Што расказваюць пра былога палітвязня Рамана Раманава, які памёр у 43 гады
У калоніі ён дапамагаў амаль сляпому Вацлаву Арэшку.

Стала вядома пра смерць 43‑гадовага былога палітвязня Рамана Раманава. Яго арыштавалі ў снежні 2023 года, а праз год асудзілі паводле артыкулаў аб «абразе Лукашэнкі» і «абразе прадстаўніка ўлады» на два гады калоніі. Раман адбываў тэрмін у івацэвіцкай калоніі №22 «Воўчыя норы», а на волю выйшаў у жніўні 2025 года.
Тыя, хто сядзеў разам з ім, успамінаюць яго як спакойнага і добразычлівага чалавека.
«Тое, што з ім здарылася, што яго пасадзілі, Раман успрыняў вельмі годна і спакойна. Разумеючы, што ён ніякі не злачынца. Ніколі не плакаўся, што асуджаны несправядліва. Успрымаў гэта як такі перыяд жыцця, які трэба проста перажыць. І пажадана — з аптымізмам», — кажа «Нашай Ніве» былы палітвязень, які адбываў тэрмін у той жа калоніі.
Ён згадвае, што Раман заўсёды стараўся дапамагаць тым, каму ў калоніі было цяжэй за іншых. У адной секцыі з Раманам жыў палітвязень Вацлаў Арэшка — грамадскі дзеяч і актывіст незалежнага прафсаюза РЭП, асуджаны на восем гадоў калоніі. Арэшку ўжо 71 год, і за час зняволення ён амаль цалкам страціў зрок. Ён фактычна не бачыць і не можа нават самастойна чытаць лісты.
«Раман заўсёды стараўся яму дапамагчы ў побытавых рэчах. Напрыклад, вынесці коўдру на выбіванне — у калоніі гэта трэба рабіць рэгулярна. Арэшка сам ужо амаль не мог гэтага зрабіць, і Раман браў гэта на сябе. І дапамагаў не толькі яму», — згадвае суразмоўца.
Па яго словах, Раман быў чалавекам вельмі простым у зносінах і без усялякага пафасу:
«Ён заўсёды разумеў жарты. Напрыклад, калі жартам казалі што ён хіба з «дому Раманавых», імператарскай сям'і, ён усміхаўся і адказваў: «Ды я з самых простых Раманавых».
Раман скончыў БДУІР. Да арышту ён займаўся сістэмамі аховы і сігналізацыі і працягнуў працаваць у той жа фірме па вызваленні.
«Як я разумеў з ягоных аповедаў, ён не проста нешта ўсталёўваў механічна. Ён праектаваў, прапаноўваў схемы бяспекі, нейкія комплексныя рашэнні. Працы ў яго заўсёды было шмат. Яму давяралі і калегі, і кліенты. Ён ведаў, што без працы ніколі не застанецца», — кажа наш суразмоўца.
На волі пасля выхаду з калоніі Раман пражыў менш за год.
Каментары
Годны чалавек, прайшоў кароткі і годны шлях.
Уладарства нябеснага.
Вельмі чакаем вызвалення Вацлава Міхайлавіча Арэшкі.