Праз канфлікт з экс-сяброўкай і менеджаркай спявачка Лера Яскевіч будзе вымушаная выдаліць усе свае песні
Лера Яскевіч расказала фанатам, што пасля 16 лютага яе песні перастануць быць даступнымі на ўсіх музычных пляцоўках — яна выдаліць іх самастойна. Прычынай таму стаў канфлікт спявачкі з яе экс-менеджаркай і ў мінулым найлепшай сяброўкай Ганнай Навіцкай.

«Калі я толькі пачынала выпускаць трэкі, Аня сказала што іх патрэбна зарэгістраваць у Нацыянальным цэнтры інтэлектуальнай уласнасці. І каб усё заробленае паміж намі дзялілася 50 на 50 (так было з грашыма за выступы, рэкламу ў блозе, карпаратывы і г. д.). Яна [Ганна] была аформленая як аўтар ва ўсіх песнях, нават там, дзе па факце аўтарам не з'яўлялася. Тады я лічыла гэта справядлівым і не ведала, што ў будучыні гэта будзе выкарыстоўвацца супраць мяне, што гэта сапраўды нясе такую юрыдычную важнасць (так, я сама вінаватая, я ведаю)», — пракаментавала спявачка.
Лера Яскевіч пазнаёмілася з Ганнай Навіцкай, калі ёй было 17 гадоў. Навіцкая дапамагла Яскевіч паступіць у Беларускі дзяржаўны ўніверсітэт культуры і мастацтваў, звазіла на ўкраінскі Х-Фактар, менеджарыла яе і была найлепшай сяброўкай — дзяўчаты нават здымалі разам кватэру. Сяброўства і супрацоўніцтва хапіла на 10 гадоў, пасля яно дало расколіну — Навіцкая займаецца ў Беларусі новым праектам — гуртом «Барысаўскі тракт», а Яскевіч жыве ў вымушанай эміграцыі ў Польшчы, разбіраючыся з наступствамі ранейшай даверлівасці.
«Многія свае рашэнні я прымала з улікам нашага сяброўства, таму што я была чалавекам, якому быў патрэбны сябра. Нашы адносіны не былі аформленыя дакументальна, таму многія працоўныя рэчы рабіліся па сяброўстве, што і паўплывала на тое, што мы маем цяпер».
Спявачка таксама расказала, што ўсімі спосабамі намагалася зрабіць так, каб захаваць свае трэкі на музычных пляцоўках. Таксама яна спрабавала адшукаць кампраміс з Навіцкай, які б задаволіў абодва бакі, але нічога з гэтага не выйшла.
«Таму я прыняла рашэнне выдаліць усе свае трэкі, каб вызваліцца ад залежнасці ад гэтага чалавека. Проста сцерці гэта ўсё і пачаць наноў. Мне не трэба чужых грошай, чужых песень. Мне патрэбная мая свабода і незалежнасць. Спадзяюся, вы зможаце прыняць маё рашэнне», — падсумавала яна.
Сама Ганна Навіцкая на гэты момант канфлікт не каментуе, у тым ліку не адказвае на пытанні журналістаў.
У будучыні Яскевіч зможа аднавіць выключна песні з апошняга альбома «Тады. Цяпер. Пасля», выпушчаныя ў 2024 годзе, і ўсё, што выходзіла пазней.
Каментары