Small Boss Мінскага мора. Як 18‑гадовая дзяўчына стала капітанам яхты
У шэсць гадоў Вікторыя да дрыжыкаў у нагах спалохалася вады і пайшла ў танцы, а ў 18 — атрымала правы на кіраванне яхтай. На беразе яе часта прымаюць за госцю. Невысокая, далікатная дзяўчына з мяккай усмешкай — рост усяго 160 сантыметраў і вага менш за 50 кг. Але варта Вікторыі выйсці да штурвала, падняць ветразі і ўпэўнена даць каманду экіпажу, як усе сумневы знікаюць. На вадзе яна — сапраўдны капітан. Замежныя госці нават прыдумалі для яе паважную мянушку — Small Boss. Журналісты выдання Times.by пагутарылі з капітанам пра пераадоленне дзіцячых страхаў, даведаліся, чаму кіраваць лодкай не складней, чым машынай, і як ветразевы спорт змяняе погляд на свет.

Сёння Вікторыі Герашчанцы 22 гады. Яна спрытна кіруе яхтай на Мінскім моры, навучае пачаткоўцаў, праводзіць майстар-класы і дапамагае людзям пражываць найбольш шчаслівыя моманты: ад рамантычных прапаноў рукі і сэрца да першых самастойных выхадаў пад ветразем.

Ад дзіцячага страху да сямейнай справы
Вікторыя вырасла ў вялікай сям’і — яна наймалодшая з шасцярых дзяцей (у яе чатыры старэйшыя браты і сястра). Браты з дзяцінства захапляліся ветразевым спортам, таму ў шэсць гадоў дзяўчынка ўпершыню паспрабавала сябе ў гэтай справе. Але першы выхад на ваду запомніўся ёй не рамантыкай, а моцным спалохам.
«Гэта была маленькая спартыўная лодка класа «Аптыміст», на якой звычайна трэніруюцца дзеці, — узгадвае яна. — Вецер тады быў сярэдні, трэнер падказваў з катара, а я сядзела адна ў малюсенькай яхце пасярод вады і адчайна спрабавала справіцца з хваляваннем. Памятаю, як дрыжэлі ногі. Было цікава, прыгожа, нават захапляльна, аднак я сказала сабе: «Дзякуй, але маё — гэта танцы». І на час забылася пра ветразі».
Пасля гэтага Віка сапраўды пайшла ў творчасць — прафесійна займалася танцамі і вакалам. Але ветразевы спорт яе ўсё ж не адпусціў. Праз гады адзін з братоў адкрыў уласны яхтавы бізнэс і паклікаў малодшую сястру дапамагаць у сезон.

Задачы былі простымі: сустракаць гасцей, выдаваць ратавальныя камізэлькі, тлумачыць правілы бяспекі і весці запіс кліентаў.
«Я ўпершыню ўбачыла яхтынг зусім з іншага боку. Гэта было штосьці неапісальнае. Новыя людзі, эмоцыі, шчаслівыя вочы пасля прагулак… Мяне гэта вельмі зараджала. У нейкі момант я зразумела: не хачу проста стаяць на беразе і выдаваць камізэлькі. Я хачу сама быць за штурвалам», — расказвае суразмоўца.
Міжнародны вопыт і «білет у іншы свет»
Дзіцячы страх саступіў месца мэтакіраванасці. У 18 гадоў Вікторыя атрымала беларускія ветразевыя правы, а ўжо ў 19 — міжнародны сертыфікат, які дазваляе кіраваць яхтамі за мяжой і браць іх у арэнду ў любым пункце свету.

Важным этапам для яе стала прафесійная практыка ў Турцыі. Тыднёвае інтэнсіўнае навучанне з пражываннем проста на лодцы, дзвюма штодзённымі трэніроўкамі і строгімі экзаменамі канчаткова сцерла статус пачаткоўкі.
«Мінскае мора ў нас усё ж маленькае, яхты прасцейшыя. А за мяжой — велізарныя марыны, магчымасць ісці ў адкрытае мора на цэлы дзень. Мы жылі на лодцы, самі гатавалі ежу, дзяжурылі, кожны дзень праходзілі новыя маршруты. Мне тады сказалі: «Пасля яхты ты ўжо не захочаш спыняцца ў гатэлях». І гэта праўда. З вады свет выглядае зусім інакш», — кажа дзяўчына.
Менавіта тады Вікторыя зразумела, што яхтынг — гэта не проста хобі ці сезонная праца, а яе білет у вялікі свет. Цяпер у яе ёсць мара: падарожнічаць пад ветразем па Міжземным моры — спачатку ўдваіх з каханым чалавекам, а ў будучыні і разам з дзецьмі.




