Гісторыі беларускіх сем’яў, якія прайшлі праз міграцыйныя турмы ЗША
Беларусаў, якія трапілі ў ЗША легальна і чакаюць рашэння судоў аб палітычным прытулку, усё часцей змяшчаюць у міграцыйныя турмы, дзе трымаюць у жорсткіх умовах. Радыё Свабода пагаварыла з людзьмі, якія самі прайшлі праз гэта або змагаліся за вызваленне блізкіх.

10 месяцаў турмы
Леў і Вольга Бабаеўскія з двума дзецьмі з’ехалі з Беларусі ў 2022 годзе праз пагрозу затрымання пасля ўдзелу ў пратэстах, расказвае Свабодзе Леў Бабаеўскі.
«Як і для многіх беларусаў, прычынай нашага ад’езду быў 2020 год. У мяне быў свой гурт By Cry, канцэрты, мы часта выступалі. Пасля інстытута займаўся музычнымі кантрактамі. А потым адкрыў ферму па вырошчванні трусоў. У 2020 годзе я дасягнуў усяго… Мы бралі ўдзел ва ўсіх пратэстах, я пісаў шмат каментарыяў — пра Зельцара, пра інаўгурацыю Лукашэнкі. Мы кінулі ўсё — і дом, і ферму, з’ехалі з двума чамаданамі», — кажа Леў.

Спачатку сям’я Бабаеўскіх трапіла ў Польшчу, потым у Нідэрланды. Яны прынялі рашэнне ехаць далей у Амерыку, дзе няма закона аб экстрадыцыі. У сям’і быў варыянт — заехаць у ЗША праз Мексіку, бо ў амерыканскай амбасадзе ім прызначылі сумоўе толькі праз паўгода.
«15 чэрвеня 2022 года мы перасеклі памежны пераход Brownsville/Matamoros. Амерыканскі афіцэр нас прапусціў на тэрыторыю ЗША. Гэта было легальна на той момант. Мы прабылі ў дэтэншане (міграцыйнай турме) менш за суткі, нашы дакументы праверылі і вызвалілі. Мы нанялі адваката і падалі заяву ў іміграцыйны суд на атрыманне прытулку. Суд быў прызначаны праз 2 месяцы пасля перасячэння мяжы. Але яго перанеслі на год, потым яшчэ на год. На наступных слуханнях быў новы суддзя. Пракурор сказаў, што гэтая справа не ў інтарэсах ЗША. Суддзя вырашыў закрыць справу. Гэта значыць, нас не дэпартавалі, не далі палітычнага прытулку, не адмовілі… Мы знаходзімся ў падвешаным стане, а для ICE (орган, які займаецца справамі мігрантаў у ЗША) гэта падстава нас затрымаць», — успамінае тыя падзеі Леў.

Яго і жонку Вольгу арыштавалі ў тым жа будынку і пасадзілі ў розныя міграцыйныя турмы. Паводле суразмоўцы, амерыканская міграцыйная турма мае горшыя ўмовы, чым амерыканская турма для крымінальнікаў.
«У пакоі 50 чалавек, пастаянна гудзе тэлевізар. На прагулку выводзяць раз на тыдзень на 20 хвілін. Кандыцыянер працуе толькі на ахалоджванне — дубак. Харчаванне ніякае, сняданак чамусьці ў 4.30 раніцы. Стваралі шмат раздражняльных фактараў, каб людзі пагаджаліся на дэпартацыю. Маральна цісне тое, што ты невінаваты, а наперадзе нявызначанасць — колькі мы будзем сядзець. У жонкі ў дэтэншане ўмовы былі лягчэйшыя», — кажа Леў.
Яму пашанцавала. У ЗША жывуць маці і браты, якія аформілі апеку над непаўналетняй дачкой Бабаеўскіх. Яны падалі петыцыю на незаконнае затрыманне. Праз 10 месяцаў беларусаў выпусцілі. Але ўмовы застаюцца няпростымі.
«Жонцы абмежавалі перамяшчэнне радыусам 75 міль. Мне абмежавалі выезд за межы штата Тэхас без дазволу ICE. Мне не аддалі пашпарт, пратэрмінаваныя правы кіроўцы і дазвол на працу. Ёсць толькі папера аб вызваленні з подпісам суддзі. Афіцыйна я не магу працаваць, не магу атрымаць правы. Выжывай як хочаш! Працэс апеляцыі ідзе каля года. Калі яе разгледзяць — невядома», — кажа Леў Бабаеўскі.
«Нельга цалкам спадзявацца на адваката»
На думку Льва, сітуацыя з імігрантамі ў ЗША пагаршаецца. Ідзе моцны ціск зверху — не даваць прытулку і дэпартаваць людзей. Што датычыцца беларусаў, спачатку стаўленне да іх было спакойнае, нават станоўчае.
«Але цяпер змены да горшага. У майго знаёмага беларуса Дзмітрыя тыдзень таму былі слуханні, і суддзя заяўляе: «Я не веру вашым словам, Беларусь — гэта бяспечная краіна, я не бачу ніякіх пагроз для вас і вашай бяспекі»», — расказвае суразмоўца.

