Адміністратарка «Штаба Аношак» валодае беларускай кампаніяй, датычнай да паставак санкцыйных паўправаднікоў у ваюючую Расію
Марына Космач пачынала ў штабе Святланы Ціханоўскай, а пасля стала на чале канала, які гадамі атакуе беларускія дэмакратычныя сілы. Яе муж Алег Маісееў арыштаваны ў Эстоніі за адмыванне грошай.

Днямі «Наша Ніва» расказала пра Алега Маісеева — былую давераную асобу Святланы Ціханоўскай і яе кіроўцу падчас выбарчай кампаніі 2020 года, які цяпер знаходзіцца ў эстонскай турме паводле абвінавачання ў адмыванні грошай.
У гэтай гісторыі ўзнікла і імя яго жонкі Марыны Космач. Лічбавы след указвае на яе датычнасць да тэлеграм-канала «Штаб Аношка», які гадамі займаецца дыскрэдытацыяй беларускіх дэмакратычных структур.
Высветлілася, што Космач дагэтуль застаецца ўласніцай беларускай кампаніі, якая ўдзельнічае ў схематозах па абыходзе санкцый і пастаўках у Расію абсталявання для вайсковых мэтаў.
Была ў штабе, пасля апынулася ў іншым коле
Падчас перадвыбарчых падзей 2020 года Марына Космач была звязаная з штабам Святланы Ціханоўскай. Пасля пераезду ў Літву яна атрымала статус уцякачкі. Але з часам Марына Космач і яе муж апынуліся ў коле людзей, якія ваююць ужо не з рэжымам Лукашэнкі, а з яго праціўнікамі: Офісам Ціханоўскай, фондамі салідарнасці і незалежнымі медыя.
На сувязь Марыны Космач са «Штабам Аношка» ўказвае пакінуты ёю лічбавы след. Пад спасылкай у тэлеграме, апублікаванай ад імя канала, фэйсбук паказаў яе профіль і аўтаматычную пазнаку: «Марына падзялілася гэтым з вамі». Гэта сведчыць, што спасылка была перасланая ў канал з яе прыватнага акаўнта.

«Штаб Аношка» з’явіўся пры канцы 2020 года. Аўтары канала злівалі ўнутраныя перапіскі і фінансавыя дакументы дэмакратычных структур, атакавалі Офіс Ціханоўскай, фонды BYSOL і BY_Help, незалежныя медыя, а таксама тых прадстаўнікоў дэмакратычнага руху, якіх адначасова пляжыла і дзяржаўная прапаганда.
Частка скрыншотаў з унутранай перапіскі была праўдзівай — іх зліў пацук. Святлану Галузу ўзялі працаваць асабістай асістэнткай Андрэя Стрыжака, таму яна мела доступ да яго прыватных анлайн-размоваў. І калі пакрыўдзілася на працадаўцу, нарабіла скрыншотаў. Так яны і трапілі ў інтэрнэт.
Адзін з «Аношак», Ілля Бягун, вярнуўся ў Беларусь і стаў героем прапагандысцкіх сюжэтаў, а ўрэшце паехаў на фронт ваяваць за Расію.
Бягун у дзяржСМІ сцвярджаў, што дзейнасць «Штаба Аношак» каардынавала і фінансавала Вольга Карач, якая сама меціла на ролю лідаркі апазіцыі.
Чытайце архіўны матэрыял за 2021 год: «Трэба было прыбраць паразітаў з акружэння Ціханоўскай». Бягун заявіў, што Карач фінансуе канал з кампраматам на Стрыжака і Вячорку
«Людзі свабоды»
22 красавіка 2021 года ў Літве была зарэгістраваная грамадская ўстанова VšĮ «Laisvės žmonės», што перакладаецца як «Людзі свабоды». Яе заснавалі трое грамадзян Беларусі, а дырэктаркай стала Марына Космач.
Яна ўзначальвала арганізацыю ад моманту рэгістрацыі да лютага 2026 года, калі дырэктарам стаў яе муж Алег Маісееў. Аднак калі ў чэрвені 2026 года яго арыштавалі ў Эстоніі, дырэктаркай «Людзей свабоды» зноў стала Марына Космач.
За 2021—2023 арганізацыя атрымала каля 120 тысяч еўра. А з 2024 года фінансавая дзейнасць «Людзей свабоды» фактычна спынілася: у справаздачах пазначаныя нулявыя даходы і выдаткі.
