Прахадныя балы ў медыцынскія ўніверсітэты ўпершыню істотна ўпалі ЛІЧБЫ
Прахадныя балы ў медыцынскія ўніверсітэты сёлета значна знізіліся. Так, калі ў 2025 годзе, каб вучыцца на лячэбным факультэце сталічнага БДМУ за кошт бюджэту, трэба было набраць 386 балаў, то цяпер прахадны парог упаў да 332. Такая карціна назіраецца ўпершыню. З чым гэта звязана?

БДМУ
Прахадныя балы на іншыя спецыяльнасці ў БДМУ таксама знізіліся. У 2026 годзе для педыятрычнага факультэта патрабавалася 319 балаў (падзенне за год на 49 балаў), для медыка-прафілактычнага накірунку дастаткова было набраць 273 балы (падзенне на 61 бал). На фармацэўтычным жа факультэце падзенне склала ажно 98 балаў — 283 у 2026‑м супраць 381 у 2025-м.
У больш-менш стабільным стане толькі стаматалагічны факультэт — сюды трапілі абітурыенты мінімум з 388 баламі (у 2025‑м годзе прахадны бал складаў 392).
Так ці інакш, у галоўную медыцынскую навучальную ўстанову сталіцы традыцыйна падавалі дакументы моцныя выпускнікі — больш за палову з іх падчас уступнай кампаніі набралі больш за 360 балаў. На стаматалагічны ж накірунак падалі дакументы двое абітурыентаў з максімальнымі 400 баламі.
Варта адзначыць, што ўпершыню ў БДМУ доля мэтавых месцаў склала ажно 60% ад агульнай колькасці бюджэтных. Прычым замоўцам выступала збольшага Міністэрства аховы здароўя.
Сярэдні конкурс па ВНУ склаў 1,8-1,9 чалавека на месца.
Гродзенскі медыцынскі ўніверсітэт
Каб навучацца ў Гародні па медыцынскім кірунку, у гэтым годзе трэба было набраць 262 балы на лячэбны факультэт (супраць 363 у 2025-м), 229 — на педыятрычны (у 2025 годзе парог складаў 344 балы) і 279 на медыка-дыягнастычны (у 2025‑м патрабавалася 365 балаў).
Нават для платнай формы навучання, якая была даступная яшчэ год таму, прахадныя балы былі вышэйшымі за тыя, якіх хапіла бюджэтнікам сёлета — ад 331 да 345 балаў.
Для мэтавікоў прахадныя балы склалі ад 150 да 174, у залежнасці ад спецыяльнасці. Пры гэтым калі ў 2025 годзе іх было 80% ад агульнай колькасці бюджэтнікаў, то сёлета план прыёму мэтавікоў знізіўся да 65%.
Вырасла і агульная колькасць абітурыентаў, якія вырашылі паспрабаваць паступіць менавіта ў Гародні — такіх стала на 200 больш у параўнанні з мінулым годам, і, як следства, сам конкурс у сярэднім па ўніверсітэце павялічыўся. Найбольшая канкурэнцыя разгарнулася на педыятрычным факультэце — 1,5 чалавека на месца.
Гомельскі дзяржаўны медыцынскі ўніверсітэт
Каб вучыцца на спецыяльнасці «лячэбная справа» ў гэтым ВНУ, дастаткова было набраць 262 балы (супраць 346 у 2025-м). На медыка-дыягнастычную справу залічвалі з вынікам 255 балаў (супраць 347 у 2025-м), на медыка-прафілактычную справу — з 248 баламі (супраць 316 летась).
Для платнікаў у мінулым годзе таксама была пастаўленая досыць высокая планка — з менш як 305 баламі не было на што і прэтэндаваць на ніводным з факультэтаў.

Конкурс па асобных спецыяльнасцях у Гомелі склаў больш за два чалавекі на месца.
Віцебскі медыцынскі ўніверсітэт
Сёлета ў віцебскім медуніверсітэце набор на бюджэтнае навучанне павялічылі на 105 месцаў. У выніку па-за мэтавай падрыхтоўкай на бюджэт сюды прынялі 333 чалавекі.
Вядома, што конкурс у залежнасці ад спецыяльнасці склаў ад 1,2 да 1,9 чалавека на месца, аднак канкрэтныя лічбы прахадных балаў на бюджэт прыёмная камісія пакуль не апублікавала.
На афіцыйным сайце ВДМУ пакуль даступныя толькі лічбы для залічаных у межах мэтавай падрыхтоўкі — на лячэбнай справе прахадны бал вар’іраваўся ад 128 да 179 балаў у залежнасці ад арганізацыі, ад якой падаваўся абітурыент. На стаматалагічны факультэт мэтавікам патрабавалася набраць 174 балы, на педыятрычны — 134. Будучых фармацэўтаў прымалі з вынікам ад 152 балаў і вышэй.
З чым жа звязанае падзенне прахадных балаў?
Найперш, як адзначылі ў самім Міністэрстве адукацыі, з павялічаным наборам на бюджэт. Агулам па краіне ў медыцынскія ўстановы дадалі 760 бюджэтных месцаў. Калі разглядаць гэта на прыкладзе БДМУ, то ў 2025‑м там чакалі 255 выпускнікоў на бюджэтную дзённую форму навучання. У 2026‑м жа такіх месцаў стала ўжо 601.
З іншага боку, магчымасць вучыцца платна на дзённым у абітурыентаў забралі зусім. Таму тыя, хто, можа б, яшчэ і хацеў падаць дакументы ў медыцынскі ў Беларусі, вырашылі не рызыкаваць і не гуляць у латарэю з будучым размеркаваннем на два ці пяць гадоў.
Цяпер чытаюць
«Галандскі архітэктар», які адбудаваў Вострую браму і паставіў сабе дом-крэпасць у Гайцюнішках, аказаўся ніякім не галандцам. Але яго спадчына захапляе
Каментары
Потому что платников убрали, а по уму балов не хватает , чего не понятно ? ))) Не дай Бог лечиться в белорусских поликлиниках, эти коновалы только вредят в основном !
Ну это как курс рубля рухнул с 3.30 до 2.85