Гісторыя

Пётра Садоўскі — чалавек, які спазнаў «гістарычнае шчасце»

Ці правільна зрабіў Садоўскі, калі адмовіўся ад кіраўніцтва камісіяй Вярхоўнага Савета на карысць пасады амбасадара Беларусі ў Нямеччыне? Пра гэта, з нагоды смерці нашага вялікага суайчынніка, Дэпутата Незалежнасці, разважае Сяргей Навумчык.

Пётра Садоўскі

Пётра Садоўскі быў сярод тых, хто прыйшоў у палітыку для рэалізацыі сваіх ідэй. У Садоўскага імі былі беларуская мова і Незалежнасць.

Першы раз пабачыў яго на журфаку, у пачатку 80-х. Ён чытаў курс беларускай мовы і меў рэпутацыю выкладчыка прыдзірлівага. З правіламі (ва ўсіх без выключэння мовах) я стабільна не сябраваў і баяўся, што наша група трапіць да яго; на шчасце, Гасподзь пашкадаваў.

Потым глядзеў выступы па тэлебачанні (здаецца, у перадачы «Роднае слова»), а пазней прачытаў ягонае прозвішча пад лістом прадстаўнікоў інтэлігенцыі да Гарбачова аб катастрафічным стане беларускай мовы. Гэта было ўжо ў 1986‑м — прыкметна, што праз шмат гадоў у размове Гарбачоў прыгадаў гэты самы зварот, нагэтулькі моцнае ўражанне ён зрабіў на тагачаснага генсека.

А ў канцы 1989 года Садоўскі ўвайшоў у склад рабочай групы пры Вярхоўным Савеце XI склікання, якая рыхтавала праект Закона аб мовах. Гэта ўжо была не навуковая, не асветніцкая, а заканадаўчая праца, хоць яшчэ і не ў дэпутацкім статусе.

Закон аб мовах быў прыняты 26 студзеня 1990-га, а менш чым праз два месяцы сябар БНФ Пётра Садоўскі быў абраны ў ВС-12.

Ад іншых калег па Авальнай зале ён адрозніваўся энергічнасцю, магчыма, нават імпульсіўнасцю ў сваіх выступах, якая, аднак, не супярэчыла логіцы, а надавала ёй выразную, запамінальную афарбоўку.

Гэта адзін з парадоксаў Садоўскага — бо з такім жывым, выбуховым стылем парламенцкіх паводзін ён зробіцца кіраўніком камісіі, сферы адказнасці якой — міжнародная палітыка і дыпламатыя — падпарадкаваныя строгаму, да драбніц вызначанаму рэгламенту.

Вясной 90-га, у першыя дні першай сесіі, мы вылучылі ад БНФ і Дэмклуба кандыдатаў на практычна ўсе камісіі. ЦК КПБ меў свой спіс — як правіла, гэта былі партыйныя кіраўнікі высокага рангу.

Камісія па міжнародных справах і замежнаэканамічных сувязях мела пэўную супярэчлівасць ужо ва ўсім сваім назове. Бо ніякай колькі-небудзь самастойнай, незалежнай ад Масквы міжнароднай палітыкі БССР не праводзіла — пры тым, што, адрозна ад РСФСР, была членам ААН.

Казалі, што за ўсе дзесяцігоддзі гэтага членства толькі аднойчы, у 1960-я, на сесіі Генасамблеі ААН прадстаўнік Беларусі прагаласаваў супраць вынесенай Масквой (ды кім — самім Грамыкам!) рэзалюцыі. Сенсацыя, аднак, была нядоўгай — мінскі дыпламат проста заснуў, стомлены пералётам і розніцай у часе, а калі прачнуўся, не зарыентаваўся і прагаласаваў памылкова. Членства ў Міжнароднай камісіі парламенцкая большасць успрымала як своеасаблівую сінекуру, гарантаваны ўдзел у замежных камандзіроўках, якія тады былі даступныя няшмат каму.

