Навука і тэхналогіі55

Нобелеўскі лаўрэат чакае з'яўлення штучнага інтэлекту чалавечага ўзроўню ўжо праз два-тры гады. Што зможа разумная тэхніка?

Нобелеўскі лаўрэат Дэміс Хасабіс — адзін са стваральнікаў Google DeepMind. Ён спадзяецца, што новая тэхналогія дапаможа перамагчы цяжкія хваробы і раскрыць фундаментальныя таямніцы Сусвету. Але папярэджвае і пра страшныя небяспекі для кожнага з нас. Пра свае чаканні навуковец расказаў у інтэрв'ю The Wall Street Journal.

Сузаснавальнік і генеральны дырэктар Google DeepMind Дэміс Хасабіс, выступае на канферэнцыі Google I/O ў Маунтын-В'ю (Каліфорнія, ЗША), 19 мая 2026 года. Фота: Jeff Chiu / AP

Яшчэ ў чатыры гады Дэміс Хасабіс захапіўся шахматамі. Ён быў настолькі маленькі, што яму даводзілася сядзець на тоўстым тэлефонным даведніку, каб бачыць дошку. Да 12 гадоў хлопчык стаў адным з наймацнейшых шахматыстаў свету ў сваёй узроставай катэгорыі, а на прызавыя грошы з турніраў купіў першы камп'ютар.

Неўзабаве камп'ютары зацікавілі яго нават больш за шахматы. У 16 гадоў Хасабіс ужо працаваў у кампаніі па распрацоўцы відэагульняў і эксперыментаваў з раннімі тэхналогіямі штучнага інтэлекту. Яго поспехі былі настолькі ўражальнымі, што кіраўнік прапанаваў юнаку мільён фунтаў, каб той адмовіўся ад універсітэта і застаўся ў кампаніі. Аднак Хасабіс выбраў вучобу ў Кембрыджы, дзе вывучаў інфарматыку.

Пазней ён захапіўся даследаваннем чалавечага мозгу і атрымаў доктарскую ступень у галіне нейранавукі. Хасабіса цікавіла, як працуе чалавечае мысленне і ці можна стварыць машыну з падобнымі здольнасцямі. У 2010 годзе ён заснаваў даследчую кампанію DeepMind, дзе гэтыя ідэі пачалі ўвасабляцца ў жыццё.

Спачатку даследчыкі вучылі штучны інтэлект гуляць у старыя камп'ютарныя гульні. Сістэмы паступова навучаліся на ўласным досведзе і ўрэшце пераўзыходзілі чалавечых гульцоў. У 2014 годзе Google набыў DeepMind за $650 мільёнаў, а праз два гады яе распрацоўка AlphaGo перамагла аднаго з наймацнейшых гульцоў свету ў го, старажытную настольную гульню, якая лічыцца значна складанейшай за шахматы.

Аднак Хасабіс ад пачатку разглядаў гульні толькі як спосаб праверыць магчымасці новай тэхналогіі. Значна больш яго цікавіла, ці зможа штучны інтэлект вырашаць складаныя навуковыя праблемы. Адной з такіх задач стала прадказанне структуры бялкоў, над якой біёлагі працавалі дзесяцігоддзямі.

У 2020 годзе створаная ў DeepMind сістэма AlphaFold здзейсніла прарыў у гэтай галіне. Яна навучылася з высокай дакладнасцю прадказваць трохмерную структуру бялкоў, форма якіх шмат у чым вызначае іх функцыі ў арганізме. Гэта адкрыла новыя магчымасці для вывучэння хвароб і распрацоўкі лекаў.

Пазней з дапамогай AlphaFold даследчыкі прадказалі структуры больш як 200 мільёнаў бялкоў, практычна ўсіх вядомых навуцы на той момант. Гэтыя даныя зрабілі бясплатна даступнымі навукоўцам ва ўсім свеце. За працу над AlphaFold у 2024 годзе Дэміс Хасабіс разам з калегам Джонам Джамперам атрымаў Нобелеўскую прэмію па хіміі.

Лагатып Google DeepMind на офісным будынку ў Лондане. Фота: AP Photo / Alastair Grant

Аднак навуковец перакананы, што найбольш значныя адкрыцці яшчэ наперадзе. Ён спадзяецца, што ў будучыні штучны інтэлект зможа не проста дапамагаць у вырашэнні асобных навуковых задач, а самастойна рабіць фундаментальныя адкрыцці.

