Грамадства99

«Адчуванне — фантастычнае». Ігар Кулей здзейсніў дзіцячую мару і стаў прыватным пілотам у Польшчы

Ігар Кулей — беларускі журналіст, які больш за дзесяць гадоў працаваў на «Белсаце», здымаў сюжэты і вёў навіны. Але яшчэ з дзяцінства яго сапраўднай марай было лётаць. У 38 гадоў ён вырашыў, што далей цягнуць нельга, — і пайшоў вучыцца на прыватнага пілота. Журналісту выдання Most мужчына расказаў, як упершыню сеў за штурвал самалёта, колькі спатрэбілася часу і грошай, каб адвучыцца ў польскай авіяшколе, і куды ён паляціць, калі атрымае ліцэнзію.

стаць пілотам у Польшчы
Адзін з першых самастойных палётаў. Фота з архіва Ігара Кулея

Хацеў пайсці ў вайсковую авіяцыю, але перашкодзіў рост

Захапляцца авіяцыяй і касманаўтыкай Ігар пачаў яшчэ ў дзяцінстве — чытаў адпаведную літаратуру, ведаў біяграфіі пілотаў Другой сусветнай вайны, а ў самалёт-музей у родным горадзе хадзіў, як прызнаецца, «штодзень, як на абед».

«У маім брэсцкім мікрараёне «Усход» стаяў сапраўдны пасажырскі самалёт. Яго прывезлі ў 1985 годзе пасля нейкага саюзнага спаборніцтва. Там быў музей касманаўтыкі і авіяцыі, бо касманаўт Пятро Клімук родам з-пад Брэста. Унутры можна было сесці ў кабіну, паглядзець на арыгінальныя касцюмы, мундзіры, касмічныя артэфакты. Я пазнаёміўся з чалавекам, які там працаваў, і мы гадзінамі размаўлялі пра авіяцыю. Ён працаваў у савецкай сістэме, але не быў пілотам. Я слухаў яго гісторыі і яшчэ мацней упэўніваўся: хачу лётаць», — згадвае Ігар.

Мужчына кажа, што нават збіраўся паступаць у Вайсковую акадэмію, каб потым пайсці ў вайсковую авіяцыю. Для гэтага адмыслова хадзіў да рэпетытара па матэматыцы, таму што матэматыка і фізіка былі галоўнымі прадметамі для паступлення на авіяцыйны факультэт. Але калі Ігар быў у дзясятым класе, ягоны дзядуля прынёс кніжку з умовамі паступлення ў Вайсковую акадэмію Беларусі.

«Там было напісана, што ў вайсковыя лётчыкі прымаюць людзей ростам не вышэй за метр восемдзесят шэсць. А я ўжо быў вышэйшы за гэты рост, і я зразумеў, што па фізічных параметрах проста не магу стаць пілотам».

У журналістыку трапіў выпадкова

Жыццё пайшло іншым шляхам, і Ігар вырашыў паехаць вучыцца на палітолага ў Польшчу. А ў журналістыку беларус прыйшоў выпадкова. У той час ён быў адным з сузаснавальнікаў Беларускага дома ў Варшаве. Туды прыехаў нямецкі журналіст, які пазней і прапанаваў беларусу супрацоўніцтва. Потым былі дзесяць гадоў працы на «Белсаце», у тым ліку і кіраўніком аддзела навін. У канцы 2024 года Ігар Кулей звольніўся з тэлебачання і цяпер працуе ў Беларускім расследавальніцкім цэнтры.

За пяць гадоў 250 скачкоў з парашутам

У 2009 годзе Ігар вырашыў, што трэба хоць нешта зрабіць насустрач сваёй дзіцячай мары, і пайшоў займацца парашутным спортам. Скончыў у Польшчы курс і на працягу пяці гадоў даволі інтэнсіўна скакаў кожнае лета, а калі дазваляла надвор’е — і ўвосень.

