Грамадства

Памятаеце мінчука, які ў 2017‑м выратаваў сцяг з-пад ног амапаўцаў — коштам сваёй свабоды? Цяпер яму, былому палітвязню, трэба дапамога

Пасля ўдзелу ў пратэстах 2020 года Андрусь Асмалоўскі з'ехаў з Беларусі, але вярнуўся — праз угаворы каханай. А дома трапіў пад крыміналку і згубіў усё — сям’ю, бізнэс і маёмасць.

Андрусь Асмалоўскі ў 2017‑м уздымае сцяг каля плошчы Якуба Коласа. Скрыншот відэа
«Байсол» адкрыў збор, каб дапамагчы Андрусю пабудаваць жыццё на чужыне. Паўдзельнічаць можна тут.

Андрусь Асмалоўскі праславіўся на ўвесь інтэрнэт 25 сакавіка 2017 года, на Дзень Волі. Падчас хапуну на плошчы Якуба Коласа амапаўцы выбілі ў кагосьці з дэманстрантаў з рук бел-чырвона-белы сцяг, і той апынуўся на асфальце каля аўтазака. Як раптам у аб'ектывы камер трапіў хлопец — той самы Асмалоўскі. Андрусь гучна сказаў: «Падымаем сцяг ізноў!» — і ўзняў яго. Праз некалькі імгненняў хлопца таксама пацягнулі ў аўтазак.

Чытайце таксама:«Уздымаем сцяг назад». Гісторыя хлопца, які ўзняў сцяг і апынуўся ў аўтазаку

Увечары хлопца адпусцілі, без пратаколу. Ён лічыць, што гэта адбылося таму, што трапіўся ў першы раз. Але ў пратэсным руху Андрусь быў больш за 20 гадоў.

А пасля падзей 2020‑га Асмалоўскі стаў палітвязнем.

Фота: фэйсбук Асмалоўскага

«Так, вярнуцца ў Беларусь было маёй памылкай»

Па стане на 2020‑ты Асмалоўскі займаўся аўтамабілямі — быў прадстаўніком у Мінску камісійнай крамы, якая прадавала машыны па ўсёй краіне. Архітэктар па адукацыі, у вольны час Андрусь дапамагаў сябрам і знаёмым з дызайнам і архітэктурным праектаваннем.

Асмалоўскі ў 2019-м. Фота: БелаПАН

У верасні і кастрычніку 2020‑га Асмалоўскага затрымлівалі на маршах: адзін раз справа скончылася штрафам, другі — суткамі. Затрыманне было вельмі жорсткім, Андруся моцна збілі, развіўся неўроз правай часткі тулава.

А напрыканцы лістапада 2020‑га выклікалі ў Следчы камітэт. Ад допыту ён ўхіліўся, але пасля ператрусу па месцы рэгістрацыі ўсё ж пайшоў да сілавікоў. І гэта быў незваротны момант:

«Сказалі, што я падазраваны па справе па артыкуле 342. Шэнген у мяне быў, мне зрабілі яшчэ польскую нацыянальную візу, то я па-хуткаму сабраўся і выехаў у Польшчу».

У Польшчы яму, як пацярпеламу пасля сутак, «Беларускі Дом» прапанаваў некалькі тыдняў рэабілітацыі. Але ў першыя дні 2021‑га давялося ўсё ж заняцца будаўніцтвам жыцця на новым месцы, і Андрусь паехаў у Варшаву.

Ён зняў катэдж і пасяліў там беларусаў, збіраўся рабіць шэлтар. Але была адна праблема — каханая мужчыны адмаўлялася выязджаць з Беларусі, пакуль не вырашыць сямейныя складанасці і пытанні з дакументамі.

«Яна адмовілася прыязджаць да мяне, і мне фактычна праз гэта давялося вярнуцца ў Беларусь. А так я ўсё падрыхтаваў для яе — працу знайшоў ёй, набыў што трэба… Нешта давялося пакінуць, нешта раздаў».

Пакуль жанчына заставалася ў Беларусі, Асмалоўскі атрымліваў непрыемныя сігналы — бацькам Андруся званілі, і пазней ён зразумеў, што быў тады ў вышуку.

Асмалоўскі ў 2019-м. Фота: Tut.by

І ўсё ж ён выбраў ехаць у Беларусь. Чаму?

«Па-першае, мяне клікала мая грамадзянская жонка — казала, што мне нічога не пагражае і ўсё ў Беларусі ўжо даўно спынілася. Калі я вярнуўся, нас жа і павязалі толькі праз паўгода, абаіх. Прычым прыйшлі па яе, на яе адрас, а там і мяне знайшлі.

