Мінск, Варшава, Вільня — параўноўваем, дзе прасцей купіць кватэру чалавеку з сярэдняй зарплатай
Прааналізавалі, жыхару якой са сталіц з сярэднім заробкам прасцей набыць уласнае жытло.

Мінск
Згодна з апошнімі данымі (па стане на лістапад 2025 года), сярэдняя зарплата ў Мінску склала 3060 рублёў на рукі, ці каля 1050 даляраў па тагачасным курсе.
Квадрат у Мінску напрыканцы 2025 года ў сярэднім каштаваў па 2084 даляры па прапановах. У верасні па рэальных здзелках было па $1900 за метр. У выніку сярэднестатыстычны мінчук на зарплату можа набыць сабе каля 0,53 метра сярэднестатыстычнага жытла.
То-бок на куплю кватэры плошчай 50 квадратаў спатрэбіцца каля 94 сярэдніх мінскіх зарплат — давядзецца збіраць грошы трошкі менш за восем гадоў, калі не траціць іх ні на што.
Варшава
Сярэдняя зарплата ў Варшаве за лістапад — 7 687 злотых на рукі. Гэта каля 2060 даляраў.
Сярэдні кошт метра ў польскай сталіцы складае каля 16 350 злотых на падставе рэальных здзелак. Атрымліваецца, што сярэднестатыстычны варшавянін на зарплату можа набыць сабе 0,47 метра сярэднестатыстычнага жытла.
Такім чынам, на куплю кватэры ў Варшаве плошчай 50 квадратаў спатрэбіцца каля 106 сярэдніх варшаўскіх зарплат — амаль дзевяць гадоў працы.
Вільня
Сярэдні заробак у Вільні па выніках трэцяга квартала 2025 года (больш свежых даных пакуль няма) складаў 1660 еўра на рукі.
Сярэдні кошт метра ў Вільні набліжаецца да 3 250 еўра. Атрымліваецца, што на адну сярэднестатыстычную зарплату можна набыць 0,51 метра сярэднестатыстычнага жытла.
На куплю кватэры ў Вільні плошчай 50 квадратаў спатрэбіцца каля 98 сярэдніх зарплат па горадзе — трошкі больш за восем гадоў.

Атрымліваецца, што за адну сярэднюю сталічную зарплату больш за ўсё метраў можна набыць у Мінску, а менш за ўсё — у Варшаве.
А што з даступнасцю крэдытаў?
У Варшаве і Вільні крэдыты на жыллё больш даступныя, чым у Мінску. Ніжэй прыведзены стаўкі без якіх-небудзь льготных праграм.
Найменшыя стаўкі па крэдытах у Літве. Там іпатэчны крэдыт цяпер можна ўзяць пад 4,6—5,6%.
У Польшчы, якая, у адрозненне ад Літвы, не ў еўразоне, стаўкі па іпатэцы крыху вышэйшыя — каля 6,1—7%.
У Беларусі ж стаўкі па крэдытах непараўнальна высокія і знаходзяцца ў межах 16—18%.
Атрымліваецца, што калі не звяртацца да крэдытных грошай, то найбольш даступнае жытло ў Мінску, а калі браць іпатэку, то прасцей жыхарам Вільні.
Варшава ў сваю чаргу прайграе Вільні як па даступнасці адносна сярэдняга заробку па горадзе, так і па працэнтных стаўках па крэдыце.
«Наша Нiва» — бастыён беларушчыны
ПАДТРЫМАЦЬ
Каментары
Кхх цьфу