Прымусовыя аборты і продаж цнатлівасці. Былая гейша расказала пра цёмны бок сваёй працы
Свет японскіх гейш звычайна ўяўляюць як увасабленне старажытных традыцый, вытанчанасці і мастацтва. Але былая вучаніца-гейша Кіёха Кірытака сцвярджае, што за прыгожымі кімано і чайнымі цырымоніямі хаваліся сэксуальныя дамаганні, эксплуатацыя і поўнае падпарадкаванне маладых дзяўчат. З падрабязнасцямі знаёміць The Telegraph.

Увечары ў вузкіх завулках Пантачо — аднаго з пяці традыцыйных кварталаў гейш у былой японскай сталіцы Кіёта — і сёння можна ўбачыць дзяўчат у раскошных кімано і белым грыме, якія хутка спяшаюцца ў «очая» — традыцыйныя чайныя дамы, дзе гейшы забаўляюць гасцей. Драўляныя сандалі гучна стукаюць па камянях, а самі майко — вучаніцы-гейшы — трымаюць галовы апушчанымі, як таго патрабуе традыцыя.
Гэтыя кварталы называюць «ханамачы» — літаральна «горад кветак». Менавіта там традыцыйна жывуць і працуюць гейшы. Японцы таксама выкарыстоўваюць больш паэтычную назву — «свет вярбы». Квартал доўгі час лічыўся закрытым і амаль недасяжным для большасці людзей.
У Кіёта сёння працуе каля 70 майко і яшчэ прыкладна 100 гэйко — так у горадзе называюць гейш. Майко звычайна вучацца каля шасці гадоў пад наглядам старэйшай «сястры», перш чым стаць паўнавартаснымі гэйко. Яны вывучаюць традыцыйныя танцы, музыку, мастацтва размовы і правілы этыкету. Іх задача — падтрымліваць вытанчаную атмасферу падчас вечароў у «очая».
У адрозненне ад куртызанак «ойран», якія працавалі ў гістарычных «кварталах задавальненняў», гейшы павінны былі забаўляць гасцей размовамі, танцамі, музыкай і агульнай атмасферай.
Блытаніна паміж гейшамі і куртызанкамі часткова тлумачыць стэрэатыпы вакол культуры першых. «Ойран» таксама насілі белы грым і раскошныя кімано, але пояс у іх завязваўся спераду — для хуткага распранання. У гейш пояс завязваюць ззаду.

На думку даследчыкаў, традыцыйны свет гейш пачаў хутка змяняцца пасля 1960‑х. Аўтар кніг пра гейш Хісафумі Івашыта адзначае, што менавіта ў той перыяд ханамачы дасягнулі свайго росквіту, але ўжо ў наступным дзесяцігоддзі пачаўся заняпад.
Ён звязвае гэта з тым, што ў Японіі пачалі крытычна ставіцца да закрытых сустрэч палітыкаў і бізнэсменаў у кампаніі маладых жанчын. Акрамя таго, з развіццём міжнароднага бізнэсу забаўляць замежных партнёраў у кампаніі гейш станавілася ўсё менш прымальна.
Паводле ацэнак Івашыты, сёння колькасць гейш у Японіі складае каля аднаго працэнта ад узроўню 1960‑х гадоў. Багатыя патроны, якія калісьці гадамі фінансава падтрымлівалі гейш, цяпер амаль зніклі.
Вечар у кампаніі гейшы сёння можа каштаваць турысту каля 700 даляраў, а для японцаў доступ у гэты свет часта патрабуе складанай сістэмы знаёмстваў і дарагіх падарункаў. Таму, паводле Івашыты, большасць жыхароў краіны ніколі не сустракаліся з гейшамі асабіста і маюць пра іх жыццё толькі вельмі агульнае ўяўленне.
На гэтым фоне асабліва рэзанансна прагучалі словы былой вучаніцы-гейшы Кіёхі Кірытакі, якая назвала гэты свет «сістэмай рабства».
Закрыты «свет вярбы»
Кірытака вырасла ў сельскай прэфектуры Ямагучы на паўднёвым захадзе Японіі. У падлеткавым узросце яна марыла стаць мадэллю, займалася традыцыйнымі японскімі танцамі і супрацоўнічала з агенцтвам талентаў.
Калі Кірытацы было 15 гадоў, пасля аднаго выступлення да яе падышоў бізнэсовец, які меў сувязі ў свеце гейш Кіёта, і прапанаваў стаць майко. Паводле слоў самой дзяўчыны, яе сям’я ў той час мела фінансавыя цяжкасці, а працяг адукацыі выглядаў малаверагодным. Таму яна пагадзілася.
У лютым 2015 года, яшчэ да заканчэння школы, Кірытака пераехала ў «окія» — традыцыйны дом, дзе жывуць вучаніцы-гейшы і дарослыя гейшы, — і пачала падрыхтоўку. У красавіку, ужо ва ўзросце 16 гадоў, яна афіцыйна ўвайшла ў «свет вярбы» і атрымала імя гейшы. А ў лістападзе таго ж года дэбютавала як майко ў квартале Пантачо.
Але вельмі хутка, паводле яе слоў, усё пачало разбурацца, і ўжо праз восем месяцаў дзяўчына ўцякла.