Здаецца, гэта падчас абмеркавання кандыдатур нехта з ветэранаў выказаў папрок, што ў той час, калі людзі працавалі ў народнай гаспадарцы, на палях, фермах ды заводах, філолаг Садоўскі не знайшоў нічога лепшага, як вывучаць замежныя мовы! А магчыма, тое было сказана ў адрас Лявона Баршчэўскага, якога мы таксама вылучалі і які таксама ігнараваў стваральную працу на аб’ектах сацыялістычнага будаўніцтва на карысць лінгвістыкі.

І ўсё ж Пётра Садоўскі быў абраны, зрабіўшыся, такім чынам, адзіным прадстаўніком БНФ у Прэзідыуме Вярхоўнага Савета (куды кіраўнікі камісій уваходзілі па пасадзе). Нават у БССР, пры існаванні ЦК КПБ, гэта быў важны орган — а ў першыя гады незалежнай Беларусі ён адыгрываў ролю калектыўнага прэзідэнта.

І тое, што Садоўскі заставаўся сярод гэтых двух дзясяткаў, калі нас, шараговых дэпутатаў, на час разгляду «закрытых» пытанняў прасілі пакінуць залу, што ён меў доступ да сакрэтных дакументаў, што, урэшце, успрымаўся міністрамі і віцэ-прэм’ерамі як роўны, калі не вышэй — мела для Апазіцыі БНФ вялізнае значэнне. Мы як мінімум атрымлівалі інфармацыю, якую ў іншым выпадку б не мелі. А яшчэ — Пётра выказваў нашу пазіцыю на самым што ні ёсць версе.

Асабліва неацэнным гэта выявілася ў жніўні 91‑га — спачатку калі мы патрабавалі ад Мікалая Дземянцея асудзіць праімперскі путч (т. зв. ГКЧП), а потым — склікаць надзвычайную сесію Вярхоўнага Савета, каб абвясціць Незалежнасць.

Гэта, так бы мовіць, экстрэмальныя сітуацыі, але была яшчэ і руцінная праца над законапраектамі, зусім не бачная шырокай публіцы — калі перабіраюцца варыянты фармулёвак, узважваецца, прымаецца альбо адхіляецца кожнае слова…

Пётра Садоўскі на пасадзе кіраўніка камісіі як ніхто паспрыяў стварэнню заканадаўчага падмурку міжнароднай палітыкі Беларусі, палітыкі менавіта суверэннай дзяржавы. З якім абурэннем агалошваў ён дакументы дыпламатычных перапісак МЗС, дзе, на ягоную думку, ведамства ахвяравала самастойнасцю дзеля інтарэсаў маскоўскага замежнапалітычнага ведамства (а часта — і іншага, куды больш уплывовага маскоўскага ведамства)!

І вось тут я падыходжу да павароту ў палітычнай біяграфіі Садоўскага, які зафіксаваў яго ў нацыянальнай гісторыі як першага амбасадара ў Германіі.

Фармальна гэта было паніжэнне — бо як старшыня камісіі Садоўскі быў вышэйшы за міністра, паколькі парламенцкая камісія выконвала кантрольныя функцыі над ведамствам. А разам з тым — амбасадар ёсць амбасадар, да таго ж гэта пажыццёвы дыпламатычны ранг (праўда, выпадак з Латушкам і Цапкалам пакажа, што не заўсёды пажыццёвы).

Тое, што Садоўскі прыняў прапанову Кебіча і Краўчанкі, у парламенцкай апазіцыі ўспрымалася неадназначна. Усе разумелі, што лепшай кандыдатуры на гэтую пасаду, чым германіст Садоўскі, з ягоным ідэальным веданнем нямецкай мовы (і нават яе дыялектаў), з ужо істотным палітычным, парламенцкім і дыпламатычным вопытам — не знайсці. Але адначасна мы гублялі адзінага прадстаўніка БНФ у Прэзідыуме ВС — і гублялі ў той час, калі супрацьстаянне з пракебічаўскай большасцю вызначала выбар: у бок Еўропы, да заходняй цывілізацыі — альбо пад Маскву.

