У Ваўкавыскім раёне асудзілі жыхара аграгарадка Дубаўцы, які ўласнаручна ледзь не забіў сваю 80‑гадовую маці.
Усё пачалося яшчэ 19 снежня мінулага года. П’яны 44‑гадовы сын запатрабаваў у маці грошы на алкаголь, а калі тая адмовіла, пачаў збіваць сталую жанчыну па галаве, сыплючы абразамі і пагрозамі. На наступны дзень сітуацыя паўтарылася: зноў п’яны скандал, патрабаванне грошай і жорсткае збіццё. Пасля гэтага сын проста сышоў з кватэры, пакінуўшы знявечаную маці ляжаць бездапаможнай на падлозе.
«Вярнуўшыся на наступны дзень, ён знайшоў яе на падлозе на тым жа месцы. Калі жанчына пачала паўзці да стацыянарнага тэлефона для выкліку дапамогі, абвінавачаны ўзяўся рукамі за міжпакаёвыя дзверы і з сілай стаў іх зачыняць, нанёсшы ўдары па назе пацярпелай.
Затым ён абрэзаў канцылярскімі нажніцамі валасы маці, якія стаў запіхваць ёй у рот з патрабаваннем з'есці, пасля чаго нанёс па галаве ўдары гумовым тапкам з драўлянай калодкай», — паведамілі падрабязнасці ў пракуратуры.
Пасля чарговых здзекаў ён зноў знік, пакінуўшы маці ў крытычным стане. 22 снежня ледзь жывую пенсіянерку знайшлі суседзі і выклікалі хуткую. Медыкі выявілі ў жанчыны закрытую ЧМТ, множныя пераломы рэбраў, левай сцегнавой косткі, цялесныя пашкоджанні галавы, тулава, рук і ног.
Суд палічыў такія дзеянні не проста збіццём, а наўмысным прычыненнем цяжкіх калецтваў з асаблівай жорсткасцю і здзекамі.
Вынік — 9 гадоў пазбаўлення волі ў калоніі ўзмоцненага рэжыму. Прысуд не ўступіў у сілу і можа быць абскарджаны.
Каментары