Ежа1616

У Беларусі — бум на рэстараны нацыянальнай кухні і яе новае прачытанне

Апошнім часам у краіне адкрываецца шмат новых кавярняў і рэстаранаў з акцэнтам на беларускую кухню і яе новае прачытанне. Фудблогеры і рэстаратары лічаць, што гэты трэнд толькі ўзмацніцца — з чым гэта звязана?

Вялікі дранік з мартадэлай і фісташкай — 32 рублі. Фота: інстаграм @verasikolas

Доўгі час па беларускія стравы тых, хто прасцейшы, адпраўлялі ў «Васількі». Знаўцы ж накіроўвалі ў старую-добрую «Камяніцу», у якой з 2003 года гатуюць па рэцэптах віленскай кнігі «Літоўская кухарка». Маецца там і мяса па-радзівілаўску, і крывянка па-тураўску.

Калі патрабаваўся больш люксавы ўзровень, раілі наведаць «Ліцвіны» ці «Кухмістр» — у такіх месцах абавязкова б ела ў свой час беларуская шляхта.

За апошнія пару гадоў з'явілася нямала новых кафэ з беларускай кухняй.

Так, у 2024 годзе ў Мінску адкрыўся другі па ліку рэстаран «Бульбашы», на гэты раз у фармаце бровара. У ім робяць стаўкі на розныя рэгіянальныя прадукты і пазначаюць гэта ў меню: «з тураўскім сырам», «з брынзай з Глыбокага», «з браслаўскай рыбай», «з палескімі грыбамі», «з рагачоўскай згушчонкай», «карэ слуцкага аленя» і гэтак далей.

Выразка са слуцкага аленя з марынаваным, печаным гарбузом і соусам з берасцейскай гаргандзолы — 48 рублёў. Фота: інстаграм @bulbashy.minsk

Нядаўна «Бульбашы» трапілі ў топ-10 рэстаранаў краіны (дарэчы, не за гарамі адкрыццё іх трэцяга пункту на праспекце Незалежнасці, 87).

Год таму ў Мінску з’явіўся рэстаран Veras | Kolas, які нечакана заміксаваў у меню італьянскую і беларускую ежу. Рабіць гэта якасна атрымліваецца адразу ў трох супрацоўнікаў-шэфаў — беларускай кухні, славянскай і італьянскай. Тут можна пакаштаваць, напрыклад, дранік з мартадэлай і фісташкай.

Але паколькі тут працуе і славянскі шэф, то без торта «Масква» і «Ленінградскага расольніку» таксама не абышлося.

У тым жа 2025‑м на мапе сталіцы з’явіўся рэстаран «Мары», які пазіцыянуе сябе як месца з «нэатрадыцыйнай высокай беларускай кухняй». Тут сапраўды можна парадаваць рэцэптары незвычайнымі спалучэннямі — напрыклад, цэпелінам са шчупаком, дранікамі з тар-тарам з аленя, калдунамі з шалвеяй і казуляй ці фанданам з жытнёвага хлеба і марозівам з баравікоў, запіўшы ўсё гэта цыбульным квасам.

На здымку — крэм-суп з морквы і батату (22 рублі), салата з квашанай слівай і сырам фета (19 рублёў), калдун з мясам (27 рублёў), штрудзель з карамелізаваным гарбузом (19 рублёў), грушавы квас з міндалём (6 рублёў), морс з журавін ды размарыну (6 рублёў). Фота: інстаграм @maryminsk.rest

У меню ўстанова выкарыстоўвае беларускую мову. А ў самім інтэр’еры шмат адсылак да свайго, роднага сэрцу — палявыя кветкі, выцінанкі, лён.

Год таму на Партызанскім праспекце стартаваў рэстаран беларускай кухні «Белы гусь», які прыцягнуў увагу многіх найперш памылкай у назве (у беларускай мове назоўнік «гусь» заўсёды жаночага роду). У прынцыпе, на назве ўся беларускамоўнасць месца і скончылася.

Фота: інстаграм @bely__gus

На кантрасце з установамі ў цэнтры тут прапануюць больш дэмакратычныя цэны — напрыклад, паўкілаграма мачанкі (з дранікамі ці блінамі) каштуюць 25 рублёў.

У той жа перыяд на месцы бара «Віно рытмы гараджане» на Камсамольскай, 7 паўстала «Дранічная №1», якая больш падобная да бару для рускіх (яшчэ і з савецкім каларытам). Пяць дранікаў там ацэненыя амаль у 20 рублёў.

Дранік-бургер за 25 рублёў. Фота: інстаграм @dranichnaya_1

Зусім нядаўна пачаў сваю працу новы рэстабар беларускай кухні Mova. Знаходзіцца ён у раёне «Мінск-Свету» і прапануе збольшага класіку — розныя віды дранікаў і аўтарскія настойкі.

Сярэдні чэк ва ўстанове — у дыяпазоне 40‑60 рублёў.

