«Узровень ваеннай пагрозы і яе ацэнка не змяніліся», — кажа Эдгар Рынкевіч.

Прэзідэнт Латвіі Эдгар Рынкевіч пракаментаваў актуальную сітуацыю з нацыянальнай бяспекай пасля таго, як сусветныя медыя паведамілі: кіраўнік Цэнтральнага разведвальнага ўпраўлення ЗША Джон Рэткліф падчас паездкі ў Маскву перасцярог Расію ад нападу на краіны Балтыі, піша Delfi.lv.
«Пра актуальнае. Узровень ваеннай пагрозы і яе ацэнка не змяніліся. Зараз рызыка прамога ўварвання Расіі застаецца нізкай. Па-ранейшаму магчымыя розныя дыверсіі, кібератакі і гібрыдныя аперацыі. Фактычна Латвія і іншыя краіны НАТА і ЕС рэгулярна сутыкаюцца з імі. Як структуры сістэмы ўнутраных спраў, так і Нацыянальныя ўзброеныя сілы і саюзнікі па НАТА прымаюць меры для прадухілення падобных дзеянняў. Мы высока ацэньваем палітычныя, дыпламатычныя і ваенныя намаганні саюзнікаў па НАТА, у тым ліку ЗША, накіраваныя на ўмацаванне рэгіянальнай бяспекі», — гаворыцца ў паведамленні Рынкевіча ў сацыяльных сетках.
Як ужо паведамлялася, дырэктар Цэнтральнага разведвальнага ўпраўлення ЗША Джон Рэткліф падчас візіту ў Маскву перасцярог расійскіх чыноўнікаў ад эскалацыі канфлікту з НАТА, асабліва з Эстоніяй, Латвіяй і Літвой, заявілі ў сераду інтэрнэт-выданню Politico дзве дасведчаныя крыніцы.
«Галоўнай мэтай візіту Рэткліфа было перасцерагчы ад эскалацыйных дзеянняў супраць краін Балтыі», — паведаміла адна з крыніц. Другая крыніца дадала, што дырэктар ЦРУ таксама спрабаваў пераканаць Маскву скараціць ваенную і эканамічную падтрымку Ірана.
Раней у сераду газета The Wall Street Journal таксама паведаміла, што Рэткліф перасцярог Расію ад нападу на краіны — члены НАТА.
Міністэрства клімату і энергетыкі Латвіі прадставіла на ўзгадненне праект распараджэння Кабінета міністраў, які прадугледжвае абвяшчэнне да 1 снежня надзвычайнай сітуацыі ў сферах аховы здароўя, энергазабеспячэння і воднай гаспадаркі ва ўсходнім памежжы Латвіі.
Міністэрства абгрунтоўвае гэта пагрозай эскалацыі ваенных дзеянняў з боку Расіі, а таксама ўсё часцейшым выяўленнем беспілотных лятальных апаратаў і іншых неапазнаных аб'ектаў у паветранай прасторы Латвіі або паблізу дзяржаўнай мяжы.
Каментары