Беларуска за два дні прайграла ў анлайн-казіно амаль 70 тысяч рублёў і цяпер спрабуе вярнуць іх ад банка
Дзяўчына правяла каля 200 аперацый праз АРІП і спынілася, калі ад значнай сумы практычна нічога не засталося.

Зараз Дыяна спрабуе разабрацца, ці павінен быў банк звярнуць увагу на такую колькасць плацяжоў і ці можна вярнуць прайграныя грошы, піша Onliner.by.
— Усё адбылося ў красавіку, з 18‑га па 20-е. Я вырашыла пагуляць у анлайн-латарэю, — расказвае дзяўчына. — Увогуле, я гуляю прыкладна з 2019—2020 года, але раней гэта заўсёды былі невялікія сумы — умоўна, па 100 рублёў. Некалі нешта выйгравала, некалі прайгравала, але такіх грошай, як у тыя дні, я ніколі не прайгравала.
Незадоўга да гэтага ў нашай сям’і з’явілася даволі буйная сума — каля 70 тыс. рублёў. Не хачу падрабязна расказваць, адкуль менавіта ўзяліся гэтыя грошы, каб па нейкіх дэталях мяне нельга было пазнаць. Скажам так, сям’і давялося сёе-тое прадаць, таму гэтыя грошы з’явіліся даволі нечакана.
Па словах дзяўчыны, грошы не былі нейкімі свабоднымі сродкамі, якія можна спакойна патраціць, у сям'і былі планы на гэтую суму, у тым ліку трэба было вырашаць пытанне з жыллём.
— Дык вось, за гэтыя два дні я прайграла практычна ўсе 70 тысяч рублёў — прыкладна палову ў першы дзень і палову ў другі.
Паводле дзяўчыны, грошы на рахунак анлайн-латарэі яна пераводзіла праз АРІП. Адным буйным плацяжом 70 тысяч не сышлі: баланс папаўняўся зноў і зноў па меры гульні. Усяго за два дні набралася каля 200 такіх аперацый.
— А вы не ставілі для сябе нейкі ліміт: умоўна, прайграю 1000 рублёў — і хопіць?
— Атрымлівалася, колькі грошай было, столькі я і ставіла. Усяго, наколькі памятаю, прайшло каля 200 транзакцый. Вядома, у пэўнай ступені я разумела, што грошы прайграюцца. У асноўным так і адбывалася: пройгрыш, потым зноў папаўненне, зноў гульня. Чаму не спынілася? Я дагэтуль не магу нармальна адказаць на гэтае пытанне. Проста сядзела і працягвала папаўняць баланс, пакуль у выніку на рахунку практычна нічога не засталося.
«Пры гэтым я лічу, што з боку банка таксама павінны былі спрацаваць пэўныя механізмы абароны. Мне не прыходзілі SMS, не было нейкіх папярэджанняў пра рэшту на рахунку. Я лічу, што банк хаця б мог прэвентыўна заблакаваць карту і высветліць, ці сапраўды ўсе гэтыя аперацыі праводжу я. Тым больш гаворка ішла пра 200 транзакцый за два дні. Мне здаецца, гэта павінна было выклікаць пытанні», — сцвярджае дзяўчына.
«Банк звязаўся са мной ужо тады, калі рахунак быў пусты. Наколькі я зразумела, іх цікавіла паходжанне грошай: адкуль з’явілася гэтая сума і наколькі яна легальная. Але чаму праверыць паходжанне грошай вырашылі, калі іх ужо не засталося?» — дадае яна.
Дзяўчына кажа, што калі б прыходзілі SMS або push-апавяшчэнні, я б хаця б пастаянна бачыла, як сыходзяць грошы і колькі застаецца на рахунку.
«Магчыма, гэта дапамагло б спыніцца. А тады я проста працягвала гуляць і не ўспрымала нармальна, наколькі хутка змяншаецца рэшта», — кажа яна.
Пасля таго, што адбылося, Дыяна пачала пісаць у розныя інстанцыі, спрабуючы зразумець, ці можна было спыніць такую колькасць аперацый і ці ёсць магчымасць вярнуць хаця б частку грошай.
Спачатку яна звярнулася непасрэдна ў МТБанк, але там з яе прэтэнзіямі не пагадзіліся.
Як вынікае з адказу МТБанка, 18 красавіка ў 17:44 [першы дзень пачатку гульні] з дзяўчынай звязаўся супрацоўнік банка з мэтай удакладнення інфармацыі пра аперацыі, якія праводзіліся, а не пасля таго, як дзяўчына прайграла ўсе грошы.
«У ходзе аналізу тэлефоннай размовы было ўстаноўлена, што адказны супрацоўнік банка паведаміў вам, што па картцы было зафіксавана здзяйсненне вялікай колькасці аперацый, пасля чаго запытаў інфармацыю пра паходжанне грашовых сродкаў. < …> Вы пацвердзілі, што аперацыі па аплаце здзяйсняюцца па ўласнай ініцыятыве.
Звяртаем увагу, што пасля гэтай тэлефоннай размовы вы працягнулі здзяйсняць аперацыі па аплаце праз АІС «Разлік» (АРІП). Улічваючы выкладзенае, парушэнняў з боку адказнага супрацоўніка банка не ўстаноўлена.
