Грамадства44

Беларус пасля смерці жонкі застаўся адзін з дзецьмі. Іх у яго 12, але ён добра дае рады

Іван і Вольга былі жанатыя больш за 20 гадоў — за гэты час у іх нарадзілася 12 дзяцей. Сужэнцы атрымалі чатырохпакаёвую кватэру, набылі дачу пад Мінскам і планавалі пражыць разам яшчэ доўгія гады. Але потым Вольга сур'ёзна захварэла: у яе знайшлі анкалогію. Жанчына «згарэла» вельмі хутка — яе не стала ў 2022 годзе, і на плечы Івана леглі ўсе клопаты пра вялікую шматдзетную сям'ю. Напярэдадні Дня бацькі «Анлайнер» паразмаўляў з мужчынам пра тое, як гэта — быць адзіным з бацькоў для дзесяці дачок і двух сыноў.

«Хлопчыкі менш патрабавальныя»

У кватэры, якая знаходзіцца ў адным з мікрараёнаў Мінска, утульна і светла. Ужо з парога тут пахне спецыямі, у духоўцы гатуецца абед на вялікую сям'ю, а чысціні і парадку на кухні можа пазаздросціць нават дасведчаная гаспадыня.

«Цяпер са мной жывуць шасцёра дзяцей, а яшчэ шасцёра ўжо выраслі — ім 18+, дарослыя ўжо», — усміхаецца Іван і запрашае журналістаў да стала.

Да гарбаты ўжо прыгатаваная румяная шарлотка, а на пліце закіпае ў чайніку вада.

«Пірог пякла адна са старэйшых дачок — Ліза, яна кулінарны каледж скончыла. Сёстры ёй, вядома, дапамагалі. Яблыкі — з нашага саду на дачы, а травы я сам збіраю і нарыхтоўваю. У зборы, які зараз заварваецца, — скрыпень, мята, лісце вішні», — адзначае гаспадар і не спяшаючыся пачынае свой расказ.

Жонка Івана Вольга памерла чатыры гады таму. Яшчэ ў 2021‑м у жанчыны знайшлі анкалогію і, нягледзячы на ўсе намаганні дактароў, выратаваць яе не ўдалося. Разам сужэнцы пражылі больш за 20 гадоў.

«Апошнія роды ў Вольгі былі цяжкімі — прыйшлося рабіць кесарава сячэнне, і потым былі ўскладненні. Пасля гэтага яна яшчэ на кавід захварэла — гэта, верагодна, яшчэ больш усё пагоршыла. Яна была добрай жонкай і мамай. Калі ў нас з'явіліся дзеці, Вольга пайшла з працы і цалкам прысвяціла сябе клопату пра іх. Хіба што адзін час займалася рамесніцкай дзейнасцю: рабіла паштоўкі, шпількі, блакноцікі. Зрэшты, мы ўсёй сям'ёй гэтым захапляліся: дзяўчынак жа шмат, заўсёды актуальна.

Вользе было 44 гады, калі яе не стала. Цяжка гэта ўсё, вядома, былі і слёзы, і перажыванні… Але я вернік, жонка таксама была верніцай, і дзяцей мы стараліся выхоўваць з любоўю да бога. Для нас смерць не азначае, што чалавек адыходзіць назаўжды. Мы верым, што ён проста пераходзіць з аднаго стану ў іншы — з фізічнага ў духоўны. Але момант расстання ўсё адно заўсёды складаны, якім бы моцным ты ні быў».

На момант, калі Іван застаўся адзін, дзве старэйшыя дачкі былі ўжо паўналетнімі, а вось малодшай, Любачцы, было ўсяго 5 гадоў. Дарэчы, вось і яна — разам з сястрой Сафіяй зайшла на кухню павітацца з гасцямі.

Быць адзіным з бацькоў для 12 дзяцей (хай некаторыя з іх ужо і выраслі) — сам па сабе няпросты вопыт. У Івана ж наогул атрымалася «задача з зорачкай»: у яго 10 дачок. Пасля смерці жонкі ўсе «дзявочыя справы» леглі на ягоныя плечы.

