«Я з паліклінікі, скажыце свой рост і вагу». 18‑гадовы мінчук паверыў медсястры з тэлеграма і вынес з дому 12 тысяч даляраў
А грошы пакінуў у тайніку на беразе Свіслачы.

Хлопец атрымаў у месенджары паведамленне ад несапраўднай медсястры з паліклінікі і прадыктаваў ёй код з SMS-паведамлення. Ён думаў, што такім чынам прывязвае свой нумар тэлефона да медыцынскай карты.
Адразу пасля гэтага яму ператэлефанаваў ашуканец, які прадставіўся супрацоўнікам аддзела бяспекі Нацбанка. І паведаміў, нібыта з дапамогай кода з SMS махляры аформілі на імя мінчука крэдыты і фінансуюць яго грашыма тэрарыстаў, паведамляе «Міліцыя Мінска»
Каб пацвердзіць сваю недатычнасць да злачынных крэдытаў, малады чалавек сабраў дома каля 12 тысяч даляраў і пакінуў іх у тайніку на набярэжнай ракі Свіслач — нібыта для банкаўскай праверкі.
Увесь гэты час бацькі спрабавалі датэлефанавацца да сына, але ён не браў слухаўку. Бо куратары забаранілі яму расказваць каму-небудзь пра тое, што здарылася, інакш пагражала пакаранне за разгалошванне інфармацыі.
Па заяве бацькоў супрацоўнікі міліцыі пачалі праверку і адшукалі сына. Аднак да таго часу грошы з тайніка ўжо паспеў забраць іншы кур’ер.
Каментары