады — і бачыў яе ў некаторых іншых менчукоў, дзяцей «звычайных» бацькоў. Цяжка сказаць, што тут уплывае — характар, выхаванне, інтэлект ці нешта іншае, ці ўсё разам.
Адам Глобус кажа пра неабходнасць узмацнення «сталічнасці» — а на маё перакананне, праблема якраз адваротная. Мы бачым празмерную «засталічанасць», «замянчанінасць» краіны.
Тэма гэта комплексная, пачатак, напэўна, ідзе з 1930-х, калі была выразаная пад корань ці не ўся палітычная, творчая ды навуковая эліта. Варта ўзгадаць масавы пераезд з рэгіёнаў (пераважна з вёсак) у Менск у 1950— 60‑я гады на будаўніцтва прамысловых гігантаў, ды і новыя капіталістычныя адносіны (хай і ў варыянце «рынкавага сацыялізму») надалі працэсу дынамізму.
Сёння Менск сканцэнтраваў на сабе практычна 100% уплыву ва ўсіх сферах жыцця.
Гэта — анамалія, якую заўважаў нават Лукашэнка (ці не адзінае, у чым я з ім пагаджуся). Іншая справа, што яна якраз частка мадэлі ягонай персаналісцкай улады, і ён не зацікаўлены ў пераменах.
У дэмакратычных краінах такой канцэнтрацыі няма.
Разумею, цяпер ЗША ў якасці прыкладу дэмакратыі прыводзіць нямодна, але тым не менш. Шмат якія агульнаамерыканскія дзяржаўныя органы ЗША размешчаныя не ў Вашынгтоне, а ў іншых гарадах (гэта добра ведаюць эмігранты, якім даводзіцца звяртацца туды па розныя дакументы).
Штаб-кватэры большасці вядучых амерыканскіх СМІ — не ў Вашынгтоне. Рэдакцыя Los Angeles Times, аўтарытэтнай не менш за The Washington Post, зусім не ў сталіцы, і не ў Лос-Анджэлесе нават, а ў гарадку Эль-Сэгунда, аж 17 тысяч насельніцтва (менш за Крычаў; журфакаўскі жарт «Мяне размяркуюць у «Крычаў Сайнс Манітор» — ад The Christian Science Monitor — не такі ўжо і жарт… Дарэчы, рэдакцыя CSM — у Бостане).
У Вашынгтоне няма кінастудый, роўных тым, што месцяцца ў Каліфорніі, няма тэатра, роўнага Guthrie Theater у Мінеапалісе, а бостанскія ўніверсітэты перакрываюць нават не амерыканскія, а сусветныя рэйтынгі. Для параўнання: ведаю, што ў 1970—90 гады ў пяці абласных цэнтрах Беларусі жылі толькі некалькі акадэмікаў, ва ўсякім разе, у Віцебску дзесяцігоддзямі жыў толькі адзін, член-карэспандэнт — але потым і ён з’ехаў у Менск.
І гэта я не ўзгадваю тое, што ёсць у Нью-Ёрку…
Палітычнае рассталічванне
У Чэхіі Канстытуцыйны суд месціцца не ў сталіцы, а ў Брне — за 200 км ад Прагі. Ехаць са сталіцы на аўто — дзве гадзіны (гэта па трасе, а яшчэ выбрацца з праскага трафіку!).
Наколькі разумнае такое рашэнне, сведчыць якраз паралель з Беларуссю. Як распавядалі мне некаторыя былыя члены Канстытуцыйнага суда, у 1996 годзе лёс звароту дэпутатаў аб імпічменце Лукашэнкі вырашыўся літаральна ці не за гадзіну — у межах якой пасланец Лукашэнкі прайшоў колькі сотняў метраў ад будынку адміністрацыі да будынку КС, пагутарыў з яго старшынём Ціхіняй, потым старшыня наведаў адміністрацыю, а вярнуўшыся ў свой кабінет, абвясціў пра скасаванне разгляду пытання аб імпічменце. Месцазнаходжанне КС у Віцебску, напрыклад, магло б сарваць падобную аперацыю. Я, вядома, утрырую, але сэнс, мяркую, зразумелы.