«Мы ездзілі на лётнішча за 30 кіламетраў ад Варшавы. За гэтыя пяць гадоў я зрабіў крыху больш за 250 скачкоў», — згадвае суразмоўца.

стаць пілотам у Польшчы
Парашутныя заняткі. Фота з архіва Ігара Кулея

Дарэчы, там ён упершыню і паспрабаваў пакіраваць самалётам. Рэч у тым, што той, хто апошнім выскоквае, заўсёды сядзіць наперадзе, на месцы другога пілота. Пілоты, якія вывозілі парашутыстаў, часта давалі патрымаць штурвал.

«Гэта была даволі нудная праца для пілотаў: на працягу дня яны па дваццаць разоў узляталі на чатыры кіламетры, выкідвалі парашутыстаў і вярталіся зноў. Таму, калі я з імі пасябраваў, яны казалі: «Слухай, трымай правы штурвал, нос крыху ўверх і спіраллю з лёгкім крэнам падымайся ўверх на трыццаць градусаў». Я так сабе мог спакойна кіраваць хвілін дваццаць».

Прыйшоў на першы занятак — і адразу за штурвал

У 2023 годзе у дзень нараджэння (Ігару споўнілася тады 38) ён вырашыў, што прыйшоў час здзейсніць сваю дзіцячую мару — стаць пілотам.

«Чым большы ўзрост, тым цяжэй вучыцца і даведвацца пра штосьці новае. Да таго ж дзякуючы парашутнаму спорту я ўжо ведаў шмат людзей з самалётамі, з ліцэнзіямі. Разумеў, як гэта ўсё працуе знутры», — тлумачыць мужчына.

Так ён трапіў на першы азнаямленчы палёт. Будучым пілотам спачатку даюць пакіраваць самалётам, каб тыя былі ўпэўненыя, што гэта сапраўды ім патрэбна.

«Гэта як у аўташколе. Ты думаеш, што цябе спачатку будуць доўга вучыць правілам, а табе адразу даюць руль і кажуць: «Паехалі». У авіяцыі тое ж самае: цябе саджаюць на месца галоўнага пілота, інструктар сядае справа, робіць узлёт і пасадку, а ў паветры кажа: «Ну вось, ляці прама, цяпер паварочваем налева». Вядома, радыёкамунікацыю і навігацыю ты яшчэ не ўмееш весці, але асноўныя прынцыпы адразу пачынаеш адчуваць».

Так Ігар пачаў вучыцца ў авіяшколе, каб атрымаць ліцэнзію прыватнага пілота. Самалёт, на якім будучы пілот рабіў свае першыя спробы, — Cessna 172.

«Гэта адзін з самых папулярных лёгкіх самалётаў у свеце. Калі не памыляюся, гэта самы масавы маторны самалёт у гісторыі. Іх выпускаюць з 1950-х і да сённяшняга дня. Амаль палова пілотаў у свеце лётала ці вучыцца лётаць на гэтых машынах».

стаць пілотам у Польшчы
За штурвалам. Фота з архіва Ігара Кулея

Хто прыходзіць вучыцца ў авіяшколу

У авіяшколу, па назіраннях Ігара, прыходзяць вучыцца два тыпы людзей. Першыя — тыя, для каго авіяцыя — проста прыгода. Яны атрымліваюць ліцэнзію, каб час ад часу лётаць у сваё задавальненне.

«Напрыклад, можна ўзяць сяброў, падняцца ў неба пад Варшавай і паказаць ім хмарачосы, стадыён і іншыя цікавыя мясціны. Ці, напрыклад, узяць самалёт і злётаць у Гданьск на мора або ў горы на два-тры дні, а потым вярнуцца. Некаторыя людзі, якія маюць дастаткова фінансаў, нават купляюць уласныя самалёты. Я ведаю нямала прыкладаў, калі такія палёты становяцца для іх любімым хобі».