Леў дае параду людзям, якія рыхтуюць сваю справу, рыхтуюцца да судовых працэсаў: атрымаць максімум інфармацыі самому.
«Нельга цалкам спадзявацца на адваката. Калі чалавек будзе сам «падкаваны» з розных крыніц і дакладна будзе адсочваць сваю сітуацыю, для яго гэта будзе моцным плюсам. У нас атрымалася так, што я аддаў усё на водкуп адвакату і не моцна паглыбляўся ў сутнасць справы, таму і ўзніклі праблемы», — кажа Леў Бабаеўскі.
У Яўгеніі (яна просіць не называць прозвішча дзеля бяспекі. — РС), сям’я якой з кастрычніка 2022 года жыве ў штаце Тэхас, у дэтэншэне забралі мужа Паўла і 19‑гадовую дачку Антаніну. Саму Яўгенію адпусцілі, бо ў сям’і непаўналетні сын Рыгор. Пра свой раптоўны ад’езд з Беларусі і змаганне за мужа і дачку яна расказала Свабодзе.
«Мы — тая сям’я, якая нікуды не збіралася з’язджаць. Жылі нармальна: двое дзяцей, лецішча, машына. У мяне быў свой бізнес: спартыўны сквош-клуб у цэнтры Мінска, у мужа свой бізнес — ён арганізоўваў рыбалоўныя выезды ў Расіі і Еўропе, шыў мерч. Дачка-падлетак была ў нацыянальнай камандзе мастацкай гімнастыкі, ёй свяціла добрая кар’ера. Сын вучыўся ў школе. У 2020 годзе здавалася, што толькі мяне не хапае ва ўсіх варушняках, каб змяніць сітуацыю. Хадзілі на ўсе акцыі без масак, адкрыта. Калі ўдзельнікам давалі «суткі», адміністрацыйныя пакаранні — мы гэтага не баяліся. Мой стрыечны брат быў жорстка затрыманы ў ноч з 10 на 11 жніўня. Але калі ў 2021‑м пачалі даваць гады пакарання ні за што — гэта стала непрымальна для нас. Сябры пачалі з’язджаць сем’ямі — ва ўзросце 45+, бізнэсоўцы, ІТ», — успамінае сваё жыццё ў Беларусі Яўгенія.
У 2022 годзе яе сям’я таксама вырашыла з’язджаць. У Паўла быў сябар, які даўно выйграў грын-карту і жыў у ЗША. Ён абяцаў, што дапаможа, падтрымае — у яго ёсць рэсурсы. Але амерыканскія візы беларусам тады было складана атрымаць.
«Мы купілі тур у Канкун, у Мексіку. Усім паведамілі, што стаміліся, едзем адпачываць на самае прыгожае мора. Так атрымалася, што ў адпачынак мы з’ехалі назаўсёды. Праз Польшчу трапілі ў Канкун. Прыгоды, купля аўтамабіля, столькі ўсяго перажылі — і з трэцяй спробы апынуліся ў ЗША. Адразу ж папрасілі палітычнага прытулку.
Я ехала не наўдачу, я была падкаваная! Яшчэ ў Беларусі мы знайшлі рускамоўнага адваката ў Штатах, паказалі яму ўсе свае доказы ўдзелу ў пратэстах, фота. Адвакат з Амерыкі сказаў: так, гэта справа. Мы з ім заключылі дамову. Мы ж законапаслухмяныя беларусы — як я магла павезці дзяцей невядома куды? То бок у нас быў адвакат, мы ўсё рабілі паводле закону», — апавядае жанчына.
Яўгенія патлумачыла, што ў Штатах кагосьці змяшчаюць у дэтэншэны ці ў лагеры, на кагосьці надзяваюць электронныя бранзалеты, хтосьці абавязаны раз на тыдзень выходзіць на відэасувязь са сваёй кватэры. А ёй і мужу было прызначана раз на год (без дзяцей) прыязджаць і адзначацца ў ICE. Паўгода таму яны таксама прыйшлі адзначацца.
«Аднак афіцэр ICE сказала, што ім патрэбна наша дачка, бо ёй ужо 19. Дачка прыехала — затрымалі яе і мужа. І забралі ў дэтэншэн. Але справы дачкі і мужа раз’ядналі. Дзяўчыну вывезлі з Тэхаса ў Аклагому і пасадзілі ў турму да крымінальніц. Там былі «шмоны»: 15 чалавек з аўтаматамі ў балаклавах уварваліся ў камеру праз нейкую кантрабанду. Паклалі ўсіх тварам да сцяны… Потым дачку этапавалі ў іншы дэтэншэн, перавозілі з Аклагомы ў Тэхас двума самалётамі. 15 гадзін без ежы і туалета. У кайданках рукі і ногі. Калі іх прывезлі, далі магчымасць памыцца, пакармілі. Прыйшлі афіцэры ICE, далі падпісаць паперы на самадэпартацыю. Мексіканкі падпісалі. А сваю дзяўчынку я рыхтавала да ўсяго. Яна не падпісала згоду на дэпартацыю», — расказвае жанчына.
Яўгеніі ўдалося дамагчыся вызвалення родных. Яна пісала кангрэсменам, актывістам беларускай дыяспары, змагалася як магла за дачку і мужа. Праз месяц іх выпусцілі.
«У мяне ж забралі дзіця! Тоня прыехала ў Амерыку 16-гадовай, непаўналетняй — гэта не яе выбар і не яе адказнасць. У 2020 ёй было 14. Так, яна была на маршах са мной, яна пісала лісты палітвязням. Знайшоўся чалавек з ICE, які сказаў, што гэта маразм. Але месяц дзіця адсядзела ў турме», — не хавае эмоцый Яўгенія.
«Трэба быць гатовым да ўсяго»
У мужа Яўгеніі Паўла пры затрыманні забралі дакументы — дазвол на працу і страхоўку. Без іх немагчыма працаваць легальна. Пару дзён таму Яўгенія і Павел хадзілі адзначацца ў мясцовы пастарунак. Паўла зноў спрабавалі затрымаць: маўляў, візы няма, грын-карты няма — нібыта ён знаходзіцца ў ЗША нелегальна. Дату наступнай адзнакі ім прызначылі на верасень.