Пэўнае «рассталічванне», ва ўсякім разе ў палітычнай сферы, у нас пачалося ў пачатку 90‑х гадоў. Калі раней у БССР палітыкам «рэспубліканскага» маштабу лічыліся тыя, хто ўзначальваў ЦК і Саўмін (і адпаведна жыў у Менску), дык першыя адносна дэмакратычныя выбары літаральна цягам некалькіх месяцаў зрабілі Галіну Сямдзянаву з Наваградка, Лявона Баршчэўскага з Наваполацка, Алеся Шута з Лагойска, Мікалая Крыжаноўскага з Жодзіна палітыкамі агульнанацыянальнага маштабу (што праўда — і Аляксандра Лукашэнку са Шклова). Знішчэнне парламентызму ізноў «зацэнтралізавала» палітычнае жыццё, і ў гэтым сэнсе вылучэнне Аляксандра Мілінкевіча з Горадні было спробай зламаць «засталічванне».
Без «рускага міра»
Калі ж глядзець глыбей, то праблема не ў плоскасці супрацьпастаўлення «сталіца — правінцыя», а супрацьстаяння «беларускасць — русский мир».
Скажам, звычайна для актора ці спевака лічыцца пажаданым перабрацца ў сталіцу (бо ў ёй лепшыя тэатры, найбольшыя канцэртныя пляцоўкі звычайна ў сталіцы, плюс кінастудыі і г.д.). І Менск, і Талін, і Масква — сталіцы. Але для эстонскага спевака пераезд у Маскву — нонсэнс, гэтак пытанне нават не ставіцца. Для значнай жа колькасці менскіх актораў, асабліва маладога пакалення, «пакарыць Маскву» — мара. Тут шмат прычынаў, але ўсё ў рэшце рэшт завязваецца на ўзроўні нацыянальнай свядомасці. Талінец набудзе найперш кніжку на эстонскай мове, пойдзе на канцэрт эстонскага спевака.
Пачалося гэта, зноў жа, не сёння, фармавалася дзесяцігоддзямі і спалучалася з тым жа самым высмоктваннем у Менск. Вёска як носьбіт беларускай мовы знікала, а галоўнай умовай адаптацыі новых сталічных жыхароў была абавязковая адмова ад роднай мовы. Калі не яны самі, дык іх дзеці цалкам пераходзілі на «правільную мову». Тычылася гэта ўсіх без выключэння сфераў, у тым ліку і творцаў, і нават пісьменнікаў (у гэтым сэнсе сам Адам Глобус — шчаслівае выключэнне з прыкрай традыцыі).
На вялікі жаль, на 35‑м годзе незалежнасці Менск усё яшчэ для значнай часткі яго жыхароў застаецца шмат у чым правінцыйным горадам, на перыферыі расейскага культурнага, адукацыйнага, навуковага поля (пра палітычны, эканамічны і вайсковы аспект ужо не ўзгадваю). Сітуацыю істотна пагоршыла вымушаная эміграцыя вялікай колькасці творчай (і не толькі творчай) інтэлігенцыі.
Новыя «арыстакраты»
Адам Глобус кажа пра «арыстакратычнасць», прывязваючы яе да «сталічнасці» (ва ўсякім разе, я зразумеў гэтак). Не ведаю, што ён укладае ў паняцце арыстакратызму — у класічным разуменні арыстакратыя ў Беларусі была знішчаная шмат дзесяцігоддзяў таму, саслоўнага дзялення няма.
Але калі б яна цяпер з’явілася… «Герцагіня Качанава», «барон Гігін», «граф дэ Карпянкоў» — як вам?
Насамрэч, не да смеху. Новая арыстакратыя (зразумела, з папраўкай на сучасныя рэаліі) ужо практычна сфармаваная, і гэта зусім не тыя, каго прынята далучаць да нацыянальнай эліты.
Дзясяткі і дзясяткі набліжаных да Лукашэнкі сем’яў маюць актывы на дзясяткі, а то і сотні мільёнаў долараў кожны. Большасць з іх, вядома, канцэнтруецца ў Менску. Іх нашчадкі ў пакаленнях, пры жаданні, могуць ужо не працаваць і ўсё роўна заставацца ў вышэйшым слоі грамадства (што, уласна, і адбываецца з арыстакратыяй у яе традыцыйным класічным разуменні).