— Хлопчыкі — яны такія… менш патрабавальныя. Майку надзеў — і ўсё нармальна. У дзяўчынак жа ўсё зусім па-іншаму: то колер не той, то фасон, то даўжыня, — дзеліцца тонкасцямі клопату пра дзяцей Іван.

— А ходзіце з дочкамі на шопінг?

— Ну, з малодшымі — Любай, Соняй, Ірай — яшчэ хаджу. А сярэднім ужо старэйшыя дапамагаюць. А наогул, я і прычоскі ўмею рабіць, і выслухаю заўсёды, калі трэба, і параду дам, і супакою. Дзеці ў мяне ў цэлым дружныя, але ўсякае бывае. Часам прыходзіцца быць «вогнетушыльнікам», — смяецца мужчына.

У кухню зазірае Давыд, малодшы сын Івана. Хлопец вучыцца ў дзясятым класе, захапляецца кіберспортам і футболам.

«Я сам раней займаўся тэнісам, а потым навучыў гэтаму і некаторых дзяцей — Андрэйку, Маргарыту. Нават ездзілі на спаборніцтвы. Іра вось нядаўна пайшла на валейбол. А Любачка, наша наймалодшая, больш творчы чалавек: ёй падабаецца выразаць, асабліва розныя дробныя дэталі», — адзначае Іван.

Шматдзетнага бацьку просяць пералічыць усіх сваіх дачок і сыноў па ўзросце. Ён жартуе, што для гэтага яму прыйдзецца ўзяць пашпарт або пашукаць пасведчанні аб нараджэнні.

«Самая старэйшая ў нас — Маша, яна нарадзілася ў 2000-м. Замужам, жыве ў Расіі, у яе ў самой ужо ёсць дачка — Стэфачка. Маёй унучцы амаль 2 гады. Потым ідзе Аленка, далей — Вера з Надзеяй, яны блізняты, Аня, Ліза… Усе яны ўжо паўналетнія,самастойныя… Пасля іх — Андрэй, яму 18 гадоў, ён нядаўна паступіў у БДУІР — яму я дапамагаю яшчэ, вядома. Ну а потым ідзе Маргарыта — яна ў адзінаццатым класе, далей Давыд, Іра — восьмы клас, Сафія — шосты. Ну і Любачка — ёй цяпер 10 гадоў».

Іван Пуховіч са сваімі дзецьмі

Па выхадных гатуюць усе, а парадак наводзяць па графіку

Больш за 20 гадоў Іван працаваў на МАЗе мадэльшчыкам па драўляных мадэлях. Але пасля смерці жонкі завод прыйшлося пакінуць: трэба было займацца выхаваннем дзяцей.

«Некалькі гадоў я толькі атрымліваў пенсію па выпадку страты карміцеля — на гэтыя грошы і жылі. Але калі Любе споўнілася 8 гадоў, выйшаў на працу. На завод вяртацца не стаў: усё ж такі ранейшы графік складана сумяшчаць з клопатам пра дзяцей. Цяпер працую аўтакур'ерам у «Яндэкс Дастаўцы», і гэта аптымальны варыянт. Адправіў дзяцей у школу — развёз заказы, вярнуўся — прыгатаваў абед. Вольны графік дазваляе мне ўсё паспяваць».

Як жа ўладкаваны побыт у сям'і Пуховічаў? За гатаванне ў асноўным адказвае тата, а вось прыбіраннем займаюцца ўсе разам. Для гэтага існуе нават свой графік дзяжурстваў.

«У суботу ці ў нядзелю можам сабрацца ўсе разам і нешта выпекчы, а так у асноўным гатую я: дзецям жа каму на вучобу, каму на працу — няма калі асабліва. Стараюся зрабіць ежы адразу на пару дзён, каб не стаяць пастаянна каля пліты. Ну і бытавая тэхніка вельмі выручае: у нас ёсць і камбайн, і кашаварка, і посудамыйка».

