Беларускага лідара міжнароднай хакерскай групоўкі прысудзілі да 16 гадоў турмы ў ЗША
Грамадзянін Беларусі Максім Сільнікаў атрымаў 16 гадоў зняволення ў ЗША за ўдзел у міжнароднай схеме з выкарыстаннем праграмы-вымагальніцы. Пра гэта паведамляецца на сайце амерыканскага Міністэрства юстыцыі, піша Devby.io.

Максіма Сільнікава прызналі вінаватым у змове з мэтай здзяйснення злачынстваў супраць ЗША, змове з мэтай махлярства з выкарыстаннем электронных сродкаў сувязі і крадзяжы асабістых даных пры абцяжарвальных акалічнасцях.
Арыштаваны адзін з самых вядомых кіберзлачынцаў у свеце, ім аказаўся беларус. Што вядома пра Максіма Сільнікава?
Паводле матэрыялаў суда, 40‑гадовы Сільнікаў быў стваральнікам і адміністратарам групоўкі Ransom Cartel, якая выкарыстоўвала аднайменную праграму-вымагальніцу, распрацаваную ім у 2021 годзе. На кіберзлачынных рускамоўных форумах Сільнікаў быў актыўны як мінімум з 2005 года. З 2011 па 2016 год ён таксама быў удзельнікам кіберзлачыннага сайта Direct Connection, які спыніў працу пасля арышту яго адміністратара.
У траўні 2021 года Сільнікаў пачаў развіваць уласную аперацыю з праграмай-вымагальніцай і вербаваць удзельнікаў праз кіберзлачынныя форумы. Ён перадаваў ім разнастайную інфармацыю ды інструменты для правядзення атак, у тым ліку даныя пра ўзламаныя камп’ютары і скрадзеныя ўліковыя даныя, а таксама інструменты для шыфравання і блакавання скампраметаваных прыладаў.
Сільнікаў кіраваў схемай праз схаваны сайт, якім карысталіся ён і ягоныя саўдзельнікі. Там яны кантралявалі і адсочвалі атакі, кантактавалі адно з адным і з ахвярамі, у тым ліку дасылалі ім патрабаванні заплаціць выкуп, а таксама размяркоўвалі паміж сабой атрыманыя грошы.
З 2021 па 2023 год саўдзельнікі Сільнікава з Ransom Cartel атакавалі як мінімум 18 кампаній па ўсім свеце. Сярод ахвяр былі кампаніі з Каліфорніі, Нью-Ёрка і Небраскі, а таксама арганізацыі за межамі ЗША. Хакеры выкрадалі даныя кампаній і патрабавалі грошы ў абмен на ключ для дэшыфравання альбо абяцанне не публікаваць інфармацыю.
Схема спынілася пасля арышту Сільнікава ў ліпені 2023 года. Яго экстрадавалі з Польшчы для крымінальнага пераследу ў справах, якія разглядаліся ва Усходняй акрузе Вірджыніі ды акрузе Нью-Джэрсі. Прысуд вынес акруговы суддзя ЗША Росі Д. Алстан-малодшы.
Арыштаваны адзін з самых вядомых кіберзлачынцаў у свеце, ім аказаўся беларус. Што вядома пра Максіма Сільнікава?
Ва Украіне на запыт ЗША арыштавалі грамадзяніна Беларусі, якога падазраюць у кіберзлачынствах
ЗША абвясцілі велізарную ўзнагароду за інфармацыю пра грамадзяніна Беларусі. Але ён ужо ў беларускай турме
Каментары