Вядома, быў наіўны. Думаў, што калі я ўжо пабыў на сутках і сплаціў штраф, то каму я там патрэбны. Так, гэта была мая памылка, але крыху рабіў гэта і праз адчай, бо ў нас пачалі псавацца стасункі», — разважае мужчына.

Калі Андрусь вяртаўся на радзіму, яго крыміналка была прыпыненая праз адсутнасць доказаў. І ўсё роўна прыезд у Беларусь атрымаўся неспакойны:

«На мяжы разважалі, што са мной рабіць. Увесь аўтобус ператрэслі, а мяне апошняга яшчэ трымалі, пакуль нарэшце не адпусцілі. Набралі ўсякіх падпісак — дзе я буду жыць, што буду рабіць, сказалі быць на сувязі і прыходзіць па першай позве».

На маршы ў 2020-м. Фота: Tut.by

«Я прызнаў віну толькі на закрыцці справы, калі даведаўся, што прызналі іншыя»

У Беларусі на Асмалоўскага, кажа ён, забыліся на паўгода — мужчына тлумачыць гэта тым, што на яго не знайшлі ніякіх істотных доказаў. Яго з каханай затрымалі пазней па іншым эпізодзе, за марш 23 жніўня 2020. Знайшлося фота актыву АГП з 6 членамі партыі — акрамя кіраўніка АГП Мікалая Казлова, там у тым ліку былі і Андрусь з партнёркай.

Былі на тым фота сцягі — нацыянальны і сцяг АГП. З тым фота іх і асудзілі па артыкуле 342:

«Фатаздымак усплыў, і ўсіх нас пацягнулі разам як саўдзельнікаў. Былі абцяжарваючыя абставіны — група асобаў, папярэдняя змова… Нас падзялілі на дзве групы, каб вылучыць кіраўнікоў тых груп і даць па максімуме: у адной групе вылучылі Казлова, у іншай — мяне. 

Зараз я б так не зрабіў, але тады зрабіў так, як казала грамадзянская жонка. Яна ўсё гаварыла, што трэба ўсё прызнаваць, дадуць два гады хіміі, пасядзім дома і адпачнем. Атрымалася, што мне далі тры гады калоніі, а ёй — два».

Суд вынес рашэнне па справе ў канцы кастрычніка 2022-га. Пакуль Андрусь і яго каханая яшчэ былі на Валадарцы, яны спрабавалі аформіць шлюб, але не паспелі аформіць дакументы. Папер трэба было шмат, бо яны абое былі разведзеныя.

Затрыманне Асмалоўскага ў 2020-м. Фота: архіў суразмоўцы

Шлюб прапанаваў Андрусь. Калі б усё атрымалася, каханыя атрымалі б магчымасць кантактаваць з калоній: як мінімум перапісвацца, а час ад часу і мець відэазванкі. Але іх проста не паспелі распісаць, і так пасля трох гадоў разам адносіны спыніліся.

Былая каханая выйшла на волю вясной 2024-га. Калі Андрусь вызваліўся, яны нават не пагаварылі — як перадалі яму, жанчына моцна змянілася за кратамі.

Асмалоўскі адбываў тэрмін у калоніі ў Воўчых Норах і выйшаў на волю 30 красавіка 2025-га. Ужо 4 мая ён паспрабаваў выехаць з Беларусі:

«Набыў квіткі з Масквы да Кішынёва, хацеў потым ляцець у турэцкую Анталью. Але ў Дамадзедаве мне сказалі, што я невыязны. Пасля вызвалення суд не падаў у міліцыю патрэбныя звесткі.

Я вярнуўся ў Мінск і дамагаўся адмены той забароны на выезд. 15 жніўня выехаў, заадно змяніў пашпарт».

«Кожную ноч да выезду клаўся спаць і хваляваўся, ці не прымуць мяне зноў раніцай»

За кратамі Андрусь страціў не толькі каханую, але і маёмасць ды бізнэс. Ён успамінае, як пасля вызвалення пабачыў свой гараж разрабаваным і як пазбавіўся арэнднай кватэры, дзе некалі меў рамонт і дзе была яго маёмасць. Што да бізнэсу, то пакуль Андрусь быў за кратамі, памёр яго сябар і паплечнік па кампаніі. Актывы Асмалоўскага ў той кампаніі зніклі.

Яго яшчэ і не пакідалі ў спакоі. 28 мая Андруся выклікалі ў Следчы камітэт, каб закрыць тую прыпыненую справу з 2020-га:

«Трымалі пару гадзін, правяралі тэлефон. Я падрыхтаваўся, вядома, бо сустрэча была не раптоўная — мне пазванілі і дамовіліся, што я прыйду.

