У Крамлі пракаментавалі зварот Звягінцава да Пуціна «скончыць ужо гэтую бойню»
Пяскоў заявіў, што ў славутага рэжысёра «няма права голасу».

Прэс-сакратар прэзідэнта РФ Дзмітрый Пяскоў заявіў, што расійскі рэжысёр Андрэй Звягінцаў не мае права заклікаць да спынення вайны Расіі з Украінай. Так Крэмль адрэагаваў на прамову рэжысёра на Канскім кінафестывалі, дзе 23 мая ён атрымаў Гран-пры за свой новы фільм «Мінатаўр».
Са сцэны Звягінцаў звярнуўся да Уладзіміра Пуціна з заклікам: «Скончыце ўжо гэтую бойню. Увесь свет чакае гэтага».
На брыфінгу 25 мая Пяскоў адзначыў, што асабіста ён перадаваць гэтыя словы Пуціну не будзе, і выказаў сумнеў, што гэта зробіць нехта іншы.
Сваю пазіцыю прадстаўнік Крамля патлумачыў так: «Звягінцаў ніколі не асуджаў крывавую бойню, якую ўчыніў кіеўскі рэжым на Данбасе. Пачынаючы з 2014 года, калі пачалася вайна. Вось калі б ён тады гэта рабіў, напэўна, у яго было б права голасу. А зараз у яго такога права няма».
Пяскоў таксама дадаў, што ў Крамлі фільм «Мінатаўр» не глядзелі.
Кінакрытык Антон Долін назваў «Мінатаўр», які атрымаў Гран-пры ў Канах, як першую мастацкую кінастужку, прысвечаную Расіі эпохі «спецыяльнай ваеннай аперацыі».
Каментары
Ты наогул гэты... сінефіл, во.