Грамадства77

«Падляшша недаацэненае новымі эмігрантамі». Беларус стварае фотапраект, прысвечаны аканіцам хат на польскім памежжы

Амаль кожныя выхадныя Сяргей Пехцераў едзе цягніком з Варшавы да Беластока, а пасля перасаджваецца на ровар, каб праехацца па вёсках Падляшша. Усё дзеля таго, каб сфатаграфаваць вокны і аканіцы хат, што стаяць на польска-беларускай мяжы. У яго архіве ўжо больш за сотню такіх аканіц. Выданне Most даведалася ў Сяргея, навошта яму гэтыя кадры.

аканіцы
Сяргей. Фота з яго асабістага архіва

«Як беларус адчуваю адказнасць за тое, што на мяжы пабудавалі плот»

Зімой Сяргей падаў дакументы на міжнародную абарону — падчас разгляду справы пакідаць Польшчу нельга. Беларуса гэта не засмуціла: ён ведаў, што на Падляшшы захавалася старая драўляная архітэктура, адрозная ад той, якую можна пабачыць у іншых частках краіны, але часткова падобная да беларускай. Ведаў Сяргей і пра «Краіну адчыненых аканіц» — вёскі, якія прывабліваюць турыстаў маляўнічымі фасадамі.

«Вырашыў, што хачу аб’ехаць усё Падляшша — тым самым я сублімую недахоп маёй роднай вёскі, прыроды. Плюс хацеў зрабіць штосьці карыснае для гэтага рэгіёну, бо як беларус трошкі адчуваю адказнасць за тое, што на мяжы пабудавалі плот і з-за гэтага [польскі] турыстычны бізнэс пайшоў уніз», — кажа Сяргей.

аканіцы
Фота з падарожжа Сяргея. Крыніца: trip.akanicy.pl

Мужчыну засмучала, што турысты абіраюць горы або мора, але не звяртаюць увагі на памежны рэгіён.

«Там ёсць, што паглядзець: зубры, пушча з адзіным лесам, які ўваходзіць у спіс ЮНЭСКА, сапраўды цікавыя вёскі з добразычлівымі людзьмі, якія могуць пачаставаць грушамі», — тлумачыць сваю зацікаўленасць Падляшшам Сяргей.

Спіс вёсак браў з дзяржаўнага рэестра

Спачатку беларус хацеў проста бліжэй пазнаёміцца з рэгіёнам. Але пасля прыдумаў сабе місію — зрабіць экспедыцыю па аканіцах. Чым больш ён паглыбляўся ў тэму вясковых падляшскіх хат, тым мацней маштабавалася ідэя будучага праекта.

«Спачатку з сайта дзяржаўнага рэестра браў спіс вёсак, пасля кожную з іх праглядаў на Google Maps. Аказалася, што больш за 300 вёсак маюць падобныя аканіцы. Мне стала цікава: якіх тыпаў і колераў яны бываюць, у якім стане дамы», — кажа Сяргей.

аканіцы
Фота з падарожжа Сяргея. Крыніца: trip.akanicy.pl

Два месяцы ў яго пайшло на тое, каб праглядзець здымкі вёсак на Google Maps. Кожную з хат з аканіцамі Сяргей фіксаваў і ўносіў у спецыяльную табліцу. А з надыходам цяпла перайшоў да непасрэднага здзяйснення экспедыцый.

«Па сутнасці, я зрабіў дзве вялікія вандроўкі. Першую — анлайн, а другую — фізічна, бо мне хочацца праехацца амаль усюды», — усміхаецца суразмоўца.

«Усё, больш не паеду»

Перад паездкай малады чалавек распрацоўвае маршрут — імкнецца за адну паездку ахапіць як мага больш вёсак. Працэс не хуткі, бо трэба ўлічваць расклад цягнікоў, рамонт дарог і стан трасы — гэта займае ў Сяргея каля гадзіны.