У кожнага ў сям'і ёсць свае абавязкі. Старэйшыя дзеці дзяжураць па чарзе, а малодшыя ім дапамагаюць. Адныя сочаць за парадкам у ванным пакоі ці калідоры, іншыя выносяць сметніцу, складаюць чыстую бялізну або дапамагаюць разабраць посудамыйную машыну. Нават у самых маленькіх знаходзяцца пасільныя справы.

«Калі дзяжурных няма, то я, як правіла, падхопліваю прыбіранне. І такое бывае даволі часта», — усміхаецца Іван.

«Дзеці ведаюць, што заўсёды могуць звярнуцца да мяне па падтрымку і параду»

Улетку і па выхадных сям'я часта праводзіць час на дачы недалёка ад Мінска. У звычайную легкавую машыну ўсе, вядома, не змяшчаюцца, але для такіх паездак у таты ёсць вялікі бус — там месца хапае ўсім.

«Я сам нарадзіўся і вырас на вёсцы, так што да працы на зямлі прывучаны. Калі мы купілі ўчастак, я адразу пасадзіў сад — там ёсць і яблыні, і грушы. У дзяцінстве, памятаю, мне яблыкаў не хапала, а цяпер у нас на лецішчы растуць і парэчкі, і агрэст, і вішні. Ёсць і агарод, цяпліцы, дзе вырошчваем памідоры, агуркі, перцы. Прыемна, калі свае гародніна і садавіна. Дзеці, вядома, ва ўсім дапамагаюць, асабліва старэйшыя дзяўчынкі: і полюць, і паліваюць. Яблыкаў у гэтым годзе было шмат, таму прышлося з імі паваждацца — рабілі сок, сушылі».

Увогуле, як прызнаецца сам Іван, вялікай сям'і бывае складана сабрацца разам, асабліва са старэйшымі дзецьмі: у кожнага свае справы і клопаты.

«Нават на святы не заўсёды ўдаецца ўбачыцца з усімі. Але адносіны мы падтрымліваем, і ўсе мае дзеці ведаюць, што могуць звярнуцца да мяне па падтрымку і параду. Нядаўна ў мяне быў юбілей — 50 гадоў, і старэйшыя дзеці падарылі мне новы тэлефон. Вядома, было прыемна. А з тымі, хто яшчэ жыве са мной, стараемся хаця б раз на тыдзень збірацца, абмяркоўваць вучобу, штодзённыя справы і планы: хто паедзе на лецішча, а хто застанецца дома».

Таксама Іван з дзецьмі час ад часу ездзіць у родную вёску, якая знаходзіцца ў Мядзельскім раёне. Бацькоў мужчыны даўно няма — бацькі не стала ў той жа самы год, калі памерла Вольга.

— Але там цяпер жыве цётка Валя — другая жонка таты. Мы з дзецьмі і мой брат са сваёй сям'ёй прыязджаем часам да яе ў госці, дапамагаем па гаспадарцы. Усё ж такі ўжо пажылы чалавек, складанавата ёй.

— Што вам дапамагло не апусціць рукі, калі вы засталіся з дзецьмі адзін?

— Калі ў чалавека ёсць трывалы падмурак, ён можа ўстаяць нават у самыя цяжкія часы. А калі яго няма, то тады складаней — хтосьці за гарэлку хапаецца, хтосьці за іншы дэструктыў і проста паступова руйнуецца. У мяне гэты падмурак ёсць: гэта вера, надзея, любоў. У Бібліі напісана: «Панылы дух сушыць косці». Сам стараюся не нудзіцца і дзяцей гэтаму вучу.

Яшчэ адна важная частка жыцця Івана, яго натхненне і аддушына — гэта музыка. У дзевяностыя гады мужчына скончыў музычнае вучылішча па класе духавых і ўдарных інструментаў і некалькі гадоў нават працаваў педагогам па спецыяльнасці.

