Грамадства66

Як прайшла першая творчая сустрэча з Максімам Знакам

Паслухаць таленавітага юрыста і былога палітзняволенага прыйшоў і паэт Уладзімір Някляеў.

Максім Знак і Таццяна Нядбай, мадэратарка сустрэчы. Скрыншот трансляцыі: BellitInternational / YouTube

Бліжэй да пачатку сённяшняй сустрэчы з Максімам Знакам у невялічкай залі варшаўскага Музея Вольнай Беларусі становіцца цеснавата. Яшчэ за паўгадзіны да выступу людзі пачынаюць паволі падцягвацца. Сярод гасцей можна заўважыць паэта Уладзіміра Някляева і былую палітзняволеную, ранейшую галоўную рэдактарку Tut.by Марыну Золатаву.

У межах Міжнароднага паэтычнага фестывалю «Вершы на асфальце» памяці Міхася Стральцова (13‑15 лютага) у польскую сталіцу з’ехаліся выдаўцы, кнігараспаўсюднікі, музыкі, але перадусім — паэты і перакладчыкі, якія прэзентуюць плён сваёй працы за мінулы год.

Пры ўваходзе — стол з кнігамі і партрэт выдаўца Рамана Цымберава, які памёр 10 лютага ў Мінску ад наступстваў інсульту. Побач — кветкі. У гэтай дэталі — нешта вельмі невыпадковае: літаратура тут не толькі пра вялікія сэнсы, але і пра супольнасць.

Калі Максім Знак выходзіць да мікрафона, ён, пасля многіх дзён у камеры, жартаўліва прызнаецца:

«Я люблю камерную атмасферу. Не разлічваў, што тут будзе так многа людзей».

Гэта першая творчая сустрэча з ім пасля вызвалення.

У зале згадваюць традыцыю пустых крэслаў. Пустое месца ў першым радзе і крэслы з фотаздымкамі палітзняволеных журналістаў, пісьменнікаў, якія стаяць побач з выступоўцамі — як знак тых, хто не можа быць тут. «Асобнае пустое месца — гэта не чалавек, гэта забраныя рукапісы», — кажа Таццяна Нядбай, старшыня Беларускага ПЭНа.

Максім Знак гаворыць спакойна, з лёгкай іроніяй. Жартуе, што адзіны тэкст, які змог вынесці — цюбік зубной пасты. Іншыя рукапісы адабралі. За час зняволення ён падрыхтаваў 22 кніжныя праекты, 18 завершаных.

«Проста ўявіце: ёсць тры гады — і тры гады няма што рабіць. Пяць тысяч старонак. І ў кожную клетачку кожнага аркуша нешта напісана».

«Зэкамерон» Максіма Знака, зборнік яго турэмнай творчасці, быў выдадзены, пакуль юрыст яшчэ знаходзіўся за кратамі

Тэксты з’яўляліся ў галаве — і адразу клаліся на паперу. Быў нават мюзікл, рукапіс якога ён адправіў, не будучы ўпэўненым, што той калі-небудзь дойдзе, але ён дайшоў.

Перад тым як пачаць кнігу, Знак маляваў графікі, таймлайны, складаў пазлы з кавалкаў тэксту. Але ёсць і іншы літаратурны прынцып, якім спрабаваў карыстацца Максім:

«Можаш не пісаць — не пішы. Мне здаецца, што я ўсё ж не магу».

Вершы з такіх месцаў — гэта сублімацыя. Яны рэдка бываюць светлымі, тлумачыць Знак.

«Чым складанейшая сітуацыя, тым больш атрымліваюцца вершы. Калі разумееш, што ўсё, што ў цябе было ў жыцці, дагэтуль з табой і ніхто гэтага не забярэ, — гэта вельмі цешыць».

За час у зняволенні юрыст паспеў прачытаць 1596 кніг.

Ён згадваў і іншыя гісторыі. Пра зняволенага гадоў з пяцідзесяці, які плакаў і крычаў «Мама, забяры мяне», пра музыку, якую ўключалі на невыноснай гучнасці.

