Ганна Златкоўская і яе сям'я больш за суткі правялі ў венскім аэрапорце. Ці заплацяць ім кампенсацыю?
Снег паралізаваў вылеты з Вены. Давялося вяртацца ў Вільню з аб'ездам праз Варшаву.

Калумністка і асабістая памочніца дэмакратычнай лідаркі Святланы Ціханоўскай Ганна Златкоўская разам з мужам і сынам паехала на некалькі дзён у Вену на канікулы. Але вяртанне дадому ў Вільню атрымалася значна больш прыгодніцкім, чым планавалася: у сваім фэйсбуку яна апісала, як праз снегапад і масавыя адмены рэйсаў сям’я затрымалася ў венскім аэрапорце больш за суткі. Падарожжа назад у выніку ператварылася ў ноч на жорсткіх аэрапортных лаўках і імправізаваны маршрут праз Варшаву.
«Ночыць у венскім аэрапорце на жорсткіх лаўках — выканана. Гэта быў цікавы досвед», — піша Ганна Златкоўская.
Паводле яе слоў, рэйс Вена — Вільня павінен быў вылятаць у 13:15, але яго праз снегапад перанеслі на вечар — 21:15.
«Мы расстроіліся. Пакуль не ўбачылі табло, на якім не было нічога, акрамя чырвонага надпісу «адменена». Добра, нам яшчэ пашанцавала, мы выдыхнулі і пайшлі шукаць ежу на ваўчары ў чатыры еўра, якія нам выдалі. Мы купілі халодныя бутэрброды і колу. Наперадзе было яшчэ восем гадзін чакання», — распавядае Ганна.
Але праз нейкі час іх рэйс проста знік з табло.
«Ryanair маўчаў. Потым даслаў паведамленне: прабачце, адменена. І вось тут пачалася паніка», — піша Златкоўская.
Паводле яе, першымі ў гэтай сітуацыі адгукнуліся сябры: «Людзі адразу пачалі пісаць, тэлефанаваць і расказваць, што рабіць. Як жа прыемна ведаць, што ў крызіснай сітуацыі ў цябе ёсць тыя, хто дапаможа».
Хтосьці шукаў аўтобусы і цягнікі, хтосьці дасылаў спасылкі на сайты, дзе можна падаць заяўку на вяртанне грошай, хтосьці проста падтрымліваў.
«Увогуле, ухуталі падтрымкай, але я яшчэ пражывала стадыю адмаўлення. Яна хутка змянілася стадыяй гневу», — прызнаецца аўтарка.
У выніку сям’я вырашыла не чакаць і купіла новыя білеты на самалёт у Варшаву, на 6 гадзін раніцы: «Квіткі ў Вільню былі толькі ў нядзелю вечарам і зусім па іншай цане. Ні такіх грошай, ні жадання начаваць два дні ў аэрапорце ў нас не было».
Чэргі раззлаваных з-за адмены рэйсаў людзей да стойкі авіякампаніі, паводле яе аповеду, былі «кіламетры на тры». Муж Ганны вярнуўся адтуль з навінамі:
«Ryanair не дае купонаў ні на гатэль, ні на ежу і вяртае грошы за білеты толькі на наступны дзень. А тыя не пакрываюць кошт новых квіткоў на самалёт».
Тады яны вырашылі прыняць сітуацыю: «Значыць, мы ўсё зрабілі правільна».
Наперадзе была ноч у аэрапорце, крамы ўжо зачыніліся, а з ежы ў іх былі толькі чыпсы і кола. У калідоры аэрапорта неўзабаве засталіся толькі яны адны: «Мы ссунулі лаўкі, зрабіўшы сабе ўтульны куток. Я ж казала, што з тых людзей, якія зробяць утульнасць нават у кардоннай скрынцы».
Ганна апісвае, як гучалі колцы чамаданаў у цішыні начнога аэрапорта: «Яны ствараюць такі прыемны шум, быццам едуць цягнікі або механічна хвалюецца мора». Самы ціхі час, паводле яе, «недзе паміж другой з паловай і трэцяй ночы», калі ў калідорах «ні шолаху, ні гуку (не лічачы храпу і сапення трох беларусаў, якія спяць на жорсткіх лаўках)».
Раніцай рэйс у Варшаву ўсё ж адбыўся. Там беларусы правялі некалькі гадзін у сяброў, а пасля вярнуліся ў Вільню аўтобусам. Цяпер яны паспрабуюць вярнуць грошы за білеты на аўтобус «проста дзеля цікавасці».
«Мы дома. Спалі ў сваіх ложках — і божа, якое гэта шчасце! Іншых высноў, уласна, больш няма. Ах так, Вена цудоўная!» — так завяршае свой аповед Ганна Златкоўская.
Ці могуць пасажыры атрымаць кампенсацыю
У ЕС дзейнічае рэгламент №261/2004, паводле якога пасажыры маюць права на фіксаваную кампенсацыю (для кароткіх рэйсаў гэта звычайна каля 250 еўра на чалавека незалежна ад рэальнай цаны білета), калі рэйс адменены. Гэтае права не дзейнічае ў выпадку «надзвычайных абставін», у тым ліку моцнага снегападу ці закрыцця аэрапорта праз надвор’е.
Трэба разбірацца — магчыма, Ганна Златкоўская ўсё ж атрымае права на кампенсацыю. Калі астатнія авіякампаніі аднавілі палёты пасля снегападу, а толькі Ryanair увогуле адмяніў рэйс, то прыкрыцца надвор'ем будзе складана.
Але нават калі надвор’е прызнаюць форс-мажорам, частку выдаткаў усё ж можна паспрабаваць кампенсаваць. Пасажыры ўсё роўна маюць права на вяртанне грошай за білеты і перабраніраванне, а ў асобных выпадках — на пакрыццё часткі дадатковых выдаткаў. Таму падаць заяўку на вяртанне сродкаў у любым выпадку варта.
Каментары
https://www.flightright.com/landing-page/ryanair-compensation
[Зрэдагавана]
Дзякуй, дарагія, і разам да канца!