У Пецярбургу прадавачка з Беларусі паверыла махлярам і вынесла грошы з касы. Але кампенсаваць гаспадару адмовілася
Полацкая геадэзістка Лілія Дзятко падпісала графік, па якім будзе аддаваць грошы. Але пасля перадумала плаціць. І суд часткова стаў на яе бок.
44‑гадовая Лілія Дзятко ў свой час вывучылася ў Полацку на інжынера-геадэзіста, але ўрэшце паехала працаваць у Расію. У 2021 годзе яна ўладкавалася ў Санкт-Пецярбургу касіркай-прадавачкай у буціку італьянскага абутку і адзення Noone.
Аднаго дня, калі яна была на працы, у краму на стацыянарны тэлефон патэлефанаваў незнаёмы чалавек. Ён нагаварыў штосьці такое, што Лілія ўзяла з касы ўсё, што было — каля $4500, паклала грошы ў банкамаце на ўласную картку і перавяла іх суразмоўцу.
Што гэта быў за махляр, так і не зразумела. Але грошы вярнуць так і не ўдалося.
Гаспадары крамы, натуральна, не парадаваліся дзіўнай гісторыі, але ўвайшлі ў становішча — пагадзіліся, каб беларуска вяртала грошы часткамі. Яна падпісала пагадненне — што абавязуецца спачатку аддаць каля $1150, пасля яшчэ столькі ж, а рэшту хай у яе ўтрымліваюць з заробку, прыкладна па $250 на месяц.
Аднак у выніку Дзятко нічога так не вярнула, а ўрэшце ўвогуле звольнілася па ўласным жаданні. Тады гаспадары крамы пайшлі ў суд.
Суд прызнаў, што паводле службовай інструкцыі беларуска адказвала за захаванасць касавай выручкі. А перш чым выконваць указанні невядомай асобы па тэлефоне, Лілія павінна была яе ідэнтыфікаваць, аднак гэтага не зрабіла.
Тым не менш было вырашана ўлічыць, што беларуска небагатая, у яе ёсць праблемы ў сям'і. Таму з Ліліі Дзятко спагналі толькі $2840, каля 63% ад таго, што яна вынесла з касы.
Каментары