У адказ на пытанне Нядбай пра сваё вызваленне іранізуе:

«Адкуль я ведаю, з якім статусам мяне вызвалілі? Мо, я збег? Я прачытаў у інтэрнэце, што гэта памілаванне. Але нават даведку аб тым, што мяне вызвалілі, не далі, як і пашпарт».

На волі, кажа Знак, час паскорыўся. Думаў, будзе адразу аднаўляць па памяці рукапісы, але пакуль заняты прыемнымі сустрэчамі з людзьмі. З рукапісаў за два месяцы ён паспеў аднавіць толькі адзін.

Да 2020‑га Максім спяваў і пісаў песні для душы. Упершыню ж без гітары пачаў пісаць песні ў ШІЗА. Напрыканцы выступу ён выконвае слухачам аўтарскую, напісаную ў турме песню «Андалузка», а пасля — «Yesterday» The Beatles ва ўласным беларускім перакладзе.

Яго вызвалілі і дэпартавалі каля двух месяцаў таму. І вось цяпер ён сядзіць пасярод залі ў Варшаве — перад людзьмі, якія, як і ён, былі вымушаныя пакінуць сваю краіну. У гэтай прасторы — без турэмных камер, без нагляду — ён зноў чытае вершы і спявае песні. І зала слухае так, быццам кожнае слова — доказ таго, што галоўнае ў чалавека забраць усё ж немагчыма.

Каментары6

  • Адчуваю павагу
    14.02.2026
    Годны, моцны, адукаваны беларус!
  • ноа
    14.02.2026
    Павага спадару Знаку!
  • Rubicon
    14.02.2026
    Ані відэа сустрэчы , ані мікрафонау́ , ані вады на сталах , ані Нацыянальнага Сьцяга й Гэрба .

Цяпер чытаюць

«Пасля першага забойства з ім развялася жонка». Што вядома пра шматдзетнага Сяргея са Столінскага раёна, які пасля вызвалення з калоніі забіў трох чалавек3

«Пасля першага забойства з ім развялася жонка». Што вядома пра шматдзетнага Сяргея са Столінскага раёна, які пасля вызвалення з калоніі забіў трох чалавек

Усе навіны →
Усе навіны

На сядзібе Рэйтанаў у Грушаўцы хочуць зрабіць парк з альпакамі, дамы і банкетную залу ў стайні

«Гаспадар проста пайшоў». У Мінску дзіця пакусаў сабака, дзяўчынцы ніхто не дапамог13

«Хлопцы паднеслі мае сумкі — і тут жа паехалі ў ШІЗА». Бабарыка расказаў, як яму стваралі ў турме невыносныя ўмовы11

«Узрушвае падтрымка беларусаў». Былы палітвязень Дзмітрый Кучук, які прасіў дапамогі, набыў бус і з’язджае з прытулку

Стуб і Сцёрэ даведаліся ад Пуціна, што ён хоча ўвесь Данбас8

Сетка Fix Price запусціла першы размеркавальны цэнтр у Беларусі

«Вялізнае пачуццё віны, але не за тое, што біла сына». Былыя палітзняволеныя расказалі, як сядзіць жанчына, асуджаная за забойства дзіцяці3

У Віцебску адкрыюць найбуйнейшы ў Беларусі зарадны хаб для электрамабіляў

Украінка расказала, як таксіст-беларус у Гданьску пагражаў выцягнуць яе сілай з машыны, бо яна адмовілася размаўляць па-руску81

больш чытаных навін
больш лайканых навін

«Пасля першага забойства з ім развялася жонка». Што вядома пра шматдзетнага Сяргея са Столінскага раёна, які пасля вызвалення з калоніі забіў трох чалавек3

«Пасля першага забойства з ім развялася жонка». Што вядома пра шматдзетнага Сяргея са Столінскага раёна, які пасля вызвалення з калоніі забіў трох чалавек

Галоўнае
Усе навіны →

Заўвага:

 

 

 

 

Закрыць Паведаміць