Пасля, часцей за ўсё ў выхадныя, беларус дабіраецца з Варшавы да Беластока або Седлец цягніком. Ужо адтуль, у залежнасці ад маршруту, роварам або рэгіянальным цягніком едзе да патрэбных пунктаў. За некалькі месяцаў працы над праектам малады чалавек паспеў зрабіць 14 экспедыцый.

«Дзве з іх зрабіў на машыне, бо, калі едзеш роварам, вельмі важна паспець на цягнік. Але на Падляшшы ёсць вёскі, дзе вельмі шмат дамоў — я проста разумеў, што мне не хопіць часу».

аканіцы
Фота з падарожжа Сяргея. Крыніца: trip.akanicy.pl

Спачатку беларус планаваў маршруты на 50‑60 кіламетраў, але пазней іх працягласць павялічылася да 100 кіламетраў.

«Бывае, што, каб дабрацца да вёсак, трэба ехаць праз лес — і там замест дарогі пясок. Ехаць вельмі цяжка, стамляешся. Таксама гэта рэгіён, дзе не заўсёды бывае інтэрнэт. Прыязджаеш на чыгунку і думаеш: «Усё, больш не паеду», — прызнаецца суразмоўца.

аканіцы
Фота з падарожжа Сяргея. Крыніца: trip.akanicy.pl

«Мяне натхняе гісторыя Напалеона Орды»

Абавязковая ўмова кожнага падарожжа Сяргея — сфатаграфаваць дамы з аканіцамі.

«Мяне натхняе гісторыя Напалеона Орды, які ездзіў і маляваў замкі ды фальваркі. У пэўны момант я падумаў: а чым я горшы? Бо, калі нешта ствараеш, цікавей жыць», — разважае ён.

З кожнага падарожжа малады чалавек робіць асобны анлайн-альбом — туды трапляюць здымкі аканіц, агульныя краявіды вёсак і прырода Падляшша.

«Па кожным доме ў мяне ёсць адзначаная лакацыя, здымак з Google Maps і здымак, які зрабіў я. Пасля планую класіфікаваць хаты па колерах аканіц, каб геаграфічна можна было зразумець, які майстар над імі працаваў».

аканіцы
Фота з падарожжа Сяргея. Крыніца: trip.akanicy.pl

Падчас падарожжаў здараюцца нечаканасці. Часам бывае, што хату ўжо знеслі або ўладальнікі замест арыгінальных аканіц паставілі больш сучасныя. Але прыемныя сюрпрызы таксама бываюць.

«Прыязджаеш у вёску і бачыш, што аканіцы дабудавалі. І так у кожнай вандроўцы: прывожу на 10‑15 здымкаў больш, чым планаваў. Таму гісторыя з аканіцамі — жывая», — кажа Сяргей.

«Дакладна праехаў больш за палову з таго, што планаваў»

Сяргей вядзе спецыяльны візуалізаваны ўлік вёсак с аканіцамі. Аналізуючы яго, беларус прыйшоў да высновы, што больш за ўсё такія хаты сканцэнтраваныя ў зоне паміж Белавежскай пушчай і Бельскам-Падляшскім.

Пакуль маладзён не паспеў наведаць Сувалкскі рэгіён, але мае надзею даехаць і туды. У планах — яшчэ дзве вандроўкі па 100 кіламетраў.

«Я дакладна ўжо праехаў больш за палову з таго, што планаваў. Калі здымкамі запаўняю базу з данымі, думаю, як класна я скатаўся», — кажа Сяргей.

Канчаткова экспедыцыі скончацца ў лістападзе — пасля ездзіць на ровары будзе нязручна.

аканіцы
Сяргей. Фота з яго асабістага архіва

«Падляшша недаацэненае новымі эмігрантамі»

Праект Сяргея на гэтым не закрыецца. Беларус плануе стварыць спецыяльную анлайн-мапу з маршрутамі і здымкамі для падарожнікаў, дзе пазначаная інфармацыя будзе дублявацца на польскай, беларускай і ўкраінскай мовах.

