У Мінадукацыі расказалі, калі і як пройдуць выпускныя вечары ў школах
Наконт правядзення выпускных Мінадукацыі стварыла метадычкі і адправіла ў школы.

У школах выпускныя вечары пройдуць 12 чэрвеня. Пра гэта паведаміў начальнік галоўнага ўпраўлення ідэалагічнай, выхаваўчай працы і маладзёжнай палітыкі Міністэрства адукацыі Віктар Доўнар, піша sb.by.
Да правядзення свята падрыхтаваны метадычныя рэкамендацыі, расказаў Доўнар. У іх пазначаны падыходы да арганізацыі выпускных вечароў — ад сцэнарных рашэнняў да ўсіх неабходных арганізацыйных пытанняў.
— Асноўнай пляцоўкай для правядзення выпускных традыцыйна стануць школы. Разам з тым, калі магчымасці ўстановы абмежаваныя, напрыклад з-за вялікай колькасці выпускнікоў ці асаблівасцей забудовы, мерапрыемства можа быць перанесена ў сацыякультурныя ўстановы. Гаворка ідзе пра тэатры, кінатэатры, дамы культуры і цэнтры творчасці. Такое рашэнне прымаецца па ўзгадненні з мясцовымі выканаўчымі органамі, — удакладніў Віктар Доўнар.
У Міністэрстве адукацыі падкрэсліваюць, што выпускны вечар застаецца перш за ўсё святам для дзяцей. У яго праграме прадугледжаны ўрачыстая частка і традыцыйны забаўляльны блок — дыскатэка, конкурсы і іншыя актыўнасці.
Таксама ў межах свята можа праводзіцца сустрэча світанку — як сімвал уступлення выпускнікоў у дарослае жыццё.
— Захоўваецца і тэндэнцыя правядзення адзіных выпускных у межах раёна ці горада. У мінулым годзе такі фармат быў упершыню апрабаваны ў Заводскім раёне Мінска, а ў гэтым годзе плануецца правядзенне агульнагарадскіх мерапрыемстваў па раёнах сталіцы. Маштабныя гарадскія выпускныя праходзяць і ў рэгіёнах, — сказаў Доўнар.
У 2026 годзе школы заканчваюць 58 884 адзінаццацікласнікі.
Каментары