Першыя сярод іншаземцаў на ўкраінскім фронце — калумбійцы. Чаму менавіта яны?
На вуліцах Украіны гэтая сцэна ўжо стала звыклай. Група дзяцей бегае вакол салдата, выкрыкваючы: «Героям слава!» Сярод усхваляваных галасоў вылучаецца адзін: «Гэй, Калумбія!» Гаворка ідзе пра байца з пазыўным «Ахоўнік». Малады калумбіец, які за ўласныя сродкі прыехаў ва Украіну і цяпер вучыцца кіраваць дронамі. «Мне было балюча бачыць пакуты ўкраінцаў, — прызнаецца ён журналісту Бі-бі-сі Марка Перэйру. — Мы тут, каб дапамагаць маленькай краіне, на якую напала звышдзяржава… Гэта ўжо стала асабістай справай».

Салдаты з Калумбіі становяцца ўсё больш заўважнай сілай ад пачатку поўнамаштабнага ўварвання Расіі ва Украіну ў 2022 годзе.
Паводле ацэнак, іх на фронце каля 7 тысяч — больш, чым з любой іншай замежнай краіны.
На люты 2025 года загінулі прыкладна 55 тысяч украінскіх вайскоўцаў, каля 400 тысяч атрымалі раненні, паведаміў прэзідэнт Уладзімір Зяленскі. Таму дапамога калумбійцаў — важная.
Асабліва заўважны іх унёсак у сталіцы, адзначае Марка Перэйра. На Майдане Незалежнасці ў Кіеве з’явіўся імправізаваны мемарыял загінулым салдатам з Калумбіі. Фатаграфіі ў рамках. Маленькія сцяжкі.
«Сярод мора жоўтага і сіняга ўзвышаецца велізарны калумбійскі трыкалор, дадаючы кроплю чырвонага, — заўважае Перэйра. — Пад ім — усмешлівыя партрэты калумбійцаў, якія аддалі жыццё за Украіну».
Журналіст паразмаўляў з некалькімі байцамі. Яны расказалі пра сваю матывацыю, досвед і велізарныя рызыкі, з якімі сутыкаюцца штодня.
Праверка агнём
На адной з вайсковых баз гучыць разнастайнасць калумбійскіх акцэнтаў — людзі прыехалі з розных рэгіёнаў краіны. На іспанскай мове размаўляюць так шмат, што нават рэкрутынг вядзе калумбіец, сяржант Луіс Орціс.
«За чатыры месяцы сюды прыехалі каля 1200 чалавек», — расказаў ён Бі-бі-сі.

Вайсковую кар'еру Орціс пачаў яшчэ ў 16 гадоў у Медэльіне. Ва Украіну прыехаў летам 2023-га. Спярша ён думаў, што гэта проста праца. Але хутка зразумеў: вайна тут зусім іншая.
«Тут ваюеш супраць Расіі, — кажа Орціс. — А гэта не селянін з чатырма аўтаматамі. Не. Тут вайна з вялікай дзяржавай».
Яго першая ноч на фронце пакінула глыбокі след.
«Баі былі з чацвёртай да сёмай раніцы… Калі ўпершыню зайшоў у траншэю, вельмі трэсліся калені. І гэта працягвалася да дзявятай раніцы. Я нічога не мог зрабіць».

Калумбіец кажа, што ў першыя дні на фронце адчуваў сябе «самым маленькім чалавекам на планеце». Хлопцы са ўзвода не разумелі, навошта ён тут.
«Усё змянілася падчас першага штурму, першай аперацыі, якую мы правялі разам», — узгадвае Орціс.
У баі пад Аўдзееўкай ён атрымаў сур'ёзныя раненні і страціў некалькіх суайчыннікаў са свайго батальёна.
«Ударная хваля зламала мне калена. Нас было дзесяць калумбійцаў — а засталіся толькі трое».

Рызыкі рэкрутынгу
Сёння Луіс Орціс працуе з навічкамі і дапамагае ім пазбягаць памылак.
«Шмат хто прыязджае дэзынфармаваным, — тлумачыць ён. — Ім кажуць: «Ідзіце проста ў батальён», але насамрэч рэгістрацыя займае 20 дзён. Калі яны трапляюць у брыгаду, выправіць нешта бывае позна».
Памылкі часта прыводзяць да нявыплачаных заробкаў або праблем з кампенсацыямі для сем'яў загінулых. Прыклад — удава Эдвіна з Медэльіна. Яе муж загінуў ва Украіне, спрабуючы даць сям'і лепшыя магчымасці. Месяцы бюракратычных перашкод і дарагая паездка ў Кіеў амаль не далі выніку. Цела мужа не знайшлі, і фармальна ён заставаўся «жывым» для дзяржавы.
«Таму разам з камандаваннем у Кіеве мы стараемся, каб кожнага замежнага салдата накіроўвалі толькі ў адзін цэнтралізаваны батальён. Так можна пазбегнуць праблем з заробкамі», — тлумачыць Орціс.
Чаму яны ваююць
Для большасці калумбійцаў заробак — важны фактар. Адзін месяц службы ва Украіне роўны году ў Калумбіі. Але грошы — не галоўная прычына.