Калі Яўгенія з Паўлам прыехалі ў кастрычніку 2022 года, суд прызначылі на красавік 2026 года — у Тэхасе вялікія чэргі. Нядаўна суд перанеслі на 2027 год. Павел, які адсядзеў у іміграцыйнай турме 1 месяц, кажа, што беларусам маральна трэба быць гатовым да ўсяго.
«Першае: не супраціўляцца і змірыцца з тым, што ты трапіў у турму. Унутрана трэба перастроіцца на іншы рэжым — рэжым турмы — і думаць, як ты будзеш там выжываць. Гэта цяжка: людзі сябе шкадуюць, закрываюцца ў сабе, плачуць. Але важна справіцца з гэтым і прыняць свой стан. Другі момант — ты трапляеш у асяроддзе людзей, якія сядзяць па два гады. Там шмат негатыву, табе кажуць, што тут дрэнна, адсюль ніхто не выходзіць, усіх дэпартуюць і г. д. Але яны не ведаюць тваёй сітуацыі. Я не стаў з імі гэта абмяркоўваць, стараўся сябе абмежаваць, будаваць «ментальны плот». Тады лягчэй», — раіць Павел.
Глеб Івашкевіч — актыўны ўдзельнік і арганізатар пратэстаў 2020 года ў Віцебску. У 2021 годзе пераехаў у ЗША, дзе засяродзіўся на практычнай дапамозе землякам, якія пацярпелі ад рэпрэсій. Дапамог двум дзясяткам беларусаў прайсці праз складаныя імігранцкія працэсы, выцягваў іх з міграцыйных турмаў.
На яго думку, у міграцыйнай палітыцы ЗША цяпер адбываюцца змены, нібыта незаўважныя для грамадства.
«Адзін з важных прыёмаў, які выкарыстоўвае іміграцыйная сістэма, — людзям, якія падаюць петыцыю на habeas corpus, у працэсе разгляду петыцыі прызначаюць слуханні на «бонд» — вызваленне пад заклад. Але чалавеку адмаўляюць, ён працягвае сядзець далей. І ўсё. Гэта агульная практыка, якая датычыцца многіх беларусаў. Беларусы апынуліся ў «вілках»: у людзей, якія ўжо паўгода сядзяць у іміграцыйных турмах, псіхіка парушаная, пастаянны стрэс: не дапускаюць адвакатаў, затрымліваюць карэспандэнцыю. Яны настолькі выматаныя, што гатовыя да дэпартацыі — іх так даціснулі, што няма сіл», — кажа Глеб.
На яго думку, задача міграцыйнай сістэмы — стварыць такія ўмовы, каб людзі, якія прыехалі ў ЗША і просяць прытулку, самі прынялі рашэнне пакінуць Штаты.
«Вядома, ёсць непалітычныя, але ўсё ж большасць палітычных, якія прыехалі ў надзеі, што іх абароняць. Былыя нашы кліенты — Анатоль Бокун, Артур Сянько — ужо з «белай картай» і могуць падавацца на грын-карту. Яны ўжо тут законна, легальна. Аднак ёсць адно «але».
Нават у тых, хто ўжо атрымаў грын-карты, могуць пераправерыць справы: ці правільна было вынесена рашэнне.
Прыйшоў новы міністр і пасля скандалаў з «адловам» нелегалаў прадстаўнікамі ICE на вуліцах і пратэстаў даў каманду рабіць усё ціха, «пад дываном»: каб не ўзбуджаць грамадства, каб не было розгаласу. І каб не павышаць градус перад выбарамі», — кажа суразмоўца.
Глеб адзначыў, што ў Нью-Ёрку суддзя забараніў затрымліваць людзей у пэўных установах па трох адрасах, дзе яны адзначаліся. Але гэта часовая забарона.
Суразмоўца дадае, што пакуль нікога з беларусаў, хто прасіў палітычнага прытулку і атрымаў адмову, не адправілі назад у Беларусь.
Каментары