Затрыманаму ў Польшчы за шпіянаж грамадзяніну Беларусі 42 гады. Пра гэта паведаміў на брыфінгу прэс-сакратар міністра-каардынатара спецслужбаў Яцэк Дабжынскі, піша Reform.news.

Сёння раніцай Агенцтва ўнутранай бяспекі (ABW) і Нацыянальная пракуратура Польшчы праінфармавалі пра затрыманне 9 лютага грамадзяніна Беларусі Паўла Т.
Яму прад'яўлена абвінавачанне ў шпіянажы на карысць беларускай ваеннай разведкі. Ён арыштаваны судом на тры месяцы.
«Супрацоўнікі Агенцтва ўнутранай бяспекі затрымалі 42‑гадовага беларуса. Аказалася, што беларус з'яўляецца тыповым сучасным шпіёнам. Ён шпіёніў у Польшчы, а таксама ў Літве і Германіі. Гэты арышт стаў магчымым дзякуючы супрацоўніцтву польскіх спецслужбаў, а менавіта Агенцтва ўнутранай бяспекі, а таксама Літвы і Германіі, што надзвычай важна. Абмен інфармацыяй, вопытам і ведамі па дадзеным пытанні прывёў да арышту гэтага 42‑гадовага беларуса ў Польшчы, у Варшаве. Высветлілася, што ён збіраў інфармацыю пра важныя і стратэгічныя месцы ў Польшчы, Літве і Германіі. Ён апрацоўваў, запісваў і перадаваў яе сваім кіраўнікам у Беларусі і Расіі. У апошні час расійскія і беларускія спецслужбы сталі вельмі актыўнымі, і для эфектыўнай барацьбы з імі вельмі важны абмен інфармацыяй паміж спецслужбамі», — сказаў Дабжынскі.
Паводле яго слоў, у ABW ужо ёсць 92 падазраваныя ў шпіянажы і сабатажы. Гэта грамадзяне Расіі, Беларусі, Украіны і Польшчы.
Каментары