І давайце не цешыць сябе ілюзіямі: нават пры змене ўлады на дэмакратычную асноўная частка гэтай «новай сталічнай арыстакратыі» свае капіталы і сваю маёмасць захавае. Не ўсе, канешне, але — большасць з іх.
А гэта — у тым ліку і палітычны ўплыў праз валоданне СМІ, лабіраванне ды іншыя механізмы, якія цалкам сабе легальна дзейнічаюць і ў краінах з устойлівай дэмакратыяй і вяршэнствам права.
І праблема не ў тым, што гэта будуць былыя паплечнікі Лукашэнкі ці, калі хочаце, калабаранты з рэжымам. Яны ўжо цяпер апалагеты «русского мира», і ў лепшым выпадку трансфармуюцца ў «Без России нам не выжить!» ды «У нас два государственных языка!» Іх фінансавыя магчымасці доўгі час будуць несувымерна большыя, чым актывы нацыянальна арыентаванага бізнэсу (якому яшчэ давядзецца стаць на ногі).
Уплыў гэтай «арыстакратыі» выразна прарасейскага накірунку будзе адчувацца дзесяцігоддзямі. Прычым, паўтаруся, праз дэмакратычныя механізмы.
Пра «палескую аўтаномію»
«Наша Ніва» надрукавала таксама і выказванні Адама Глобуса пра ідэю так званай палескай аўтаноміі, папулярную ў канцы 80‑х гадоў.
Тэма вымагае сур’ёзнага аналізу, але абмяжуюся кароткай рэтраспекцыяй.
Ідэя «палескай адметнасці», якая ўзнікла ў канцы 80‑х у межах беларускага дэмакратычнага руху (некаторыя яе прыхільнікі спрычыніліся да ўтварэння «Мартыралогу» і БНФ), даволі хутка трансфармавалася ў варожую для беларускай незалежнасці плынь.
Больш дакладна — ёй актыўна дапамаглі трансфармавацца. Была ўтвораная структура, якая ўвайшла ў створанае ў альтэрнатыву БНФ «Народное движение Беларуси» (НДБ) на чале з супрацоўнікам Саўміна Сяргеем Гайдукевічам (тым самым, які потым узначаліць мясцовых «жырыноўцаў», а потым будзе спойлерам Лукашэнкі на «выбарах»).
НДБ ставіла сваёй мэтай інкарпарацыю Беларусі ў склад Расеі, у 1993 годзе стварала ілюзію «народнай падтрымкі» ідэі далучэння Беларусі да сістэмы АДКБ, кантраляванай расейскім Генштабам. Нагадаю, што ўвесну 1993 года менавіта дэпутат Лукашэнка «прабіваў» пытанне аб АДКБ у парадак дня сесіі ВС, чым, перакананы, і звярнуў увагу пэўных структураў у Маскве (а магчыма — зацікавіў яшчэ раней, а на сесіі ўжо адпрацоўваў тую ўвагу).
Як заявіў мне тады адзін з лідараў ідэі «палескай аўтаноміі», які адмовіўся са мной размаўляць па-беларуску (хаця мову ведаў добра), «Мы вам устроим события почище Карабаха».
Вось жа, не атрымалася.
Каментары
Спадар Навумчык не правільна гэта разумее. Чалавек, у якога сільна правінцыйнасць/ вясковасць, лічыць што каштоўнасць яго меркаванні адносна напрыклад эканомі аднолькавае з прафесарам эканомікі, ці паспяховым магнатам.
А вось чалавек, с рысамі арыстакратызму/ сталічнасці, лічыць , што каштоўнасць прафесара, ці магната значна вышэйшая за чарговага грамадзяніна. І гэта працуе ў розных напрамках, у мастацтве, у эканаміке, у навуке, у сэрвісах.
[Зрэдагавана]
Дзякуй за аналітыку, за Беларускіх мысляроў, не жадаем узкага міра, не цікава, не наша