У Запарожскай вобласці расіяне ўдарылі па школе, дзе раздавалі гуманітарку. Загінулі як мінімум 24 чалавекі
Расійскія войскі нанеслі авіяўдары па пасёлку Камышаваха ў Запарожскай вобласці Украіны. Спачатку прэзідэнт Украіны Уладзімір Зяленскі паведаміў, што загінулі 18 чалавек, а пяцёра атрымалі раненні. Але колькасць ахвяр працягвае расці.

Паводле слоў Зяленскага, бомбы трапілі ў будынак школы, які выкарыстоўваўся для гуманітарных патрэб. Там мясцовым жыхарам рэгулярна раздавалі гуманітарную дапамогу.
Зяленскі заявіў, што пасля першага ўдару авіябомбамі былі скінутыя яшчэ дзевяць бомбаў — непасрэдна па сховішчы, дзе знаходзіліся людзі.

Украінскі прэзідэнт адзначыў, што расійскія вайскоўцы не маглі не ведаць пра тое, што жыхары Камышавахі, якія засталіся ў пасёлку, кожны тыдзень атрымлівалі гуманітарную дапамогу менавіта ў гэтым месцы. На яго думку, напад сведчыць пра адсутнасць у Расіі намеру да дэскалацыі і сапраўднага ўрэгулявання.
Зяленскі таксама нагадаў пра нядаўнюю гуманітарную аперацыю ў Алешках і заявіў, што пасля яе з’явіўся шанец на далейшыя крокі да міру. Аднак, паводле яго слоў, забойствы мірных жыхароў пасылаюць цалкам супрацьлеглы сігнал.

Мясцовыя ўлады паведамілі, што пасля ўдару яшчэ 27 чалавек лічацца зніклымі без вестак.
Пасля Дзяржаўная служба надзвычайных сітуацый Украіны заявіла, што сярод загінулых ужо 24 чалавекі, сярод якіх двое ратавальнікаў і чацвёра паліцэйскіх. Разбор завалаў працягваецца.
Каментары