Іна Кулей просіць аб дапамозе мужу, якому патрабуецца інтэнсіўная рэабілітацыя пасля складанай аперацыі, што прайшла ў лістападзе мінулага года.

«Дарагія, сябры. Мы просім вашай падтрымкі для Аляксандра Мілінкевіча», — напісала Іна Кулей у фэйсбуку.
Пяць месяцаў таму, 24 лістапада, Аляксандр па ўласным рашэнні прыйшоў у шпіталь на планавую аперацыю. Падставай стала тамаграфія, якая паказала, што правая шыйная артэрыя была закрытая тромбам на 80 працэнтаў. Дактары настойліва раілі не адкладаць аперацыю, бо ў любы момант тромб мог адарвацца — з фатальнымі наступствамі. І Аляксандр прыняў гэтае няпростае рашэнне, даверыўшыся спецыялістам.
25 лістапада аперацыя была праведзеная. Але яе наступствы былі не такімі, як мы ўсе спадзяваліся. У Аляксандра здарыўся ацёк мозгу. Тры тыдні Аляксандр знаходзіўся ў інтэнсіўнай тэрапіі — паміж жыццём і смерцю. З Божай дапамогай і дзякуючы вашым малітвам ён выжыў.
Потым пачаліся доўгія месяцы барацьбы з інфекцыямі, якімі, на жаль, поўныя шпіталі і якія асабліва небяспечныя для людзей з аслабленым імунітэтам. Запаленне лёгкіх, інфекцыя кішэчніка, зноў запаленне лёгкіх… Не кожны змог бы вытрымаць такую атаку, але Аляксандр вытрымаў. Былі месяцы лячэння: спачатку ў аддзяленні неўралогіі, потым у рэабілітацыі, пасля — у спецыялізаваным лячэбна-рэабілітацыйным цэнтры.
Левая частка мозгу, якая адказвае за інтэлект, маўленне і памяць, не пацярпела.
Правая — тая, што адказвае за рух атрымала пашкоджанні: не працуе левая рука, дрэнна слухаюцца ногі. Для чалавека актыўнага, рухавага, поўнага энергіі, якім заўсёды быў Аляксандр, усведамляць, што сёння ён ляжачы хворы, — вельмі цяжкае выпрабаванне. Але мой муж — надзвычай моцны духам чалавек. І гэты дух падтрымлівае кожны з вас: тыя, хто дасылае словы падтрымкі, матывуючыя відэа, пытаецца пра яго здароўе, віншуе са святамі, проста памятае пра нас. Ад усяго сэрца дзякую і нізка кланяюся кожнаму, каму неабыякавы лёс Аляксандра, хто падтрымлівае нас словам, малітвай, дапамогай і справай.
На жаль, Аляксандр застаецца носьбітам патагенных бактэрый, якія могуць актывізавацца ў любы момант. Таму ён пакуль не можа вярнуцца дадому — яму неабходныя пастаянны нагляд дактароў і інтэнсіўная рэабілітацыя. Усё гэта каштуе грошай. Як і многія з вас, мы не можам вярнуцца на Радзіму. Наш дом у Берштах пасля вобшукаў апячатаны, заведзена крымінальная справа. Мы не атрымліваем ні беларускіх, ні польскіх пенсій і жывём толькі на тое, што можам зарабіць самі. Калі мы былі здаровыя і працавалі ўдвух, нам хапала на дастойнае жыццё. Цяпер усё змянілася.
Арэнда жылля, аплата рэабілітацыйнага цэнтра, лекі, транспартныя выдаткі, каб штодня дабірацца да мужа ў шпіталь, — усё гэта ўжо выходзіць за межы нашых магчымасцяў. Таму я звяртаюся да вас, сябры, з просьбай аб дапамозе. Я вельмі веру ў сілу нашай салідарнасці, у сілу талакі, у чалавечую дабрыню.
Веру, што калі Бог захаваў Аляксандру жыццё, то мы павінны змагацца за яго далей.
І шчыра веру, што свята — яшчэ наперадзе», — напісала яна.
Каб дапамагчы, трэба каля 30 тысяч еўра (120 тысяч злотых)
Дапамагчы праз Zrzutka.pl
альбо
дапамагчы праз PayPal
альбо
INNA KULEY
23 1090 2851 0000 0001 1108 1575
IBAN PL23 1090 2851 0000 0001 1108 1575
KOD SWIFT WBKPPLPP
Адрас банка:
Al. Jana Pawła II 17
00‑854 Warszawa
Каментары
Рэд. Напішыце (самі ці праз сяброў) Іне Кулей, https://www.facebook.com/ina.kuley
[Зрэдагавана]