Другая частка праекта будзе рэалізаваная афлайн — Сяргей хоча выдаць альбом з фотаздымкамі падляшскіх аканіц. У зборнік ён таксама плануе дадаць інфаграфіку.

«У альбоме не хачу рабіць аніякіх высноў, а проста хачу паказаць, як было раней, як цяпер і што чакае ў будучыні», — дадае Сяргей.

Разважаючы пра лёс невялікіх мястэчак, ён прыгадвае родную вёску ў Гомельскай вобласці. Калі Сяргей быў яшчэ падлеткам, яна яшчэ жыла, але імкліва знікла цягам пяці гадоў.

«І я вельмі цешуся, што гісторыя Падляшша жывая, што людзі надалей набываюць тут хаты, а некаторыя будуюць на гэтым бізнэс — хацелася б гэта захаваць. Лічу, што рэгіён пакуль трошкі недаацэнены новымі эмігрантамі, спадзяюся, яны таксама даведаюцца пра гісторыю Падляшша».

Каментары7

  • Віця Прокопенёв
    04.09.2026
    [Рэд. выдалена]
  • Маем, што маем
    04.09.2026
    Ну,тое, што чалавек блытае стаўні з ліштвою не страшна. Страшна, што нашая мова амаль жывая, бо калі яшчэ на ёй яшчэ дзе-небудзь і гавораць, то на забруджанай паланізмамі, як у гэтым выпадку, укранізмамі ды маскалізмамі.
  • Дзякуй за падказку
    04.09.2026
    Калі б меў працу, што дазваляе штотыднёва вандраваць так бысь таксама ездзіў. Але дзякуй , што на НН паглядзеў.

Цяпер чытаюць

«У сына на тэлефоне былі налепленыя сцяг і герб Расіі. З гэтага ўсё пачалося». Бацька школьніка з Баранавіч расказаў, як яго сына цкавалі аднакласнікі42

«У сына на тэлефоне былі налепленыя сцяг і герб Расіі. З гэтага ўсё пачалося». Бацька школьніка з Баранавіч расказаў, як яго сына цкавалі аднакласнікі

Усе навіны →
Усе навіны

71‑гадовы бягун працягнуў шпіца па зямлі падчас забегу. Да мужчыны прыйшла міліцыя13

23‑гадовы Катана з Карэлічаў знік пад Купянскам. Маці запісвае адчайныя, але марныя відэазвароты12

Ціханоўская: Вяртанне Пачобута не значыць, што нешта змянілася для ўсіх17

У Германіі затрымалі дыверсанта, падазраванага ў атаках на энергасеткі Германіі20

Анджэй Пачобут вярнуўся ў Беларусь118

Новая мадэль GPT-6 Astra проста ўзяла і прайшла ўсе 48 узроўняў капчы «Я не робат»2

Пад лавінай у Кабардзіна-Балкарыі загінулі 13 расійскіх спецназаўцаў5

Уіткафу і Кушнеру прапаноўвалі прыляцець у Беларусь і ехаць ва Украіну з Гомеля. Але яны не захацелі5

Венгрыя высылае адразу 10 расійскіх дыпламатаў. Такога раней не было1

больш чытаных навін
больш лайканых навін

«У сына на тэлефоне былі налепленыя сцяг і герб Расіі. З гэтага ўсё пачалося». Бацька школьніка з Баранавіч расказаў, як яго сына цкавалі аднакласнікі42

«У сына на тэлефоне былі налепленыя сцяг і герб Расіі. З гэтага ўсё пачалося». Бацька школьніка з Баранавіч расказаў, як яго сына цкавалі аднакласнікі

Галоўнае
Усе навіны →

Заўвага:

 

 

 

 

Закрыць Паведаміць