Паводле яе слоў, зрабіць першы крок у гэты спорт у Беларусі не так складана, як здаецца. Атрымаць ветразевыя правы каштуе ненашмат даражэй, чым права на кіраванне аўтамабілем, а мінімальны кошт навучання стартуе ад 1600 рублёў. Правы на кіраванне выдае Дзяржаўная інспекцыя па маламерных суднах (ДІМС).
«Гэта не цяжэй, чым кіраваць машынай»
І хоць многім дагэтуль нязвыкла бачыць жанчыну каля руля, сама Вікторыя ставіцца да стэрэатыпаў спакойна.
«Калі людзі прыходзяць на прагулку, яны амаль заўсёды спачатку шукаюць мужчыну-капітана, — усміхаецца дзяўчына. — Але потым пачынаецца інструктаж, і ўсе хутка разумеюць: галоўны на судне — той, хто адказвае за бяспеку».

Яна ўпэўнена сочыць за надвор’ем, прымае рашэнні на вадзе і спакойна спраўляецца з сітуацыямі, якія пачаткоўцам здаюцца экстрэмальнымі. Пры гэтым сама кажа пра кіраванне суднам вельмі проста: «Гэта не цяжэй, чым кіраваць машынай».
На яе думку, найбольш складаная задача для пачаткоўца — не тэхніка і не фізічная нагрузка. Галоўнае — навучыцца адчуваць вецер:
«Калі ты разумееш, адкуль ён дзьме, усё становіцца прасцей. Ветразь напаўняецца, яхта пачынае слухацца, і ты ўжо кіруеш сітуацыяй, а не стыхія табой».
Перад кожным выхадам каманда правярае прагноз надвор’я, а на месцы ацэньвае рэальную абстаноўку: сілу ветру, кірунак, парывы, стан вады:
«Вопытны капітан бачыць вецер нават па рабізне на вадзе: заўважае парыў загадзя, разумее, як павядзе сябе судна, у які бок нахіліцца, і папярэджвае гасцей».


Для самой Вікторыі яхтынг даўно стаў найлепшай медытацыяй і спосабам аднавіцца. У разгар сезону дзяўчына праводзіць за штурвалам да 10—12 гадзін на дзень. Нагрузка каласальная, але нават пры такім графіку яна знаходзіць час, каб выйсці на ваду ў абсалютнай адзіноце.
«Толькі вецер, ветразі і цішыня. Для мяне гэта сапраўдны рэлакс, — кажа суразмоўца. — Мінімальная прагулка для мяне — дзве гадзіны. Менш проста не мае сэнсу: трэба паспець адчуць ваду, запаволіцца і пераключыцца ад гарадской мітусні».

Штыль ці дрэннае надвор’е яе не палохаюць — у кожным стане прыроды яна знаходзіць сваю прыгажосць: ад абсалютнага супакою да драйвавага спартыўнага рэжыму.
Месца, дзе робяць прапановы
Сёння Вікторыя выходзіць на ваду на яхце «Сафі» — лодцы, названай яе братам Андрэем у гонар сваёй дачкі. На яе борце кожныя выхадныя адбываюцца падзеі, якія людзі потым узгадваюць усё жыццё: тут святкуюць вяселлі, праводзяць стыльныя дзявочнікі і сямейныя фотасесіі. Але найчасцей сюды прыходзяць па рамантыку — робяць прапановы рукі і сэрца.