У інтэрв'ю The Wall Street Journal Хасабіс заявіў, што так званы агульны штучны інтэлект (AGI) — сістэма з шырокім спектрам інтэлектуальных здольнасцяў, супастаўных з чалавечымі, — можа з'явіцца ўжо праз два-тры гады. Яшчэ раней сёлета ён ацэньваў гэты тэрмін у тры-пяць гадоў.

Ці дапаможа ШІ перамагчы рак?

Тэхналагічныя кампаніі ўжо шмат гадоў абяцаюць, што штучны інтэлект дапаможа чалавецтву перамагчы рак. Дэміс Хасабіс лічыць, што цяпер прыйшоў час пераходзіць ад абяцанняў да рэальных вынікаў. На яго думку, менавіта поспехі ў лячэнні цяжкіх захворванняў могуць пераканаць людзей у карысці новай тэхналогіі.

Для гэтага навуковец заснаваў кампанію Isomorphic Labs, якая выкарыстоўвае ШІ для распрацоўкі лекаў. Прычым яе мэта значна шырэйшая за пошук сродку супраць адной хваробы. Хасабіс хоча стварыць сістэму, якая кардынальна зменіць сам працэс адкрыцця новых прэпаратаў і дазволіць знаходзіць патэнцыйныя лекі ад мноства захворванняў.

Сёння шлях ад перспектыўнага рэчыва да гатовага прэпарату можа займаць шмат гадоў. Нават калі штучны інтэлект дапаможа хутчэй знаходзіць такія рэчывы, іх усё роўна трэба будзе правяраць на эфектыўнасць і бяспеку. Хасабіс разумее складанасць гэтай задачы, але не бачыць непераадольных перашкод для яе вырашэння.

Ён спадзяецца, што з развіццём ШІ навуковыя адкрыцці пачнуць адбывацца значна хутчэй, а распрацоўка новых метадаў лячэння стане больш эфектыўнай. Аднак пакуль гаворка пра амбіцыйныя планы, а не пра знойдзеныя з дапамогай ШІ лекі ад раку.

Ці зможа ШІ паўтарыць адкрыцці Эйнштэйна?

Каб ацаніць, ці сапраўды штучны інтэлект дасягнуў чалавечага ўзроўню і здольны самастойна рабіць навуковыя адкрыцці, Хасабіс прапануе незвычайны крытэрый — так званы тэст Эйнштэйна.

Ідэя заключаецца ў тым, каб навучыць сістэму толькі на ведах, якімі чалавецтва валодала да 1901 года, а затым праверыць, ці здольная яна самастойна прыйсці да адкрыццяў Альберта Эйнштэйна 1905 года, у тым ліку да спецыяльнай тэорыі адноснасці. Калі машына справіцца, гэта будзе сведчыць, што яна ўмее не проста ўзнаўляць вядомую інфармацыю, а ствараць прынцыпова новыя навуковыя ідэі.

Хасабіс спадзяецца, што ў будучыні такія сістэмы дапамогуць даследчыкам адкрываць фундаментальныя законы фізікі і лепш зразумець прыроду рэальнасці.

Прэзідэнт ЗША Дональд Трамп размаўляе з кіраўніком Google DeepMind Дэмісам Хасабісам (у цэнтры) і прэзідэнтам Паўднёвай Карэі Лі Чжэ Мёнам падчас саміту G7 у Эвіяне-ле-Бэн (Францыя), 17 чэрвеня 2026 года. Фота: Julia Demaree Nikhinson / AP

Як зрабіць магутны ШІ бяспечным?

Нягледзячы на аптымізм, Хасабіс прызнае, што развіццё штучнага інтэлекту нясе сур'ёзныя рызыкі. Паводле маштабу ўплыву на чалавецтва ён параўноўвае гэтую тэхналогію хутчэй з адкрыццём агню або электрычнасці, чым са з'яўленнем інтэрнэту. Каб зменшыць магчымую небяспеку, навуковец прапануе стварыць спецыяльную арганізацыю, якая будзе правяраць найбольш магутныя сістэмы ШІ перад іх публічным выпускам. Фінансаваць яе павінны самі тэхналагічныя кампаніі, але працаваць яна мусіць пад дзяржаўным наглядам.