Інтэр’ер у рэстабары Mova. Фота: інстаграм: @mova.minsk

Літаральна днямі адкрыўся яшчэ адзін рэстаран са стаўкай на айчыннае пад назвай «Дзякуй» — на Сурганава, 43. У меню розныя дранікі, верашчака, крывянка, кішка бульбяная і іншае. Ёсць беларускамоўнае меню.

Згадваючы рэгіёны, адзначым, што год таму новенькі рэстаран беларускай кухні «Спадчына» запрацаваў у Гомелі. Інстаграм уладальнікі вядуць часам па-беларуску, а вось меню рускамоўнае.

Дранікі тут каштуюць ад 14 да 28 рублёў (у залежнасці ад начынкі). А патэльня з крывянкай абыдзецца ў 24 рублі.

Тым часам у Віцебску хваляцца адкрыццём новага рэстарана з рускай кухняй. У інтэр’еры — рускія народныя казкі і матрошкі.

Варта адзначыць, што афіцыянты ў рэстаранах беларускай кухні не заўсёды гавораць па-беларуску, часам гэта абмяжоўваецца толькі некалькімі словамі вітання.

«Трэнд на беларускую кухню для мяне выглядае цалкам лагічным, ён толькі будзе мацнець», — каментуе шэф-кухар, які папрасіў захаваць яго ананімнасць.

«Гэта, вядома, і стаўка на турыстаў — на тых жа расіян, якія наноў адкрываюць Беларусь ва ўмовах санкцый і цяжкасцяў з доступам да іншых кірункаў вандровак. Але і самі беларусы зараз больш закансерваваныя ўнутры краіны, нехта знаходзіцца ва ўнутранай эміграцыі, і ў такой сітуацыі вяртанне да роднага, да сваіх каранёў — гэта псіхалагічнае ратаванне. І банальна зараз асабліва не паездзіш часта «па еўропах», каб нейкія трэнды падглядзець, то чаму б і не пераасэнсоўваць старыя рэцэпты, тым больш, калі ў нас сапраўды смачная кухня?».

Каментары16

  • Грошы
    18.04.2026
    У людзей, акрамя чынавенства и ментоў, грашэй няма на рэстараны.
  • Не льсти себе, подойди ближе.
    18.04.2026
    В Маацкве рестораны накрывпются - в Минске типа расцветают.
  • Жвір
    18.04.2026
    А мне некалі (у час маладой маладосьці) падабалася ўстанова каля кінатэатра Масква. Беларускамоўная назва, у тым ліку й страваў, "Хуткае харчаваньне". Гэта было накшталт макдоналдса, але з беларускімі стравамі. Яна праіснавала колькі гадоў, нейдзе ад 96-га да 2000, і зьнікла.

    Што да памянёнай тут "Камяніцы", асабіста я больш нікому ня раю яе наведваць. Установа апошнім часам была сапсавалася. Так, стравы беларускай кухні ўключаны ў меню, а вось іх выкананьне проста жудаснае. Разьлік на тое, што наведвальнікі ніколі ня елі тыя стравы й ня ведаюць, якімі яны павінны быць.

    Дазволю сабе меркаваць, што ў выпадку, калі да іх завітае НН, загадзя анансаваўшы візыт, кшталту зрабіць які рэпартаж, ці артыкул ціскануць, дык там пастараюцца, а шараговаму наведвальніку пададуць абы што пад прыгожай назвай.

Цяпер чытаюць

Сталі вядомыя новыя падрабязнасці лютаўскага жорсткага нападу на сям’ю пад Смалявічамі

Сталі вядомыя новыя падрабязнасці лютаўскага жорсткага нападу на сям’ю пад Смалявічамі

Усе навіны →
Усе навіны

У Растоўскай вобласці атакаваны склад Ozon. Пацярпелі сем чалавек2

Навукоўцы выявілі тры суперздольнасці, якія абараняюць кажаноў ад раку

У Мінску хутка знікне яшчэ адзін закутак прыватнага сектара. Тут пабудуюць жыллёвы комплекс8

На станцыі метро «Слуцкі гасцінец» спынілі цягнікі і выклікалі ратавальнікаў

Жыхары аграгарадка пад Гомелем стогнуць ад нашэсця «шалёнага агурка»1

У Тбілісі знайшлі мёртвым абхазскага блогера, які выступаў за прымірэнне з Грузіяй2

Лаўроў заявіў, што Расія хоча вырашыць пытанне вайны ва Украіне «па-пацанску»11

У Беларусі чакаецца павышэнне цэн на муку4

У дваццаці штатах ЗША тысячы людзей атруціліся мексіканскай салатай. Двое насмерць

больш чытаных навін
больш лайканых навін

Сталі вядомыя новыя падрабязнасці лютаўскага жорсткага нападу на сям’ю пад Смалявічамі

Сталі вядомыя новыя падрабязнасці лютаўскага жорсткага нападу на сям’ю пад Смалявічамі

Галоўнае
Усе навіны →

Заўвага:

 

 

 

 

Закрыць Паведаміць