На наступным тыдні будзе няўстойлівае надвор'е з маразамі і снегам
Сіноптык Дзмітрый Рабаў у эфіры АНТ папярэдзіў жыхароў Беларусі, што на працягу тыдня з 16 да 22 лютага надвор’е будзе няўстойлівым, з маразамі і снегам.

У панядзелак, 16 лютага, чакаецца ўзмацненне маразоў праз уплыў халоднага антыцыклону, цэнтр якога паступова перамяшчаецца з поўначы Еўропы. На паўднёва-ўсходняй частцы краіны магчымы невялікі снег, а на дарогах — галалёд. Начная тэмпература будзе ад -10 да -17°С, у Віцебскай вобласці пры праясненнях — да -22°С, а дзённая — ад -6°С у Брэсцкай да -13°С у Віцебскай вобласці.
У аўторак, 17 лютага, ападкаў будзе мала, але магчымы туман з бачнасцю да 500 метраў, шэрань і галалёд. Тэмпература ноччу — ад -9 да -16°С, удзень — ад 0°С у Брэсцкай да -13°С у Віцебскай вобласці. Вецер будзе ўсходні ці паўночна-ўсходні, умераны.
У сераду праз Беларусь пройдзе вільготны атмасферны фронт з заходняй Еўропы з невялікім снегам. Тэмпература ноччу — ад -1°С на паўднёвым захадзе да -13°С на паўночным усходзе; удзень — ад -7°С у Віцебску да -2°С у Брэсце.
У чацвер надвор’е будзе пад уплывам атмасферных франтоў з паўднёва-заходняй Еўропы: пройдуць ападкі, месцамі туман, слабая галалёдзіца, на дарогах — галалёд. Вецер — паўднёвы, умераны, месцамі парывісты. Тэмпература ноччу — ад -7 да -13°С, удзень — ад -1°С у Брэсцкай да -8°С на паўночным усходзе Віцебскай вобласці.
Пятніца, 20 лютага, будзе падобнай: ападкі па ўсёй тэрыторыі, найбольш — у Брэсцкай і Гомельскай абласцях. Вецер паўночна-ўсходні, халодны. Начная тэмпература — ад -3°С на паўднёвым захадзе да -11°С на паўночным усходзе, дзённая — ад +1°С у Гомелі да -8°С у Віцебску.
Выхадныя, 21—22 лютага, таксама пройдуць пад уплывам атмасферных франтоў: у суботу — снег, у нядзелю — магчымы мокры снег. Начная тэмпература ў суботу — ад 0°С на паўднёвым усходзе да -7°С на паўночным захадзе, дзённая — ад -3°С да -8°С; у нядзелю ноччу — ад -2 да -8°С, дзённая — каля 0°С па большай частцы краіны.
Каментары