Фота: фэйсбук Асмалоўскага

Не хацелася, каб нешта яшчэ ўсплыло, каб знайшлі нейкі каментар ці распаўсюд пратэснай сімволікі. Не хочацца мне зноў там сядзець. Кожную ноч да выезду клаўся спаць і хваляваўся, ці не прымуць мяне зноў раніцай».

Цяпер мужчына знаходзіцца ў Грузіі і чакае візу ў ЕС. Пасля выезду з Беларусі ён прайшоў медычную рэабілітацыю, а потым дапамагаў іншаму палітвязню, Раману Раманаву, таксама прыехаць на аднаўленне. Але Раманаў, сябар Андруся па калоніі, не паспеў — ён памёр у канцы красавіка 2026 года. А яшчэ з Раманам прапалі дакументы, якія ён вёз Андрусю з Беларусі.

Будаваць жыццё нанава няпроста. Цяпер Андрусь сумяшчае складаную вучобу з не менш цяжкай працай:

«Праваабаронцы прапануюць былым палітвязням перакваліфікацыю. Я спрабую вярнуцца ў сваю спецыяльнасць, то-бок архітэктурнае праектаванне, але там усё змянілася, шмат што робіць ШІ.

Знайшлася спецыяльнасць па ШІ ў адной нямецка-амерыканскай анлайн-школе, там навучанне каштуе больш за $3000. Праваабаронцы змаглі мне даць грант толькі на частку навучання».

Вучыцца Андрусь з 11‑й да 16‑й гадзіны, пяць дзён на тыдзень, але трэба і неяк зарабляць на жыццё. Паколькі вучоба ўдзень, даводзіцца працаваць ноччу, і мужчына знайшоў сабе месца ў прадуктовай краме. Праца ў яго цяжкая, і каб хоць трохі палегчыць жыццё, Асмалоўскі падаўся на асабісты збор на «Байсоле».

«Гэта праца з 10‑й вечара да 10‑й раніцы. Вяртаюся дахаты ў 10:30, а ўжо аб 11-й, пасля ночы без сну, даводзіцца вучыцца. Да 16‑й павучыўся — і потым спіш да 9‑й вечара. Праца два дні праз два, але ўсё роўна вельмі цяжка. Думаю заканчваць тую працу, вельмі спадзяюся, што дапамогуць грошы са збору», — кажа ён.

«Байсол» адкрыў збор, каб дапамагчы Андрусю пабудаваць жыццё на чужыне. Паўдзельнічаць можна тут.

«Наша Нiва» — бастыён беларушчыны

ПАДТРЫМАЦЬ

Каментары

Цяпер чытаюць

Памятаеце мінчука, які ў 2017‑м выратаваў сцяг з-пад ног амапаўцаў — коштам сваёй свабоды? Цяпер яму, былому палітвязню, трэба дапамога

Памятаеце мінчука, які ў 2017‑м выратаваў сцяг з-пад ног амапаўцаў — коштам сваёй свабоды? Цяпер яму, былому палітвязню, трэба дапамога

Усе навіны →
Усе навіны

У Наварасійску дроны атакавалі мазутны тэрмінал. Успыхнуў буйны пажар

Калі вашы бацькі дажылі да 100 гадоў, ці значыць гэта, што і вы пражывяце доўга? Навукоўцы далі адказ1

Парадокс: брыльянты патаннелі ўдвая, а пярсцёнкі даражэюць. Чаму?2

За небяспечны трэнд з сацсетак беларусам пагражаюць штрафамі2

ЗША і Еўропа не спадзяюцца дамовіцца з Пуціным і рыхтуюцца да працяглай вайны4

1 верасня на Гомельшчыне быў збой у працы пасажырскіх цягнікоў. Прычынай стаў выбух у Расіі1

Жыхар Добруша знайшоў у лесе гіганцкі баравік ФОТАФАКТ

Вытворчасць шампанскага ў Францыі праз спёку скароціцца амаль удвая

У аэрапортах Вялікабрытаніі ўзнік хаос пасля масавага тэхнічнага збою

больш чытаных навін
больш лайканых навін

Памятаеце мінчука, які ў 2017‑м выратаваў сцяг з-пад ног амапаўцаў — коштам сваёй свабоды? Цяпер яму, былому палітвязню, трэба дапамога

Памятаеце мінчука, які ў 2017‑м выратаваў сцяг з-пад ног амапаўцаў — коштам сваёй свабоды? Цяпер яму, былому палітвязню, трэба дапамога

Галоўнае
Усе навіны →

Заўвага:

 

 

 

 

Закрыць Паведаміць