Другія — тыя, хто хоча стаць прафесійным пілотам, працаваць у авіякампаніі і лётаць на «Боінгах» ці «Эйрбасах», зарабляючы гэтым на жыццё. Навучанне ў такім выпадку будуецца модульна: пачынаецца з базавай ліцэнзіі, і паступова дадаюцца новыя ўзроўні падрыхтоўкі.

«Большасць камерцыйных пілотаў, якія лётаюць у авіякампаніях, пачынаюць свой шлях менавіта з гэтай ліцэнзіі. Спачатку атрымліваецца ліцэнзія на палёты на лёгкіх маторных самалётах. Пасля гэтага дадаюцца наступныя этапы і экзамены: дазвол лётаць па прыборах у складаных метэаўмовах, права на начныя палёты, сертыфікат на кіраванне двухматорнымі самалётамі, ліцэнзія на камерцыйныя палёты і, урэшце, кваліфікацыя на кіраванне рэактыўнымі самалётамі».

стаць пілотам у Польшчы
Ігар Кулей пралятае Нацыянальны стадыён у Варшаве. Фота з яго архіва

Шэсць гадзін палёту з інструктарам — і першае «сола»

Уся вучоба пабудаваная вакол аднаго этапу — першага самастойнага палёту. Пілоты называюць яго «сола». Пасля двух азнаямленчых палётаў пачынаецца бясконцае адточванне ўзлётаў і пасадак.

«Часам за дзень мы ўзляталі і садзіліся дзесяць разоў. Часта гэта робіцца канвеерам: ты дакранаешся коламі да паласы, даеш поўны газ і зноў узлятаеш. Самы складаны элемент — пасадка, яна патрабуе найвялікшай канцэнтрацыі».

Ігара да першага сола дапусцілі ўсяго пасля шасці гадзін налёту з інструктарам.

«Вельмі хутка, нават хутчэй, чым звычайна. Але ў мяне ўжо быў досвед палётаў з парашутыстамі і шмат гадзін у авіяцыйных сімулятарах на камп’ютары. І гэта сапраўды дапамагае».

Пасля сола трэба зрабіць яшчэ шмат самастойных пасадак. Потым — навучанне навігацыі. Інструктар вучыць цябе будаваць трасу па мапе, знаходзіць маякі, весці радыёсувязь.

«Пілотаў вучаць не толькі кіраваць самалётам, але і планаваць маршрут палёту. Трасу, па якой ты будзеш ляцець, трэба ўмець будаваць самастойна. Інструктар сочыць за працэсам, але галоўная мэта — каб вучань умеў разлічыць і выканаць палёт без знешніх падказак. Зараз, вядома, ёсць сучасныя электронныя карты і дадаткі, якія дазваляюць адсочваць сваю пазіцыю ў рэжыме рэальнага часу, нават на тэлефоне. Але пілотаў вучаць не спадзявацца толькі на электроніку: яна можа адмовіць, тэлефон можна забыцца. Таму трэба ведаць, як арыентавацца па класічных метадах і прыборах у кабіне, а калі яны выйдуць са строю — умець працягваць палёт і бяспечна вярнуцца».

стаць пілотам у Польшчы
Начны палёт. Фота з архіва Ігара Кулея

Унутраны і дзяржаўны экзамены

Спачатку палёты з інструктарам адбываюцца па вызначаных маршрутах. Пасля гэтага вучань самастойна выконвае падобныя заданні. Напрыклад, інструктар кажа: «Трэба паляцець у пэўную зону і знаходзіцца там гадзіну». Вучань выбірае пункт, напрыклад горад на поўнач ад Варшавы, ляціць туды, выконвае задачу і вяртаецца.

«Паступова заданні ўскладняюцца. Адзін з этапаў — паляцець па маршруце і прызямліцца на двух розных аэрадромах без інструктара, пасля чаго вярнуцца на свой асноўны аэрадром. Тут правяраюцца адразу некалькі навыкаў: пошук аэрадромаў, правільная радыёкамунікацыя, выстройванне заходу на пасадку і здольнасць не згубіцца ў паветры».

