«Мне ўсё роўна за гэта нічога не будзе». У РФ удзельнік «СВА» парэзаў былую дзяўчыну і абліў кіслатой
У Пецярбургу 27‑гадовы ўдзельнік так званай «СВА» напаў на былую дзяўчыну і абліў яе кіслатой за тое, што яна не пагадзілася да яго вярнуцца. Да гэтага ён год пераследваў яе і пагражаў. Звароты ў паліцыю не дапамаглі.

У Санкт-Пецярбургу за замах на забойства затрымалі мясцовага жыхара Сяргея Міхайлава, які нядаўна вярнуўся з вайны супраць Украіны. Мужчыну абвінавачваюць у нападзе на былую дзяўчыну, якую ён пераследаваў і запалохваў год пасля раставання. Пры гэтым дзяўчына неаднаразова звярталася з заявамі ў паліцыю, аднак праваахоўнікі ніяк не адрэагавалі.
Напад адбыўся ў пад'ездзе дома на вуліцы Жалезнаводскай, калі дзяўчына выходзіла з кватэры на працу. Мужчына, які загадзя праверыў яе актуальны адрас з дапамогай дастаўкі кветак, падпільнаваў яе і ўварваўся ў кватэру. Пры сабе ён меў нож, сігнальны пісталет, перцавы балончык і ёмістасць з канцэнтраванай кіслатой.
Падчас нападу хлопец адкрыта заяўляў аб сваёй непакаральнасці. Ён крычаў дзяўчыне: «Мне ўсё адно за гэта нічога не будзе, я вярнуся на СВА».
Міхайлаў нанёс дзяўчыне не менш за пяць удараў нажом, стрэліў ёй у калена з сігнальнай зброі і выліў на галаву кіслату. У гэты момант у памяшканні знаходзілася сяброўка пацярпелай. Яна спрабавала абараніць Настассю, аднак супыніць агрэсара не змагла. Па словах відавочцы, мужчына выстаўляў дзяўчыне абвінавачванні ў здрадзе.
«Свае дзеянні ён апраўдваў тым, што Настасся нібыта здрадзіла яму. Мы абедзве прасілі яго спыніцца і казалі, што гэта няпраўда», — распавяла сяброўка.
Пасля гэтага злачынца збег, але пазней быў затрыманы. Дзяўчына знаходзіцца ў рэанімацыі з цяжкімі хімічнымі апёкамі твару, галавы, шыі і грудзей.
Каментары