Паводле яе слоў, рэальнасць аказалася далёкай ад таго вобраза, які бачаць турысты і нават большасць японцаў. Унутры гэтага свету, сцвярджае Кірытака, дзяўчатам фактычна забаранялі мець уласнае меркаванне. Яны павінны былі пастаянна ўсміхацца, падпарадкоўвацца старэйшым і ніколі не пярэчыць правілам.
Найбольш цяжкімі для яе былі паводзіны кліентаў, якія дазвалялі сабе сэксуальныя дамаганні. Пры гэтым у свеце гейш існавала негалоснае правіла: дзяўчаты, якія адхіляюць заляцанні п’яных мужчын, доўга там не затрымаюцца.
У доме, дзе жыла Кірытака, пояс кімано завязвалі вельмі туга над грудзьмі, каб мужчыны не маглі прасунуць рукі пад вопратку. Але гэта не спыняла кліентаў — яны проста залазілі рукамі пад кімано са спіны, каля шыі.
Кліенты спрабавалі цалаваць яе ў таксі па дарозе паміж рэстаранамі. Нягледзячы на ўзрост, дзяўчыну заахвочвалі ўдзельнічаць у гульнях з алкаголем.
Кірытака расказвае, што аднойчы ёй паведамілі: яна павінна разам з іншай гейшай і мужчынам-кліентам пайсці ў традыцыйную лазню «онсэн».
Ад той сітуацыі дзяўчыну выратавала старэйшая гэйко: яна наўмысна стукнула Кірытаку галавой аб сцяну, каб тая магла зрабіць выгляд, што ёй кепска і яна не можа ўдзельнічаць.
З часам Кірытака пачула ад іншых жанчын яшчэ больш трывожныя гісторыі. Паводле яе слоў, некаторых майко прымушалі рабіць аборты пасля сувязяў з уплывовымі мужчынамі. Жанчыны не атрымлівалі псіхалагічнай дапамогі і баяліся гаварыць пра тое, што адбывалася. Мужчыны, пра якіх ішла гаворка, мелі вялікі палітычны і фінансавы ўплыў.
Апошняй кропляй для Кірытакі стала навіна пра тое, што кіраўніца окія — дома, дзе жылі і навучаліся майко, — арганізавала продаж яе цнатлівасці. Унутры гэтай сістэмы гэта называлі «сістэмай мужа». Стаўкі, паводле яе слоў, дасягнулі 400 тысяч даляраў па курсе таго часу.
Пасля гэтага Кірытака вырашыла ўцячы. Пазней яна напісала мангу «Кіёцкія ханамачы — гэта пекла на зямлі» («Kyoto Hanamachi is Hell on Earth»), заснаваную на ўласным досведзе і гісторыях іншых дзяўчат.

Рэпутацыя пад пагрозай
Кіёцкі фонд падтрымкі традыцыйных сцэнічных мастацтваў, які адказвае за пяць кварталаў гейш, катэгарычна адмаўляе ўсе абвінавачанні. У арганізацыі сцвярджаюць, што непаўналетніх не прымушаюць піць алкаголь, жанчыны не прымаюць ванны з кліентамі, а саміх майко абараняюць ад сэксуальных дамаганняў.
Тым не менш гісторыя Кірытакі моцна ўдарыла па рэпутацыі гэтага закрытага свету. Як адзначае ганаровая прафесарка бізнэс-школы Досіся ў Кіёта Норыка Хама, калі гэтыя гісторыі праўдзівыя, гаворка ідзе пра фактычны чорны рынак маладых жанчын.
Паводле яе слоў, свет гейш дзесяцігоддзямі спрабаваў адмежавацца ад асацыяцый з прастытуцыяй, і таму падобныя гісторыі ставяць пад пагрозу адзін з галоўных прынцыпаў, на якіх трымалася яго рэпутацыя.
Пітэр Макінтош — канадскі даследчык культуры гейш, які жыве ў Кіёта з 1993 года і раней быў жанаты з гейшай, — лічыць, што Кірытака магла нешта перабольшыць, але прызнае: злоўжыванні маглі існаваць у асобных окія.
Паводле Макінтоша, пасля скандалу, выкліканага публікацыяй мангі і абвінавачаннямі былой майко, у кварталах гейш узмацнілі кантроль за алкаголем для непаўналетніх і пачалі часцей прызначаць суправаджальнікаў для маладых дзяўчат.
Аднак сам свет гейш працягвае жыць амаль без змен. Вясновыя фестывалі, танцавальныя выступленні і закрытыя вечарыны па-ранейшаму збіраюць кліентаў.
Сама Кірытака кажа, што так і не здолела цалкам аднавіцца пасля перажытага. Яна стварыла арганізацыю «Сетка для асэнсавання жыцця майко і культуры забаў», якая дапамагае жанчынам у падобных сітуацыях і рыхтуе даклады для ААН пра становішча ў кварталах гейш Японіі.
«У Токіа такіх прыгожых кліентаў не было». Як беларуска і японец адкрылі ў Мінску кавярню з сапраўднай японскай кухняй
У Японіі змагаюцца з мядзведзямі пры дапамозе «ваўкоў-монстраў» з чырвонымі вачыма
Японец, які адседзеў у беларускай турме, напісаў пра гэта кнігу. Ён расказаў, чаму ім зацікавіліся сілавікі
Каментары