Пасля гэтых трэніровак вучань здае ўнутраны экзамен у школе. Ігар у мінулым годзе здаў унутраны экзамен у авіяшколе, а цяпер рыхтуецца да дзяржаўных экзаменаў у польскіх установах цывільнай авіяцыі. Пасля гэтага беларусу нарэшце выдадуць ліцэнзію пілота.

«Выпускны экзамен праводзіцца з дзяржаўным інструктарам, які мае афіцыйны атэстат. На гэтым палёце трэба прадэманстраваць, што ты здольны правільна выконваць усе неабходныя працэдуры, падтрымліваць радыёсувязь, весці самалёт, знаходзіць лётнішчы і бяспечна прызямляцца. Толькі пасля паспяховага выканання ўсіх гэтых патрабаванняў выдаецца ліцэнзія. У маім выпадку працэс зацягнуўся з-за пастаяннага дэфіцыту часу і праблем з надвор’ем. Асабліва гэта складана для студэнта-пілота, бо мы не маем права лётаць пры моцным бакавым ветры ці іншых неспрыяльных умовах».

стаць пілотам у Польшчы
Палёт разам з іншымі ўдзельнікамі. Фота з архіва Ігара Кулея

Кошт вучобы залежыць ад школы

Ліцэнзія прыватнага пілота ў Польшчы каштуе каля 10 тысяч еўра за поўны курс. Часам можна знайсці прапановы і за 8-9 тысяч у маленькіх школах, але яны могуць быць у невялікіх гарадах ці на маленькіх аэрадромах.

«У вялікай школе звычайна ёсць некалькі самалётаў і інструктараў, што дазваляе планаваць палёты без вялікіх затрымак. У маленькай школе могуць быць толькі адзін-два інструктары і адзін-два самалёты. А самалёты патрабуюць рамонту і тэхнічнага абслугоўвання, таму калі адзін паставяць на планавы рамонт, то лётаць проста няма на чым і навучанне можа зацягнуцца. Варшава — ідэальнае месца для вучобы. Вялікі авіяцыйны рух, шмат самалётаў, верталётаў. Гэта як вучыцца кіраваць аўтамабілем у вялікім горадзе — потым не страшна ездзіць дзе заўгодна».

Па выходных — сумесныя палёты на мора і ў горы

У школе, дзе вучыцца Ігар, ёсць традыцыя — на выходных арганізоўваць сумесныя вылеты.

«Збіраемся групай, сядаем на шэсць самалётаў — у кожны змяшчаецца па чатыры чалавекі — і ляцім, напрыклад, у горы. Бяром з сабой грылі, ежу, садзімся на мясцовым лётнішчы. Звычайна там побач ёсць недарагія начлегі — ад 15 да 20 еўра. Увечары распальваем вогнішча, смажым каўбаскі, адпачываем у гарах. На наступны дзень садзімся ў самалёты, ляцім, напрыклад, на мора — і такім чынам сумяшчаем вясёлае з карысным».

Для студэнтаў гэта асабліва каштоўна, адзначае суразмоўца. Такім чынам яны вучацца пракладаць маршруты, адпрацоўваць палёты.

«Часам маршруты праходзяць над замкамі — і можна ўбачыць самыя прыгожыя гістарычныя месцы Польшчы з вышыні».

стаць пілотам у Польшчы
Замак у Вальбжыху. Фота з архіва Ігара Кулея

Маршрут без папярэдніх дазволаў і званкоў

Узгадняць загадзя маршрут у Польшчы не трэба. Дастаткова перад вылетам папярэдзіць па радыёсувязі.

