Прэм'ер Літвы не бачыць падстаў для забароны аўтобусных рэйсаў у Беларусь
Прэм'ер-міністр Літвы Міндаўгас Сінкявічус заявіў, што краіна мае магчымасць абмежаваць аўтобусныя рэйсы ў Беларусь або нават цалкам закрыць мяжу, але такія рашэнні павінны прымацца зыходзячы з ацэнкі рэальнай пагрозы бяспецы, а не з палітычных меркаванняў, паведамляе LRT.

Паводле слоў літоўскага прэм'ера, на гэты момант ад вайсковай разведкі Літвы няма адпаведных рэкамендацый для ўвядзення такіх абмежаванняў. Ён прызнаў, што адносіны з Беларуссю застаюцца напружанымі праз розныя правакацыі і выкарыстанне міграцыі ў палітычных мэтах, аднак лічыць, што цяпер няма неабходнасці прымаць рашэнні выключна з палітычных прычын.
Раней кансерватар Арвідас Анушаўскас заклікаў урад Літвы далучыцца да планаў Латвіі забараніць аўтобусныя перавозкі ў Беларусь і Расію. Латвійскае Міністэрства транспарту перад тым прапанавала з наступнага года цалкам спыніць рэгулярныя і нерэгулярныя міжнародныя пасажырскія аўтобусныя перавозкі ў гэтыя краіны, а таксама транзіт праз Латвію.
Міндаўгас Сінкявічус звярнуў увагу на ўнутрыпалітычную сітуацыю ў Латвіі. Паводле яго, перад кастрычніцкімі выбарамі ў гэтай краіне можа з'яўляцца шмат розных палітычных прапаноў і ініцыятыў.
Міністр транспарту Літвы Юрас Тамінскас таксама заявіў, што Вільня пакуль не збіраецца паўтараць крок Латвіі і заклікаў падыходзіць да гэтага пытання ўзважана.
На гэты момант у Літве дзейнічаюць 29 дазволаў на рэгулярныя пасажырскія перавозкі паміж Літвой і Расіяй, Беларуссю альбо транзітам праз Літву. 17 з іх тычацца маршрутаў з Вільні ў Мінск, Гродна, Гомель, Ліду і Ашмяны.
Цяпер чытаюць
«Беларусь яны бачаць часткай Расіі». Што значыць уздым «Альтэрнатывы для Германіі», наколькі далёка гэта можа зайсці і як сябе пазіцыянаваць беларусам
Каментары