Культура11

Калі ў 1979‑м «Каласы пад сярпом тваім» выйшлі па-руску накладам 100 тысяч асобнікаў, імі гандлявалі мінскія таксісты. Настолькі папулярны быў Караткевіч

12 сакавіка ў Цэнтры беларускай салідарнасці ў Варшаве прэзентавалі першае замежнае выданне рамана Уладзіміра Караткевіча «Каласы пад сярпом тваім», якое пабачыла свет у выдавецтве фонду «Kamunikat.org». У прэзентацыі бралі ўдзел кіраўнік фонду Яраслаў Іванюк, пісьменнік Уладзімір Арлоў, а таксама філолаг і былы палітвязень Аляксандр Фядута. «Белсат» пабываў на імпрэзе.

«Я кірую фондам «Kamunikat.org», той самай арганізацыяй, якую 3 сакавіка КДБ і рэжым Лукашэнкі прызналі, як і іншых выдаўцоў, «экстрэмісцкім фармаваннем», прыдумляючы нейкую «кааліцыю выдавецтваў», якой не было і няма ў прыродзе. Гэта фэйк, які закінуў КДБ, каб людзям, якіх яны арыштавалі некалькі тыдняў таму, прышыць крымінальныя справы. Гэта вельмі і вельмі сумна. Але мы не здаёмся, мы надалей будзем займацца тым, чым займаліся, — выдаваць кнігі і пашыраць бібліятэку», — казаў на пачатку сустрэчы заснавальнік фонду «Kamunikat.org» Яраслаў Іванюк.

«Відаць, у КДБ Беларусі сапраўды ёсць ячэйка, якая займаецца палітычнымі анекдотамі і прыдумляе такія вось абсурдныя сітуацыі», — дадаў Іванюк, згадаўшы таксама сітуацыю з кнігай Дароты Міхалюк «Беларуская Народная Рэспубліка 1918—1920 гг.»: гэтая кніга раней трапіла ў спіс выданняў, змест якіх нібыта «можа прычыніць шкоду нацыянальным інтарэсам РБ».

«На тых сталах ляжыць зброя «экстрэмізму» па-беларуску»

Славуты раман Уладзіміра Караткевіча «Каласы пад сярпом тваім», які выйшаў у выдавецтве фонду «Kamunikat.org», — першае замежнае выданне гэтага твору. Па словах Яраслава Іванюка, ідэя выдаць раман у Польшчы з'явілася ў 2023 годзе, калі гэты твор прыбралі ў Беларусі са школьнай праграмы.

Выдавец прызнаўся, што вельмі хацеў, каб кніга зʼявілася да 95‑й гадавіны з дня народзінаў Караткевіча, якая прыпала на 2025 год, але не ўдалося. Хаця, як зазначае Іванюк, яе аддалі ў друк акурат у дзень народзінаў пісьменніка — 26 лістапада. Кніга пабачыла свет у 2026 годзе.

Яраслаў Іванюк

«Кніга, якую мы выдалі, — гэта кніга без цэнзарскіх правак. Адзначу, што «Каласы пад сярпом тваім» ужо выходзілі без цэнзуры ў Беларусі — у выдавецтве «Попурри» і ў 25‑томным выданні Караткевіча («Мастацкая літаратура», 2014). Але мы звярнуліся да Валянціны Андрэевай, якая ў свой час пісала дысертацыю пра гэты раман, а цяпер таксама кіруе «экстрэмісцкім фармаваннем» — выдавецтвам «Гутэнберг». Звярнуліся (Валянціна Андрэева працавала таксама над тэкстам выдання 2014 года. — Рэд.), каб яна дапамагла падрыхтаваць такі тэкст, які, умоўна кажучы, хацеў бы надрукаваць сам Караткевіч», — расказваў Яраслаў Іванюк.

Паводле Іванюка, у выданні 2026 года няма нічога такога, чаго не было ў тэксце раману з 25-тамовіка. З той толькі розніцай, што некаторыя словы і моўныя формы ў выданні 2014 года былі некананічныя. У новым выданні рамана ўпершыню, як сцвярджае Іванюк, вяртаюцца словы «беларус», «маскаль», «Прыдняпроўе» ды іншыя, якія ўжываў Караткевіч.

Выдавец кажа, што Валянціна Андрэева здолела аднавіць версію рамана, бліжэйшую да аўтарскага бачання.

Яраслаў Іванюк адзначыў таксама выдатную працу мастака і дызайнера Артура Вакарава, які падрыхтаваў вокладку да выдання.

«Каласы пад сярпом тваім» — не першая кніга з пазнакай «без цэнзуры», якую выдае «Kamunikat.org». У 2024 годзе фонд выдаў кнігу Васіля Быкава, у якую ўвайшлі аповесці «Мёртвым не баліць» і «Ліквідацыя» (аўтарская назва аповесці «Сотнікаў») без цэнзурных купюр. Усяго з 2021 года «Камунікат» выдаў больш за 70 кніжак беларускіх аўтараў.

«Калі ласка, на тых сталах ляжыць зброя «экстрэмізму» па-беларуску. Набывайце сабе!» — заахвочваў прысутных купляць кніжкі выдавецтва Яраслаў Іванюк.