Мужчыны, паводле слоў Вікторыі, рыхтуюцца да гэтай падзеі куды больш сур’ёзна, чым здаецца збоку: вельмі перажываюць, часам нават прыязджаюць загадзя на рэпетыцыю.
«Мы дапамагаем ім прыдумаць ідэальны момант, падказваем, як лепш усё арганізаваць. Часта дзяўчаты нічога не падазраюць і думаюць, што прыехалі проста на прыгожую фотасесію. А потым пасярод вады гучыць запаветнае: «Выйдзеш за мяне?»
Але самае кранальнае, кажа капітан, — бачыць, як гэтыя пары праз некалькі гадоў вяртаюцца на борт ужо з дзецьмі:
«Ты разумееш, што не проста катаеш людзей, а ўкладваеш часцінку сябе ў гісторыю іх сям’і».




Акрамя камерцыйных прагулак, каманда Вікторыі кожны аўторак праводзіць бясплатныя дабрачынныя выхады на ваду для шматдзетных сем’яў, дзяцей і людзей з інваліднасцю.
«Нам хочацца паказаць людзям, што Мінскае мора — гэта не проста вада побач з мегаполісам. Гэта месца, дзе можна адчуць свабоду, прыгажосць і сапраўдны спакой. Мы ўкладаем у гэта душу і разумеем, што такімі эмоцыямі трэба дзяліцца», — падкрэслівае яна.
«Гэта не проста праца, гэта частка мяне»
Калі Вікторыю пытаюцца, ці бачыць яна яхтынг сваёй будучыняй, яна адказвае без ваганняў: «Так». Хоць прызнаецца, што ў яе жыцці быў перыяд, калі здавалася, што варта паспрабаваць сябе ў іншай сферы ці зусім адысці ад ветразевай справы. Але ўсё змянялася, як толькі яна зноў апынулася на палубе.




«Я прыязджаю на яхту, падымаю ветразі — і разумею, наколькі мне спакойна ўнутры. Гэта ўжо не проста праца, гэта частка мяне. Кожны раз, вяртаючыся на ваду, я атрымліваю не проста вопыт, а неапісальныя эмоцыі. Я іду пад ветразем, адчуваю, як мне класна, і разумею — гэта мой шлях».
Яшчэ некалькі гадоў таму жанчына-капітан у Беларусі была выключэннем з правілаў. Сёння сітуацыя паступова змяняецца.
Па словах Вікторыі, на Мінскім моры ўжо як мінімум дзесяць дзяўчат самастойна кіруюць яхтамі, а тых, хто ўмее хадзіць пад ветразем на пазіцыі матроса, — у разы больш.
Пры гэтым унутры яхтавай супольнасці практычна няма канкурэнцыі. Дзяўчаты-капітаны трымаюцца разам: падтрымліваюць адна адну, падказваюць, дзеляцца вопытам.
Усім, хто сумняваецца, ці варта спрабаваць сябе ў чымсьці новым, Small Boss дае простую параду:
«Можна баяцца, можна сумнявацца — гэта абсалютна нармальна. Галоўнае — спрабаваць і не баяцца задаваць пытанні. Дрэнных пытанняў не бывае. А потым у нейкі момант ты бярэшся за штурвал і разумееш: «Ваў, я магу! У мяне ўсё атрымаецца!»

З Мінска на пляж — усяго за 7 хвілін. Як мінчукі ляталі на Мінскае мора самалётамі
«Можаце называць мяне «мой капітан». Лідар гурта «Дай Дарогу!» Юрый Стыльскі адвучыўся на яхтсмена
«У каго большая лодка, той і мае рацыю». Кухар з Беларусі арганізуе туры на яхтах і катамаранах па ўсім свеце
«Адчуванне — фантастычнае». Ігар Кулей здзейсніў дзіцячую мару і стаў прыватным пілотам у Польшчы
Цяпер чытаюць
«Паставілі палаткі, развялі вогнішчы». МУС пацвердзіла затрыманне 350 чалавек пад Расонамі. Знайшлі і аргумент: «Многія ў голым выглядзе перад малалетнімі»
«Паставілі палаткі, развялі вогнішчы». МУС пацвердзіла затрыманне 350 чалавек пад Расонамі. Знайшлі і аргумент: «Многія ў голым выглядзе перад малалетнімі»
У Шэймана знайшлі яшчэ адну магчымую каханку і сына. Сакратарка без вышэйшай адукацыі за лічаныя гады стала ўласніцай раскошных дамоў і гандлёвага цэнтра
Каментары