Арганізацыя заявіла мэтамі дабрачынную і сацыяльную дапамогу ахвярам войнаў і іншых бедстваў, культурную дзейнасць і падтрымку людзей.
Цікава, што ў тлумачальных запісках «Людзей свабоды» замест уласнага рэгістрацыйнага кода 305740299 некалькі гадоў запар стаяў код 305633703. Ён належыць іншай арганізацыі — фонду «Краіна для жыцця». Больш за тое, абедзве арганізацыі былі зарэгістраваныя па адным адрасе: Кальварыйская вуліца (Kalvarijų g.), 125 у Вільні.
Уласніца кампаніі, якая вазіла тэхніку ў Расію
Пры гэтым у Марыны Космач працягвае працаваць і бізнэс у Беларусі — ёй належыць прадпрыемства «Тэфіда», якое займаецца запчасткамі для дарожна-будаўнічай тэхнікі і складскімі паслугамі. Кіруе кампаніяй брат Марыны Космач, Аляксандр Шыбко.
У 2024 годзе міжнародны цэнтр расследаванняў OCCRP і Buro Media высветлілі, што склад «Тэфіды» выкарыстоўваўся ў схеме так званага фальшывага транзіту ў абыход санкцый на карысць ваеннай машыны Расіі.
Абсталяванне для вытворчасці паўправаднікоў і электронных кампанентаў афармлялі на казахстанскую кампанію «КБР-Тэхналогіі». Але ў Казахстан, на думку расследавальнікаў, яно магло не даязджаць: тавар трапляў у Беларусь, а пасля — у Расію.
У 2022 годзе праз «Тэфіду» прайшлі шэсць партый абсталявання на суму каля $716 тысяч. З сакавіка па жнівень 2023 года кампанія, паводле мытных даных расследавальнікаў, адправіла ў Расію абсталявання яшчэ прыкладна на пяць мільёнаў долараў. Частка паставак прызначалася групе «ОСТЕК» і звязаным з ёй кампаніям. «ОСТЕК» пастаўляў абсталяванне расійскаму Цэнтральнаму навукова-даследчаму інстытуту хіміі і механікі. Інстытут звязаны з вытворчасцю расійскай ваеннай тэхнікі, у тым ліку боепрыпасаў.
«Наша Ніва» звярнулася па каментар да Марыны Космач. Яна пацвердзіла, што застаецца ўласніцай «Тэфіды» да гэтага часу, аднак запэўніла, што не ўдзельнічае ў кіраванні кампаніяй і не прымае рашэнняў наконт яе дзейнасці.
Паводле Космач, для выхаду з ліку заснавальнікаў ёй трэба вярнуцца ў Беларусь, чаго яна зрабіць не можа. Кампаніяй, як яна кажа, кіруе яе брат, але цяпер яны амаль не кантактуюць: апошні раз размаўлялі некалькі месяцаў таму.
Пра пастаўкі абсталявання ў Расію Марына Космач, паводле яе слоў, даведалася пасля выхаду расследавання «Бюро». Тады яна звязалася з братам і папрасіла растлумачыць сітуацыю. Той запэўніў яе, што «Тэфіда» нічога не пастаўляла, а толькі аказала паслугу часовага захоўвання грузу казахстанскай кампаніі на складзе.
Космач перадала расследавальнікам дакументы, з якіх вынікае, што «Тэфіда» ўдзельнічала ў лагістычным ланцужку — прымала груз на захоўванне, займалася яго мытным афармленнем і павінна была накіраваць далей, — але не была прадаўцом або вытворцам абсталявання.
«Я з’яўляюся заснавальніцай кампаніі, але ніякіх кіраўніцкіх або іншых рашэнняў у яе дзейнасці не прымаю і нават не ведаю, ці працуе яна цяпер», — сказала «Нашай Ніве» Марына Космач.
«З расіян-наведнікаў працэнтаў 70 аказваліся ватнікамі». Экс-гід з музея ВАВ, якога затрымлівалі яго ж экскурсанты, цяпер папулярны ў Варшаве — пагутарылі з ім
Каментары
Атрымала адкуль, з КДБ? Хто фінансуе такую дзейнасць? Хто фінансуе Карач?