Зяленскі: Расія ўпершыню настроеная на сур'ёзную размову ў Абу-Дабі, а ЗША прапануюць Маскве «эканамічны шлюб»
Пра расійскія патрабаванні, тэрытарыяльныя прапановы ЗША, новыя пагрозы і магчымасці прэзідэнт Украіны Уладзімір Зяленскі расказаў падчас размовы з журналістамі. Галоўнае з яго заяў.

Масква хоча вырашаць, як будзе абараняцца Еўропа
Паводле Зяленскага, Расія настойвае: калі Украіна атрымлівае гарантыі бяспекі, Масква таксама павінна іх атрымаць. Аднак пад аднолькавымі словамі бакі разумеюць розныя рэчы.
«Яны кажуць: «Калі вы хочаце гарантыі бяспекі для Украіны, то мы хочам для Расіі». Варта разумець, які сэнс у гэта ўкладае Расія. Гэта не проста пра тое, што Украіна не будзе наносіць па іх удары. Для іх гэта значна больш шырокае і больш спецыфічнае пытанне», — патлумачыў Зяленскі, цытуе яго «УНІАН».
Ён кажа, што Масква дамагаецца асобнага пагаднення з НАТА або ЗША, якое замацавала б яе ўяўленні пра еўрапейскую і сусветную бяспеку. Патрабаванне адкаціць НАТА да стану 1997 года Зяленскі разглядае як спробу пераразмеркаваць уплыў і змяніць усю сістэму бяспекі ў Еўропе.
Гэта непасрэдна закранае і суседзяў Беларусі. У 1997 годзе ў НАТА яшчэ не было Польшчы, Літвы, Латвіі і Эстоніі.
Паводле Зяленскага, вырашаць такія пытанні могуць толькі самі краіны НАТА. Ні Расія, ні Украіна не могуць прымаць за іх рашэнні.
«Любое адступленне, любы адкат у сферы бяспекі — гэта слабасць для Альянсу», — сказаў ён.
Спачатку — завяршэнне вайны і гарантыі для Украіны
Зяленскі мяркуе, што заўчасна абмяркоўваць глабальныя патрабаванні Масквы, пакуль не вядома, на якіх умовах скончыцца вайна супраць Украіны і як будзе гарантаваная бяспека саміх украінцаў.
«Спачатку трэба вырашыць пытанні гэтай вайны, а потым шукаць адказы на тыя пытанні, якія Расія ставіць на аснове сваіх уяўленняў і чаканняў пра бяспеку», — заявіў ён.
З гэтай жа прычыны Кіеў настойвае на ўдзеле еўрапейцаў у перамовах. Паводле Зяленскага, без іх нельга абмяркоўваць ні гарантыі бяспекі, якія прадугледжваюць удзел еўрапейскіх краін, ні пасляваеннае аднаўленне Украіны.
Магчымую сустрэчу лідараў ЗША, Расіі і Кітая ў Пекіне Зяленскі таксама разглядае праз рызыку перадзелу сфер уплыву. Паводле яго, дакладны парадак дня пакуль невядомы, але сярод тэм могуць быць Украіна і Блізкі Усход.
«Вельмі не хочацца, каб гэта была «Ялта — 2, 3, 4», калі ідзе пераразмеркаванне ўплыву», — сказаў ён.
На думку Зяленскага, найбольш такі фармат патрэбны Расіі: сустрэча магла б стаць яшчэ адным сур’ёзным выйгрышам Крамля пасля перамоваў Пуціна і Трампа на Алясцы.
«Я проста не бачу выгады для Кітая і дакладна бачу выгаднасць гэтага фармату для Расіі. Пабачым, што гэта будзе за сустрэча», — адзначыў ён.
Якія тэрытарыяльныя кампрамісы прапаноўвалі ЗША
Зяленскі расказаў, што амерыканскі бок на розных этапах прапаноўваў дэмілітарызаваныя зоны, рашэнні адносна Запарожскай АЭС у спалучэнні з абменам тэрыторыямі, а таксама буферную зону па абодва бакі лініі сутыкнення на Данбасе.
Стварэнне такой зоны на Данбасе Украіна была гатовая абмяркоўваць.
Асобная прапанова тычылася Кінбурнскай касы: зрабіць частку тэрыторыі дэмілітарызаванай і пакінуць яе пад кантролем Украіны.
Аднак далейшага прасоўвання па гэтых варыянтах, паводле прэзідэнта, няма. Масква звязвае тэрытарыяльныя патрабаванні з завяршэннем вайны, а вырашаць іх на ўзроўні папярэдніх дакументаў немагчыма.
«Гэта пытанне, якое могуць абмяркоўваць толькі лідары дзяржаў, якія ваююць, і толькі на сваім узроўні. Ні ў кога іншага такіх паўнамоцтваў няма», — падкрэсліў Зяленскі.
Што плануюць абмеркаваць у лістападзе
Паводле Зяленскага, пасля размовы з Пуціным прэзідэнт Фінляндыі Аляксандр Стуб і прэм’ер Нарвегіі Ёнас Гар Сцёрэ перадалі яму, што расійскі бок сур’ёзна настроены на трохбаковую сустрэчу з Украінай і ЗША ў лістападзе.
Кіеў плануе абмеркаваць дээскалацыю ў энергетыцы і на моры, абмен палоннымі і магчымую сустрэчу трох прэзідэнтаў. Пасля гэтага Украіна разлічвае на перамовы з удзелам Еўропы.
Расія прапануе ЗША «эканамічны шлюб»
Зяленскі асцерагаецца, што дамоўленасць аб расійскім дызельным паліве адкрывае шлях да новых пагадненняў Масквы з Вашынгтонам. Яны могуць закрануць угнаенні, газ, замарожаныя актывы і зняцце санкцый з асобных людзей і кампаній.
Паводле яго, Расія выкарыстоўвае свае прыродныя рэсурсы, каб прапанаваць ЗША своеасаблівы «эканамічны шлюб». У доўгатэрміновай выгадзе такіх адносін для амерыканцаў ён сумняваецца.
«У Расіі ў кожным пагадненні ёсць нейкая непрыемная частка, якую адразу не відаць», — сказаў Зяленскі.
Ракеты для Patriot і выбары
Паводле Зяленскага, на працягу 2026 года Украіна атрымлівала ад ЗША ў сярэднім толькі 12 ракет для Patriot на месяц. Абмежаваныя пастаўкі ён звязаў з вайной на Блізкім Усходзе.
Асобна прэзідэнт заявіў, што правесці выбары ва Украіне падчас вайны немагчыма. Для падрыхтоўкі бяспечнага выбарчага працэсу, паводле яго, спатрэбіцца не менш за шэсць месяцаў.
Каментары