Але я добра разумеў Садоўскага, і вось чаму.

Магу сказаць дакладна: прафесійная (гэтак званая «вызваленая») праца на чале Камісій Вярхоўнага Савета ў часы кіравання Шушкевіча прыносіла такое адчуванне, якое, напэўна, пакідае біццё ў ватную сцяну. Яна ўсё менш давала вынік, затое для чалавека дзейнага рабілася ўсё больш псіхалагічна невыноснай.

Камісіі Вярхоўнага Савета гублялі свае кантрольныя функцыі — урад Кебіча ўсё часцей ставіў іх (як і ўвесь Вярхоўны Савет) ні ў што. Ніякія прапановы не праходзілі, калі яны не атрымлівалі дазвол у апараце Саўміна. Па ўласным вопыце як сакратара Камісіі ВС па галоснасці, СМІ і правах чалавека магу сказаць, што ўсе спробы апеляваць да старшыні ВС Шушкевіча заканчваліся нічым — Станіслаў Станіслававіч з нейкай здзеклівай іроніяй раніў: «А чаму Вы да мяне звяртаецеся? Вы пераканайце ў слушнасці сваёй прапановы Вярхоўны Савет!», пры тым што цудоўна ведаў, хто складае ў ім большасць. Хаця часта пытанне можна было вырашыць адным тэлефонным званком Шушкевіча Кебічу. Часта, выходзячы з «машэраўскага» кабінета на пятым паверсе, які займаў старшыня ВС, мне хацелася гэтак бразнуць дзвярыма, каб абсыпалася тынкоўка. Але тынкоўка там трымалася, здаецца, яшчэ з часоў Панамарэнкі.

Статус Садоўскага быў значна вышэйшы за мой, але, мяркую, мадэль адносін адрознівалася не вельмі. Прыблізна ў час, калі Садоўскі пайшоў з пасады старшыні Камісіі, Вярхоўны Савет адрынуў прапанову БНФ правесці рэферэндум аб датэрміновых парламенцкіх выбарах, за якую было сабрана больш за 440 тысяч подпісаў. Паколькі было парушана права грамадзян на выбар улады, я вырашыў пакінуць пасаду сакратара парламенцкай камісіі. Былі няпростыя, цяжкія размовы з Пазняком — ён прыводзіў аргументы супраць адстаўкі з пасады, якая хоць мінімальны ўплыў, але мела. Але я не здолеў пераступіць праз сябе. Магчыма, дарэмна.

Я не пытаўся і ўжо ніколі не запытаюся ў Пётры, ці меў ён размову з Пазняком на тэму свайго адыходу, не памятаю, каб распытваў і Пазняка. Думаю, што размова такая была. Але насуперак устойліваму меркаванню аб стылі кіравання лідара БНФ, Пазняк ніколі нікому не загадваў. Імкнуўся пераканаць, але калі гэта не ўдавалася — не ціснуў. Дый не мог загадваць, калі б нават і хацеў — мы ж абіраліся не па партыйных спісах, а па акругах (мяне, напрыклад, вылучалі віцебскія заводы, БНФ да гэтага дачынення не меў), і легендарная цяпер «фракцыйная дысцыпліна» ў Апазіцыі БНФ грунтавалася выключна і толькі на нашым усведамленні асабістай адказнасці.

Разумею, што для абсалютнай большасці чытачоў гэта малацікава, але калі камусьці важна зразумець псіхалагічныя матывы таго рашэння Пётры Садоўскага, яны, мне падаецца, у тым ліку і ў гэтым.

Ягоны выбар можна лічыць матываваным не столькі палітычна, колькі індывідуальна — але ён застаўся ў гэтым выбары самім сабой.