«Цяпер я кірую аркестрам у царкве і навучаю маладых музыкаў, пяю ў хоры. На фартэпіяна, гітары таксама граю з задавальненнем. З музыкай у мяне даўняя дружба — яна дапамагае пражываць і смутак, і радасці. Ды і сяброў у мяне шмат з музычнага вучылішча — дагэтуль камунікуем. Нядаўна вось нас з дзецьмі запрашалі на канцэрт народнага аркестра. Калі дзеці былі маленькімі, мы больш разам спявалі, цяпер ужо не так. Але я нікога не прымушаю: лічу, што чалавек павінен займацца тым, да чаго яго душа цягнецца і да чаго ёсць задаткі».

— А калыханкі дзецям спявалі, калі яны былі зусім маленькія?

— Вядома!

Каб не быць галаслоўным, Іван бярэ гітару і грае пару песень і гасцям.

«Як вазьму ў рукі інструмент — не магу спыніцца. Зацягвае!»

Іван прызнаецца: ён не думаў, што ў такім узросце застанецца без жонкі. Уяўляў, як яны з Вольгай выгадуюць дзяцей, разам састарэюць, будуць на пенсіі ездзіць да мора…

— Але, на жаль, не заўсёды атрымліваецца так, як нам хочацца. Але аднаму нядобра… Хацелася б, вядома, каб была спадарожніца…

— А з дзецьмі пра гэта размаўлялі — пра тое, што вы можаце другі раз ажаніцца?

— Ну, чыста тэарэтычна мы гэта абмяркоўвалі. Усе па-рознаму ставяцца, але ў цэлым — з разуменнем.

— Іван, а вы ўвогуле строгі бацька?

— Хутчэй прынцыповы. Я за справядлівасць, пастаянна тлумачу дзецям: калі хтосьці менш робіць, значыць, у кагосьці спраў больш. А так, увогуле, думаю, што я добры тата.

Каментары4

  • UFO
    21.10.2026
    Крэмень а не чалавек!
  • Андрусь
    21.10.2026
    Скруха... Усё ў жыцці спадара завязана на расію. Дачку на той бок зарыентаваў і яна туды з'ехала, сам у "Яндэксе" працуе...
    Ці ёсць шанцы ў Беларусі зрабіцца беларускаю?
  • Ляпала
    21.10.2026
    Андрусь, а дзе людзям грошы зарабляць на жыццё? можа, твая Прэзідэнтка ці Урсула Фандэрлян хоць адно працоўнае месца стварыла для беларусаў, га?

Цяпер чытаюць

Малодшы сын Сахашчыка абвешчаны зніклым без вестак. Выглядае, ён ваяваў за Расію99

Малодшы сын Сахашчыка абвешчаны зніклым без вестак. Выглядае, ён ваяваў за Расію

Усе навіны →
Усе навіны

Уіткаф назваў Пуціна гуманістам25

Кіраўнік кампаніі паспрабаваў уладкавацца на працу па вакансіі ў сваю фірму — і не прайшоў адбор6

Гродзенец прадае паштовую марку XIX стагоддзя. Просіць 1400 рублёў1

Пуцін прапанаваў Уіткафу абмеркаваць магчымую сустрэчу з Трампам у Кітаі1

Перамовы Пуціна і Уіткафа пачаліся з вызвалення 74‑гадовага амерыканца з расійскай турмы. Як і абяцаў Трамп2

PandaDoc звольніў частку каманды7

Музыкі Relikt і Уладзь Лянкевіч выпусцілі альбом Filamaty пра таемнае студэнцкае таварыства XIX стагоддзя1

Адрэзаў сабе ступню нажом для тушонкі і працягваў ваяваць. Гісторыя ўкраінца, якога эвакуявалі беспілотнікам пасля 491 дня на пазіцыі34

Навукоўцы стварылі таблеткі ад аблысення1

больш чытаных навін
больш лайканых навін

Малодшы сын Сахашчыка абвешчаны зніклым без вестак. Выглядае, ён ваяваў за Расію99

Малодшы сын Сахашчыка абвешчаны зніклым без вестак. Выглядае, ён ваяваў за Расію

Галоўнае
Усе навіны →

Заўвага:

 

 

 

 

Закрыць Паведаміць