У іспанскай Севільі мужчына знайшоў на вуліцы дарагую карціну вядомага мастака
Жыхар іспанскай Севільі Андрэс Уртада выпадкова знайшоў на вуліцы карціну, якая, як высветлілася пазней, каштуе да 150 тысяч еўра, паведамляе Bild.

Мужчына расказаў, што спачатку яго прыцягнула не само палатно, а пазалочаная рама. Ён забраў карціну дадому, а пасля з дапамогай штучнага інтэлекту даведаўся, што гэта можа быць праца вядомага іспанскага мастака-імпрэсіяніста Хаакіна Сарольі (1863—1923). Пазней аўкцыённы дом пацвердзіў сапраўднасць твора.
Высветлілася, што сапраўдныя ўладальнікі карціны выпадкова пакінулі яе каля дома, калі загружалі аўтамабіль перад адпачынкам. Паводле паведамленняў іспанскіх СМІ, сям'я мела звычку браць гэтае палатно з сабой у паездкі. Калі яны заўважылі знікненне, адразу звярнуліся ў паліцыю.
Даведаўшыся пра пошукі, Андрэс Уртада сам звязаўся з праваахоўнікамі і перадаў знаходку яе законным уладальнікам.
Гісторыя завяршылася шчасліва: карціна вярнулася да гаспадароў цэлай і захаванай. У знак удзячнасці яны зробяць сумленнаму Уртада невялікі падарунак.
Цяпер чытаюць
Пасол Украіны па пытаннях Беларусі адказаў на дыскусію Вячоркі і крытыкаў Ціханоўскай: Ваша ўзаемная непрымальнасць адыгрывае вельмі неканструктыўную ролю
Каментары