Пакінуўшы працу ў Камісіі, Садоўскі ўзяўся за канкрэтную справу — стварэнне практычна з нуля беларускай амбасады ў Германіі. Ён і людзей шукаў, і будынак «выбіваў», і наладжваў кантакты з нямецкімі палітыкамі. Пра ўсё гэта ён піша ў кнізе «Мой Шыбалет», якую можна было б назваць помнікам беларускай мемуарыстыкі, калі б яна не выклікала гэтулькі жывых эмоцый.

… У 1994-м, калі амбасадараў сабралі на прадстаўленне новаабранаму прэзідэнту, Садоўскі палічыў немагчымым станавіцца (у літаральным сэнсе) у чаргу тых, хто віншаваў Лукашэнку і выказваў яму гатоўнасць падпарадкоўвацца. Ён звольніўся з дыпламатычнай службы.

А раніцай 11 красавіка 1995‑га далучыўся да галадоўкі дэпутатаў Апазіцыі БНФ супраць прапанаванага Лукашэнкам рэферэндуму аб замене бел-чырвона-белага сцяга і «Пагоні» савецкімі сімваламі, пазбаўленні беларускай мовы статусу адзінай дзяржаўнай, эканамічнай інтэграцыі з Расіяй і праве прэзідэнта распускаць парламент.

Гэта быў не столькі выбар (яго Садоўскі зрабіў дзесяцігоддзямі раней), колькі арганічны, натуральны працяг ягонага лёсу.

… І ўсё ж сёння мне прыгадваецца не ноч, калі дэпутаты-галадоўнікі былі збітыя і выкінутыя з Авальнай залы. Прыгадваецца вечар 25 жніўня 1991‑га — дамогшыся поспеху пры галасаванні за Незалежнасць, праз нейкі час мы выйшлі на Плошчу, на якой усе дні сесіі пад Бел-Чырвона-Белымі сцягамі стаялі людзі. Сцэнай быў, здаецца, грузавы аўтамабіль, і калонкі гукаўзмацняльнай апаратуры разносілі па плошчы спеў Садоўскага ва ўсю моц ягонага голасу — «А ў бары-бары, тры дарожанькі…»

Хвіліны, калі, як аднойчы сфармуляваў Пётра, «мы былі гістарычна шчаслівыя».

Каментары

Цяпер чытаюць

Раптоўна памёр сенатар Ліндсі Грэм, галоўны лабіст санкцый супраць Расіі1

Раптоўна памёр сенатар Ліндсі Грэм, галоўны лабіст санкцый супраць Расіі

Усе навіны →
Усе навіны

Непадалёк ад плошчы Перамогі ў незвычайным доме прадаецца кватэра з садам пад вокнамі і месцам для барбекю

У Расіі беларус на фуры так урэзаўся ў аўтазак, што арыштант унутры страціў прытомнасць

Што рабіць, калі кватэру затапіла?2

У мінскім парку Чавеса два дні будзе працаваць зіплайн — рэч са спускам на шалёнай хуткасці2

Лукашэнка загадаў, каб былых сілавікоў, ратавальнікаў і дыпламатаў, звольненых «па дыскрэдытуючых», адсочвалі пяць гадоў9

«За чатыры дні яе тройчы экстранна шпіталізавалі». Беларуска трапіла ў эміграцыйную турму ў ЗША пасля побытавай сваркі30

Марына Золатава: У палітзняволенай Таццяны Колас выявілі рак. Гэта не проста дрэнная навіна, гэта жудасная навіна1

Пасажырскі самалёт разбіўся на Багамах — усе 10 пасажыраў загінулі

Асудзілі дзяўчыну, якая ў 2020‑м пратэставала супраць «выбараў без выбару» і патрабавала ад кандыдатаў пазіцыі па Украіне9

больш чытаных навін
больш лайканых навін

Раптоўна памёр сенатар Ліндсі Грэм, галоўны лабіст санкцый супраць Расіі1

Раптоўна памёр сенатар Ліндсі Грэм, галоўны лабіст санкцый супраць Расіі

Галоўнае
Усе навіны →

Заўвага:

 

 

 

 

Закрыць Паведаміць