«Толькі трэба мець план палёту пасля заходу сонца — ён патрэбен, каб у выпадку праблем цябе маглі знайсці. Але яго можна аформіць літаральна за некалькі хвілін, нават праз тэлефон ужо падчас палёту. Мы так рабілі: затрымаліся з вылетам, зразумелі, што вернемся пасля заходу сонца без плана палёту — проста патэлефанавалі ў службу, назвалі нумар самалёта і пункт прызначэння, і праз 5—15 хвілін план быў зарэгістраваны. Пасля прызямлення трэба не забыць яго закрыць: патэлефанаваць і паведаміць, што ўсё ў парадку. Калі не закрыць — цябе пачнуць шукаць», — тлумачыць Ігар.

У Беларусі, кажа суразмоўца, правілы больш жорсткія.

«Калі я аднойчы хацеў паляцець над родным горадам, трэба было загадзя ўзгадніць маршрут. Умоўна кажучы, крок управа ці ўлева без дазволу ўжо немагчымы. Увесь маршрут падаецца ў дзяржаўную кантору — «Белаэранавігацыю», якая яго ўзгадняе».

Адчуванне — фантастычнае

Калі беларускі журналіст атрымае ліцэнзію, плануе ўзяць сяброў і сям’ю і паляцець над вячэрняй Варшавай. Сваіх дачок ён ужо браў аднойчы ў палёт. Праўда, толькі з інструктарам — аднаго яго пакуль не выпускаюць з дзецьмі. Але ўсё роўна, кажа мужчына, яны там вельмі весяліліся: рабілі фігуры, глядзелі ўніз, смяяліся.

«Увогуле гэта ўсё вельмі рамантычна. Памятаю, як у дзяцінстве чытаў Экзюперы, ягоны «Начны палёт». Гэта стварала вялікае ўражанне. І калі ляціш сам, сапраўды адчуваеш тое ж самае. Апісаць гэта цяжка, але адчуванне — фантастычнае. Магчыма, не ўсе ў гэтым бачаць радасць, але мы ўсе розныя. А я вось знаходжу яе менавіта тут».

Каментары9

  • Mr. Gold
    07.08.2025
    Indrid Cold , У "Жабцы" на касе зарабіў, не зайздросце.
  • Максим Дизайнер
    07.08.2025
    10 лет работать на канале, который никто не смотрит, при этом не голдат в Эвропе. Потом стать пилотом, носиться на самолетиках жарить колбаски на другой конец света. Что я в этой жизни делал не так?Нажо было становиться писакой текстов, а не айтишником.
  • Ляпата
    07.08.2025
    Indrid Cold , чэсна зарабіў 😂

Цяпер чытаюць

Іран афіцыйна пацвердзіў гібель аяталы Алі Хаменеі. Абвешчана 40‑дзённая жалоба14

Іран афіцыйна пацвердзіў гібель аяталы Алі Хаменеі. Абвешчана 40‑дзённая жалоба

Усе навіны →
Усе навіны

Змена іранскага рэжыму — не мэта аперацыі, — Ізраіль

З 1 сакавіка ГЦ Green City уводзіць платную начную стаянку

Адной з галоўных цэляў першай хвалі ўдараў па Іране былі лідары ісламскай рэспублікі7

У нядзелю чакаецца да +15. Надвор'е на першыя дні вясны1

Трамп: Калі мы скончым, вазьміце ўладу над сваім урадам. Ён будзе вашым14

Шпакоўскі: Жадаем Ірану мужнасці і стойкасці57

Ізраіль і ЗША рыхтуюцца да шматдзённага канфлікту з Іранам

Як асвоілася Святлана Ціханоўская ў Варшаве і ці ўжо пайшла на бокс? Распыталі11

ЗША і Ізраіль наносяць масіраваныя ракетныя ўдары па Іране60

больш чытаных навін
больш лайканых навін

Іран афіцыйна пацвердзіў гібель аяталы Алі Хаменеі. Абвешчана 40‑дзённая жалоба14

Іран афіцыйна пацвердзіў гібель аяталы Алі Хаменеі. Абвешчана 40‑дзённая жалоба

Галоўнае
Усе навіны →

Заўвага:

 

 

 

 

Закрыць Паведаміць