Да саракавінаў памяці Святланы Курс апублікавана раней не друкаванае яе эсэ «СССР як калыска і магіла»
Эсэ Святланы Курс «СССР як калыска і магіла» было напісанае ўвосень 2021 года для літаратурнага праекта Фонду Конрада Адэнаўэра, прымеркаванага да 100‑годдзя ўтварэння і 30‑годдзя распаду Савецкага Саюза.

У студзені 2022 года эсэ пераклала на нямецкую мову Ціна Вюншман. Пасля пачатку поўнамаштабнага расійскага ўварвання ва Украіну ў лютым 2022 года многія тэксты пра спадчыну СССР запатрабавалі новага асэнсавання. Запланаваная публікацыя была адкладзеная, і эсэ так і не ўбачыла свету пры жыцці аўтаркі.
У гэтым эсэ яна спалучае гістарычнае даследаванне з асабістай і сямейнай гісторыяй, паказваючы, як падзеі XX стагоддзя паўплывалі на людзей у Беларусі і працягваюць адбівацца на сучаснасці. Аўтарка даводзіць свой аповед да падзей 2020—2021 гадоў, ператвараючы развітальную прамову па Савецкім Саюзе ў сведчанне пра імперскую спадчыну, страх, памяць і чалавечую годнасць.
Для цяперашняй публікацыі Ціна Вюншман напісала асабістую прадмову пра гісторыю стварэння і перакладу эсэ, а таксама пра тое, чаму вобразы з гэтага тэксту заставаліся з ёй на працягу наступных гадоў. Прадмова перакладчыцы змешчаная ў пачатку тэксту, які мы публікуем на нашым сайце.
«Толькі нарадзіўшыся, СССР запатрабаваў крыві, дзеля чаго адгадаваў спецыяльны хабаток — ВЧК. Цалкам назва гэтага ўтварэння — Всероссийская чрезвычайная комиссия по борьбе с контрреволюцией, саботажем и спекуляцией. З'явілася яна 20 снежня 1917 года (дарэчы, заўважна, што ў СССР вельмі любілі нарабіць спраў у снежні. Большасць ключавых дат — узнікненне, смерць, кампаніі, законы, пастановы — датуецца снежнем) і да 1991 года пры дапамозе ланцужковай мутацыі перараджалася ў ВЧК, ГПУ, ОГПУ, НКВД, НКГБ, МГБ, КГБ, паслядоўна працягваючы пастанову Савета народных камісараў «Аб чырвоным тэроры», якая ўзаконіла распачаты тэрор супраць ворагаў савецкай улады.
Савецкае права было заклікана пазбавіць падданых былой Расейскай імперыі нават тых абмежаваных правоў, што яны мелі, і ператварыць фактычна ў дзяржаўных нявольнікаў. Спачатку была ўзаконеная практыка пазбаўленьня выбарчых і грамадзянскіх правоў па класавай прыкмеце — зьявіліся г.зв. «лішэнцы», ад слова «лишение прав». Новы Закон аб працы зафіксаваў палажэнне аб усеагульнай працоўнай і вайсковай павіннасці«.
Цалкам эсэ можна прачытаць па спасылцы
Каментары
Таму, для вызвалення ад масквы і яе лукашэнак, трэба выракацца любой маскоўшчыны, а ня толькі яе асобнага камуністычнага перыяду.