Уладзімір Арлоў: Караткевіч вярнуў нам герояў

Пісьменнік Уладзімір Арлоў казаў падчас сустрэчы пра велізарнае значэнне Уладзіміра Караткевіча для беларускай культуры і пра тое, які моцны ўплыў асабіста на яго як на аўтара і пісьменніка мела творчасць Караткевіча.

Беларуская гісторыя да Караткевіча, разважаў Арлоў, была «гісторыяй без герояў, дзе дзейнічалі шэрыя безаблічныя масы, у якіх не было іншых клопатаў, як толькі змагацца за ўз'яднанне з брацкім рускім народам».

«Уладзімір Караткевіч вярнуў нам герояў», — сцвердзіў Уладзімір Арлоў.

«Насуперак гэтай убогай гісторыі, якая магла выхаваць не патрыятызм, а толькі комплекс нацыянальнай непаўнавартаснасці, да нас прыйшоў Караткевіч. І гэта было акно ў свет зусім іншай гісторыі, якой можна было ганарыцца. І гэта была гісторыя са сваімі героямі і славутымі перамогамі. Якое шчасце было даведацца з кніг Караткевіча і ягонай бліскучай эсэістыкі, што, напрыклад, нашыя гарады жылі паводле Магдэбургскага права, што ў нас была эпоха Рэнесансу, што на нашых землях існавала рыцарства…» — працягваў Уладзімір Арлоў.

Пісьменнік дзяліўся ўспамінамі са студэнцкіх гадоў, калі ў 1974 годзе амаль увесь курс гістфаку БДУ збег з лекцыяў, каб заняць чаргу ў «Цэнтральнай кнігарні», дзе ў той дзень павінен быў зʼявіцца ў продажы зборнік Уладзіміра Караткевіча «З вякоў мінулых».

«Чарга была доўгая, але вельмі цывілізаваная. Калі адчыніліся дзверы, усе ўвайшлі і пачалі набываць па некалькі экзэмпляраў гэтай кнігі ў шэра-блакітнай вокладцы. Я помню, прадавачкі проста ашалелі, цягаючы пакункі з кнігамі. Потым хтосьці загадаў: не даваць больш за дзве кнігі ў адны рукі! У маім дзяцінстве так прадавалі хлеб», — успамінаў Уладзімір Арлоў, прыгадаўшы, што ў той самы дзень усе пабачылі «фантасмагарычнае відовішча» — па менскім праспекце ішлі сланы (аказалася — цыркавыя).

У зборніку «З вякоў мінулых» упершыню ў кніжным фармаце друкавалася «Дзікае паляванне караля Стаха». Калі ў 1979 годзе аповесць выйшла па-руску ў часопісе «Нёман» (велізарным накладам — 100 тысяч асобнікаў) — тым часопісам, як кажа Арлоў, гандлявалі менскія таксісты. Не гарэлкай — літаратурай! Настолькі папулярны быў Караткевіч.

«Караткевіч вяртаў нам не проста гісторыю. Ён вяртаў нам несавецкую ідэнтычнасць. Прапаноўваў нам яе, і мы з удзячнасцю яе прымалі. І мы павінны разумець, што без ідэнтычнасці не бывае супраціву. Ён даводзіў нас да моманту ісціны», — казаў Уладзімір Арлоў.

Пісьменнік зазначыў, што імя Уладзіміра Караткевіча недастаткова ўшанаванае ў Беларусі (помнікі пісьменніку стаяць у Віцебску і Кіеве, але няма ў Менску). Аднак найлепшыя помнікі Караткевічу — ягоныя кнігі.

«Галоўны спецыяліст ва ўсіх сферах у Беларусі не раз казаў, звяртаючыся да літаратараў, што ў яго «ўрэмені нет» чытаць кнігі, але ён ведае, што беларускія пісьменнікі «Вайну і мір» не напісалі. Дайце мне «Вайну і мір», маўляў. Ёсць у нас «Вайна і мір»! Гэта «Каласы пад сярпом тваім». І гэтая кніга для нас неймаверна больш важная!» — зазначыў пісьменнік Уладзімір Арлоў.

Фядута: Не веру, што Караткевіч мог дапісаць свой раман

Застаецца пытанне, ці дапісаў Караткевіч трэцюю частку рамана. Паводле версіі Уладзіміра Арлова, якой прытрымліваўся, напрыклад, і Адам Мальдзіс, працяг рамана існаваў і быў выкрадзены з кватэры пісьменніка ў чэрвені 1982 года. Як кажа Уладзімір Арлоў, існуе нават распіска Караткевіча, накіраваная ў выдавецтва «Мастацкая літаратура», у якой пісьменнік абяцае здаць заканчэнне «Каласоў…» да канца снежня 1982 года. Згодна з планам выдавецтва, заключная частка рамана мелася выйсці ў 1984-м.

Філолаг і былы палітвязень Аляксандр Фядута, які ў камеры СІЗА КДБ напісаў кніжку каментароў да «Каласоў пад сярпом тваім», прызнаўся падчас прэзентацыі, што не верыць у існаванне трэцяй часткі рамана.