Арабэ, малады калумбіец, які страціў нагу, тлумачыць: «Не толькі за грошы гэта робіцца. Пад абстрэлам заробак не суцяшае. Каб выжыць тут, трэба адчуваць прыналежнасць, эмпатыю».

28‑гадовы Абель, які таксама страціў нагу, дадае:
«Мы ваюем не дзеля задавальнення. Мы абараняем краіну, якую знішчаюць па капрызе аднаго чалавека. Чаму так мала людзей у свеце падтрымліваюць Украіну?»
Спярша яго прыцягваў заробак, але цяпер удзел у вайне — пытанне абавязку. Пасля дзевяці гадоў вайсковай службы ў Калумбіі і змены ўлады Абель шукаў магчымасці за мяжой і ўступіў у Замежны легіён Францыі. Менавіта там ён даведаўся пра службу ва Украіне.
«Калі я быў у Францыі, шмат хто — нават з Легіёна — ехаў сюды, — узгадвае ён. — Чулі, што плацяць крыху больш, чым у Францыі. Калі я паехаў, за мной выправіліся яшчэ недзе 14 чалавек».
Попыт на калумбійцаў
Калумбійскія салдаты карыстаюцца вялікім попытам за мяжой. Армія Калумбіі — адна з самых моцных у Лацінскай Амерыцы, а падрыхтоўка адпавядае стандартам НАТА.

«Калумбійскія салдаты не саступаюць вайскоўцам НАТА, — адзначае аналітык Элізабет Дзікісан. — І што самае важнае, яны падтрымліваюць шчыльныя сувязі з ЗША і іншымі краінамі НАТА, якія забяспечваюць ім падрыхтоўку, абсталяванне і магчымасць праводзіць аперацыі на ўзроўні, якога не сустрэць у гэтым рэгіёне», — дадае яна.
З улікам адноснай слабасці калумбійскага песа іх можна наняць па цэнах, якія адпавядаюць украінскаму бюджэту. Гэта робіць іх надзвычай каштоўнымі спецыялістамі для Украіны.

Акрамя таго, калумбійская армія патрабуе, каб яе салдаты ішлі на пенсію ў 40 гадоў — што занадта рана для многіх, хто ўмее ваяваць і хоча быць карысным. Гэта прывяло да з'яўлення сеткі пасярэднікаў, якія шукаюць калумбійскім салдатам працу за мяжой.
«Шмат хто становіцца ахоўнікам у Дубаі, але некаторыя кампаніі адпраўлялі калумбійцаў у зоны баявых дзеяў супраць іх волі, напрыклад у Судан», — тлумачыць Дзікісан.
Каб засцерагчы іх ад рызык, нядаўна ў Калумбіі прынялі закон, які забараняе вайскоўцам служыць за мяжой без належнага нагляду.
Раны вайны і жыццё пасля фронту
Арабэ распавядае, як страціў нагу на фронце ва Украіне. Гаворыць спакойна — нібы ўзгадвае не пра выбух, а пра нешта штодзённае.
«У траншэі нас атакавалі дроны-камікадзэ. Адзін прабіў перакрыцце, іншы — выбуховым асколкам ударыў па назе. Кроў лілася ракой, турнікеты не дапамагалі».
Калі яго вывезлі, выратаваць нагу ўжо было немагчыма.

Ён кажа, што прыехаў ва Украіну не дзеля грошай — хацеў служыць і быць карысным.
«Вайсковае жыццё заўсёды мяне вабіла. Калі аказваешся тут і бачыш рэальнасць — людзей, якія абдымаюць цябе, плачуць ад удзячнасці за тое, што ты побач… Тут усё па-сапраўднаму жорстка. І тое, што я раблю, — гэта мой унёсак».
На акне яго пакоя вісіць калумбійскі сцяг з надпісам «Крык незалежнасці» — у гонар падзей 1810 года, якія паклалі пачатак вызваленчай барацьбе ў Лацінскай Амерыцы супраць іспанскай кароны.

Пасля прыняцця новага закона аб грамадзянстве Украіны замежныя вайскоўцы змогуць афіцыйна заставацца ў краіне. Арабэ ўжо задумваецца пра будучыню.
«Тут я адчуваю сябе добра. Людзі ўмеюць даць табе гэта адчуць. Гэта добрыя, высакародныя людзі».
Ён гаворыць спакойна, без пафасу:
«Думаю, я застаўся б тут жыць і далей неяк дапамагаў бы, быў бы карысным. Урэшце, я быў гатовы аддаць сваё жыццё за гэтую краіну».
Адключэнне «Старлінкаў»: як гэта паўплывала на ўкраінскую і расійскую арміі
Украінка са Славянска перапахавала мужа, каб яго магіла не апынулася пад акупацыяй
Каліноўцы выпусцілі фільм з сапраўднымі кадрамі падрыхтоўкі да штурму
Вясковец з-пад Бабруйска імітаваў сваю смерць, каб не плаціць пазыкі, а пасля загінуў на вайне за Расію
Каментары