«Упершыню чую Дзяніса па-руску». Папулярны беларускамоўны аўтаблогер даў інтэрв’ю на рускай мове. Каментатары задалі шмат пытанняў
Моўнае пытанне ў каментарах абмяркоўваюць гэтак жа актыўна, як саму тэму відэа.

Беларус Дзяніс Майтак — папулярны беларускі аўтаблогер. Хлопец добра цяміць у тэхнічнай частцы, таму апроч стандартнага рамонту рухавікоў займаецца іх дапрацоўкай, робіць іх больш магутнымі.
Агулам мужчына мае ўжо больш за 10 гадоў досведу працы з аўтамабільнымі рухавікамі, а апошнія некалькі гадоў актыўна вядзе блог у інстаграм. Цяпер у Дзяніса больш за 16 тысяч падпісчыкаў. Пры гэтым усе свае відэа ён робіць на сакавітай беларускай мове.
Нядаўна з ім выйшла інтэрв'ю на av.by — відэа было прысвечана паслузе, якую блогер пачаў аказваць з мінулага года. Дзяніс, апроч рамонту і ўдасканальвання аўто, стаў займацца падборам спажываных рухавікоў.
Паколькі аўдыторыя блогера прызвычаілася да таго, што ўвесь ягоны кантэнт выключна на беларускай, пад відэа па-руску з'явілася шмат каментароў, якія тычацца не зместу выпуску, а мовы.
Многія адзначаюць, што ніколі не чулі, каб мужчына размаўляў па-руску, таму для іх гэта нязвыкла.
«Вельмі нязвыкла бачыць Дзяніса, які размаўляе на рускай», — адзначае адзін з гледачоў.
«Шкада, што тут Дзяніс гаворыць па-руску. Мяркую, што большасць ягоных падпісчыкаў, убачыўшы выпуск з ім, спадзяваліся, што ён і тут будзе размаўляць на той жа мове, на якой вядзе свой блог», — гучыць адзін з самых упадабаных каментароў пад відэа.
Пад відэа таксама шмат каментароў тыпу: «Дзе беларуская мова, Дзяніс?», «Мова лепей», «Чаму не па-беларуску?».
«Здзіўлены яго слухаць на рускай мове, прывык яго блог на беларускай мове слухаць», «Мне аднаму рэзала вушы гаворка Дзяніса на рускай?» — гучаць іншыя каментары, напісаныя ў арыгінале на рускай.

«Вельмі шкада, што гэты выпуск не зрабілі на беларускай мове. Лайк Дзянісу за вусы!» — адзначае глядач.
Яшчэ адзін напісаў: «Лайк за канцоўку ад Дзяніса», — дзякуючы за тое, што развітаўся з аўдыторыяй блогер па-беларуску, прамовіўшы: «Будзьце добрыя адзін да аднаго і да новых сустрэч».
Пад публікацыяй у інстаграме блогера наогул амаль усе каментары тычацца менавіта мовы, а не зместу.
«Неяк незвычайна гучыць Дзяніс, калі размаўляе не па-беларуску», «Упершыню чую Дзяніса на рускай».
Апроч аўтамабільнай тэматыкі, хлопца цікавяць вандроўкі па Беларусі, у якія ён ездзіць на немаладым мікрааўтобусе Mitsubishi, у які паставіў дызельны 3‑літровы рухавік з аўтаматычнай каробкай ад BMW.
Доўгія відэа з вандровак ён выкладвае ў свам ютуб-канале.
Каментары