«Я не веру, што Караткевіч мог дапісаць раман, у якім ягоныя любімыя героі становяцца забойцамі, бо паўстанне — гэта заўжды вайна і забойствы. Так адбывалася», — казаў Аляксандр Фядута, дадаючы, што гэта толькі ягонае меркаванне.

Фядута патлумачыў, што не верыць у існаванне трэцяй часткі «Каласоў…», бо Караткевіч апісваў не гістарычную праўду, а паэтычную — звышпраўду. Седзячы ў менскай «Амерыканцы», Аляксандр Фядута спрабаваў давесці гэта і свайму следчаму, які спачатку абяцаў паспрыяць перадачы рукапісу на волю, а прачытаўшы, не толькі не перадаў, але і не вярнуў аўтару. Знайшоў у тэксце тое, што магло «зашкодзіць дзяржаўным інтарэсам РБ».

Каб вярнуць рукапіс каментароў, Аляксандр Фядута цягам месяца адмаўляўся ў СІЗА прымаць лекі і ледзь не памёр. Тэкст быў выратаваны.

Аляксандр Фядута

Былы палітвязень расказаў таксама, што на напісанне тэксту пра раман Караткевіча яго, яшчэ да турмы, натхніла польская кніга «Лексікон «Лялькі» са шматлікімі каментарамі да галоўнага польскага раману XIX стагоддзя — «Лялькі» Баляслава Пруса. Набыўшы «Лексікон» у Варшаве, Фядута падумаў, што і ў беларусаў ёсць кніга, якая патрабуе для добрага разумення шмат ведаў. Вакол ідэі выдання згуртаваў сваіх сяброў — гісторыкаў і літаратуразнаўцаў, але праект не ажыццявіўся — бракавала часу. У турме ж «гэтага рэсурсу было больш чым дастаткова», заўважыў Аляксандр Фядута.

Прэм'ера кнігі, якую складаюць каментары да раману «Каласы пад сярпом тваім» (50 артыкулаў), адбудзецца, па словах Аляксандра Фядуты, у траўні 2026 года падчас Варшаўскага кніжнага кірмашу.

«Я думаю, гэта будзе вельмі патрэбнае дапаўненне да вось гэтага цудоўнага выдання «Каласоў пад сярпом тваім», — падсумаваў Аляксандр Фядута.

Новае выданне славутага рамана Уладзіміра Караткевіча можна набыць у Варшаве ў кнігарні «Кнігаўка» ці замовіць у краме «Kamunikat.org».

Каментары1

  • не "ўз'яднанне" , а аншлюз , анексія ці акупацыя
    14.03.2026
    "ўз'яднанне з брацкім рускім народам," а дзе двукоссе ? 1) не "рускім" а маскоўскім , 2) не "ўз'яднанне" , а аншлюз , анексія ці акупацыя. Нават Лукашэнка пра гэта казаў , да 2020 калі мог казаць праўду.

Цяпер чытаюць

Пасярод іранскіх бамбёжак Дубая Кірыл Руды перабраўся з Эміратаў у ЗША: «Рады злучаць кантыненты! Не саромейцеся да мяне звяртацца»7

Пасярод іранскіх бамбёжак Дубая Кірыл Руды перабраўся з Эміратаў у ЗША: «Рады злучаць кантыненты! Не саромейцеся да мяне звяртацца»

Усе навіны →
Усе навіны

Бабарыка турэмшчыкам: «У мяне было, цяпер няма, але ёсць шанец, што будзе. А ў вас не было, няма і не будзе. І ў вашых дзяцей не будзе»9

У Будапешце прайшлі масавыя мітынгі Орбана і яго галоўнага суперніка4

У Паўднёвай Карэі бабулям і дзядулям улады плацяць за догляд унукаў па 200 даляраў на месяц

У цэнтры Мінска мужчына хацеў саскочыць з шостага паверха. Псіхолаг змог яго адгаварыць

Ці ўпадуць сёлета цэны на жыллё?5

Памілаванага і дэпартаванага ўкраінца, які два гады быў у калоніі Шклова, мабілізавалі на фронт12

Як цяпер жыве Наталля Хершэ, якую адправілі ў калонію за сарваную з сілавіка балаклаву2

«Камера настолькі крутая, што можна ўбачыць мадэль тэлефона». Кіроўцы расказваюць, як ДАІ адсачыла іх з тэлефонам за стырном8

На вайне загінуў сын расійскага неанацыста Вячаслава Дацыка13

больш чытаных навін
больш лайканых навін

Пасярод іранскіх бамбёжак Дубая Кірыл Руды перабраўся з Эміратаў у ЗША: «Рады злучаць кантыненты! Не саромейцеся да мяне звяртацца»7

Пасярод іранскіх бамбёжак Дубая Кірыл Руды перабраўся з Эміратаў у ЗША: «Рады злучаць кантыненты! Не саромейцеся да мяне звяртацца»

Галоўнае
Усе навіны →

Заўвага:

 

 

 

 

Закрыць Паведаміць