Пры гэтым Хасабіс перасцерагае ад паспешлівага ўвядзення абмежаванняў. Штучны інтэлект развіваецца настолькі хутка, што правілы могуць састарэць яшчэ да таго, як пачнуць дзейнічаць. Таму навуковец прапануе гнуткую сістэму кантролю, якую можна будзе змяняць разам з развіццём тэхналогій. На яго думку, няправільнае рэгуляванне можа прынесці больш шкоды, чым яго адсутнасць.

Галоўнай задачай найбліжэйшых гадоў Хасабіс лічыць не толькі стварэнне штучнага інтэлекту чалавечага ўзроўню, але і забеспячэнне яго бяспечнага выкарыстання на карысць усім людзям. Ён заклікае ўжо цяпер абмяркоўваць, як з'яўленне AGI зменіць грамадства і што трэба зрабіць, каб яго перавагі былі даступныя кожнаму.

Сам навуковец спадзяецца, што ў будучыні зможа разам з магутнымі сістэмамі ШІ і вядучымі даследчыкамі шукаць адказы на фундаментальныя пытанні фізікі і лепш зразумець прыроду Сусвету.

Каментары5

  • калькулятар таксама ў чымсці пераўзыйшоў чалавека
    22.10.2026
    2 гады таму казалі тое самае, а зараз ён усё яшчэ тупіць і галюцынуе
  • Serge
    22.10.2026
    ШІ найбольш "паспяхова" выкарыстоўваецца для вайны.
  • мамкін футурыст
    22.10.2026
    Але, 12 год усе кампаніі пладзілі макаронны і карры- код з дапамогаю таннай працоўнай сілы з краін трэцяга свету (сам вінны, каюся). Любы працэс раздуваўся да касмічных памераў, дубліраваўся і перакрываўся.

    А зараз гэта ўсё ўпіхнулі ў алгарытм, які апраксіміруе ўсе семантычныя ланцугі.
    У выніку замест лічбавага бога атрымліваецца лічбавы джамшуд.

Цяпер чытаюць

«З расіян-наведнікаў працэнтаў 70 аказваліся ватнікамі». Экс-гід з музея ВАВ, якога затрымлівалі яго ж экскурсанты, цяпер папулярны ў Варшаве — пагутарылі з ім4

«З расіян-наведнікаў працэнтаў 70 аказваліся ватнікамі». Экс-гід з музея ВАВ, якога затрымлівалі яго ж экскурсанты, цяпер папулярны ў Варшаве — пагутарылі з ім

Усе навіны →
Усе навіны

Ціханоўскі іранізуе з жонкі: Лукашэнка дапамагае ёй і клапоціцца, нават калі была пагроза дзецям, перадалі ўсю інфармацыю Польшчы71

У Мінску з'явіліся першыя кантэйнеры для збору тэкстыльных адкідаў. Штотыдзень будуць з'яўляцца новыя2

Лукашэнка зрабіў новыя перастаноўкі ў войску3

Здзелка Трампа з Пуціным: чым за яе могуць заплаціць Украіна і Беларусь28

Новая расійская ракета «Філін»: чым яна небяспечная і як можа замяніць шахеды1

Мінчук пайшоў уладкоўвацца на працу, а там яму прымроіўся пажар

Закінутую прыбіральню на беразе Драздоў прадалі за кошт двухпакаёвай кватэры ў Мінску4

У Беларусі запусцілі «Дошку» — аналаг заходняга Miro1

У Польшчы затрымалі другога падазраванага ў забойстве мастака Сямёна Скрапецкага4

больш чытаных навін
больш лайканых навін

«З расіян-наведнікаў працэнтаў 70 аказваліся ватнікамі». Экс-гід з музея ВАВ, якога затрымлівалі яго ж экскурсанты, цяпер папулярны ў Варшаве — пагутарылі з ім4

«З расіян-наведнікаў працэнтаў 70 аказваліся ватнікамі». Экс-гід з музея ВАВ, якога затрымлівалі яго ж экскурсанты, цяпер папулярны ў Варшаве — пагутарылі з ім

Галоўнае
Усе навіны →

Заўвага:

 

 

 

 

Закрыць Паведаміць