Дзяржбяспека Літвы: «Наш дом» Карач штучна стварае ўмовы, каб беларусы, што не адпавядаюць крытэрыям міжнароднай абароны, атрымлівалі ВНЖ у Літве
Міністр унутраных спраў Літвы Марцінас Кацялінас звернецца ў праваахоўныя органы, каб тыя ацанілі дзейнасць Вольгі Карач і яе арганізацыі. Суд можа разгледзець і пытанне ліквідацыі «Нашага дома».

Паводле ацэнкі Дэпартамента дзяржаўнай бяспекі (ДДБ) Літвы, грамадская ўстанова «Наш дом» («Mūsų namai»), якую ўзначальвае Вольга Карач, стварае спрыяльныя ўмовы для таго, каб у Літву траплялі і легалізаваліся асобы, якія супрацоўнічаюць са спецслужбамі варожых краін.
Пра гэта гаворыцца ў заяве, якую 19 кастрычніка апублікавала Міністэрства ўнутраных спраў Літвы.
ДДБ апісвае механізм так. Улады Беларусі прызналі «Наш дом» экстрэмісцкай арганізацыяй, і менавіта праз гэты статус штучна ствараюцца абставіны, каб звязаныя з арганізацыяй беларусы, якія не адпавядаюць крытэрыям міжнароднай абароны, атрымлівалі дазволы на жыхарства ў Літве.
Паводле ДДБ, такая схема спрыяе злоўжыванню правам на міжнародную абарону.
Фактычна гаворка ідзе пра тое, што любы беларус, які нават не мае палітычнага пераследу на радзіме, можа паўдзельнічаць у мітынгу ў Вільні са сцягам «Нашага дома», а пасля падаць дакументы на атрыманне палітычнага прытулку ў Літве — з аргументам, што цяпер яму пагражае крымінальны пераслед за супрацоўніцтва з «Нашым домам». І літоўская дзяржава павінна браць такіх людзей пад ахову, выдаючы ім бестэрміновы пастаянны дазвол на жыхарства.
Саму Карач літоўскія спецслужбы лічыць пагрозай дзяржаўнай бяспецы. Паводле ацэнкі сілавікоў, яна актыўна распаўсюджвае ў сацыяльных сетках інфармацыю, якая адпавядае наратывам расейскай прапаганды: дыскрэдытуе Літву, прымяншае падтрымку Украіны і распальвае недавер да літоўскіх дзяржаўных інстытутаў. ДДБ таксама сцвярджае, што ў 2015—2019 гадах Карач супрацоўнічала з расійскімі спецслужбамі.
Аднак выслаць Карач з Літвы не могуць, бо высылка ў Беларусь пагражала б яе бяспецы. Паводле закона, такім замежнікам, якіх нельга выслаць, выдаецца дазвол на жыхарства на тэрмін да аднаго года, які дае і права працаваць.
«Сітуацыя і абсурдная: нашы выведвальныя інстытуцыі канстатуюць, што канкрэтная асоба стварае пагрозу нацыянальнай бяспецы, але выслаць яе не дазваляе міжнароднае права, таму дзяржава сама мусіць выдаць такой асобе дазвол тут жыць і працаваць. Больш за тое, за выдачу такога дазволу плаціць не сама асоба, чыя дзейнасць шкодзіць нашай дзяржаве, а літоўскія падаткаплатнікі», — заявіў міністр унутраных спраў Літвы Марцінас Кацялінас.

Кацялінас абвясціў шэраг крокаў. Ён звернецца ў адпаведныя органы, каб тыя далі юрыдычную ацэнку дзейнасці Карач і «Нашага дома», якая, паводле міністэрства, супярэчыць інтарэсам нацыянальнай бяспекі Літвы. Будзе ацэнена, якія меры можна прыняць у дачыненні да юрыдычных асоб, звязаных з асобамі, што ствараюць пагрозу нацыянальнай бяспецы. Калі для гэтага будуць прадугледжаныя законам падставы, суд можа вырашыць і пытанне ліквідацыі юрыдычнай асобы.
Дэпартамент міграцыі павінен праверыць, ці няма ў Карач і падобных персанажаў грамадзянства іншых краін, права жыць у іншых дзяржавах або іншых законных магчымасцяў выехаць у бяспечную трэцюю краіну.
Паводле міністэрства, юрыдычна высылка ў бяспечную трэцюю краіну магчымая, аднак для прымусовай высылкі патрэбныя прававая падстава і дзяржава, якая пагодзіцца такую асобу прыняць.
«Літва — не тое месца, дзе можна злоўжываць прававой абаронай і яшчэ шкодзіць бяспецы нашай дзяржавы. Калі мы не можам выслаць асобу, якая дзейнічае супраць нашай дзяржавы, гэта не значыць, што мы павінны ствараць ёй умовы і ўсе магчымасці тут жыць. Наша дзяржава не бяссільная і такой быць не можа», — заявіў Кацялінас.
Чытайце таксама:
«Можна атрымліваць грошы пад барацьбу за правы трансгендараў, можна — супраць іх». Вольга Карач — пра жыццё ў Вільні, хваробы і даходы
Хто такая Вольга Карач, якая хоча падсядзець Ціханоўскую?
Цяпер чытаюць
«Людзі каментавалі, што сальманела ўвайшла ў чат». Беларус паехаў працаваць у Крэмніевую даліну — і стаў кулінарным блогерам на 28 мільярдаў праглядаў
Каментары