< …>
За перыяд з 14 ліпеня 2023 года па 22 мая 2024 года вамі ажыццяўлялася змяненне транзакцыйных лімітаў у бок павелічэння. Так, былі ўстаноўленыя наступныя транзакцыйныя ліміты: безнаяўныя аперацыі ў дзень у прыладах Рэспублікі Беларусь — 550 000 беларускіх рублёў, безнаяўныя аперацыі ў тыдзень у прыладах Рэспублікі Беларусь — 45 000 беларускіх рублёў. Адзначым, што пасля названага перыяду змяненняў лімітаў не праводзілася.
Сума безнаяўных аперацый у тыдзень у прыладах Рэспублікі Беларусь за перыяд з 13.04.2026 па 19.04.2026 складае 42 834,72 беларускага рубля, за перыяд з 20.04.2026 па 26.04.2026 складае 23 696 беларускіх рублёў. Такім чынам, паколькі перавышэння ліміту па безнаяўных аперацыях у тыдзень у прыладах Рэспублікі Беларусь не было, аперацыі былі праведзеныя карэктна.
Улічваючы вышэйпададзенае, парушэнняў з боку банка ў сітуацыі не ўстаноўлена. Разам з тым у банка адсутнічаюць падставы для задавальнення вашага хадайніцтва», — гаворыцца ў адказе банка.
На гэтым Дыяна не спынілася і звярнулася ў Нацбанк. Там запыталі інфармацыю ў МТБанка і таксама не знайшлі парушэнняў у яго дзеяннях.
Журналісты перапыталі дзяўчыну, што пасля званка ад супрацоўніка банка яна ўсё роўна працягнула гуляць. Чаму гэта яе не спыніла?
— Так, працягнула. 18 красавіка я прайграла 36 650 рублёў, і супрацоўнік службы бяспекі патэлефанаваў ужо тады, калі рахунак быў пусты. Раз банк праверыў паходжанне грошай, не заблакаваў картку і нічога не сказаў пра аперацыі на адрас анлайн-латарэі, я вырашыла, што ўсё нармальна.
— На наступны дзень, 19 красавіка, на рахунак паступіла яшчэ 32 140 рублёў, і я зноў пачала пераводзіць гэтыя грошы ў анлайн-латарэю. Але гэтым разам з банка ўжо наогул ніхто не патэлефанаваў. Я лічу, што новае буйное паступленне зноў павінна было выклікаць у банка пытанні. Ёсць правілы KYC, прынцып «Ведай свайго кліента», фінансавы маніторынг. На мой погляд, банк павінен быў звярнуць увагу на тое, што на рахунак зноў паступіла буйная сума і яна адразу пачала сыходзіць мноствам аперацый. Таму я і лічу, што з боку банка таксама былі недагляды.
— То-бок званок не спыніў вас ад гульні, а SMS з кодам або інфармацыяй пра рэшту магло б спыніць?
— Калі табе тэлефануюць і пытаюцца: «Вы пацвярджаеце, што грошы прыйшлі і карткай карыстаецеся вы?» — мозг у стане стрэсу ўспрымае гэта як «Усё ў парадку, банк ухваляе, сістэма мяне бачыць, я ў бяспецы». Жывы голас супрацоўніка, які ветліва сказаў «Дзякуй за пацвярджэнне, усяго добрага» і не назваў пагрозу, спрацаваў як зялёнае святло. Паводле маіх адчуванняў, ён легалізаваў тое, што адбывалася, у маёй галаве.
— З SMS, думаю, сітуацыя магла б быць іншай. Калі гуляеш, у нейкі момант пачынаеш здзяйсняць усе дзеянні практычна аўтаматычна: папоўніла рахунак, зрабіла стаўку, зноў папоўніла. А калі б кожную аперацыю трэба было асобна пацвярджаць кодам, мне кожны раз давялося б адцягвацца ад гульні, адкрываць паведамленне, бачыць суму спісання і рэшту на картцы, а затым вяртацца і ўводзіць код.
Такіх аперацый было каля 200, то-бок я зноў і зноў бачыла б у рэальных лічбах, колькі грошай спісваецца і як памяншаецца рэшта. Магчыма, у нейкі момант гэта прымусіла б мяне спыніцца і ўсвядоміць, колькі ўжо прайграна.
— Тады такога тэхнічнага бар’ера не было. Я заставалася ўнутры гульні і працягвала папаўняць рахунак. Так што той званок мяне не працверазіў, а пастаянныя пацвярджэнні аперацый, як мне здаецца, цалкам маглі б гэта зрабіць.
Дыяна звязвалася з некалькімі юрыстамі, звярталася да грамадскіх памочнікаў, але пакуль ніхто асабліва не хоча за гэта брацца. Яна шукае адваката і кажа, што калі справа дойдзе да суда, будзе змагацца за ўсю суму.
«Я лічу, што з боку банка не спрацавалі пэўныя механізмы і служба бяспекі як мінімум павінна была звярнуць увагу на такую колькасць аперацый за вельмі кароткі час. Я не здымаю адказнасць з сябе. Я сама гуляла і сама здзяйсняла гэтыя плацяжы, але ўсё ж лічу, што пры прыкладна 200 транзакцыях і такой суме банк павінен быў хаця б спыніць аперацыі, звязацца са мной і высветліць, ці разумею я, што адбываецца», — кажа яна.
Onliner.by звярнуўся да юрысткі Таццяны Равінскай з просьбай пракаментаваць сітуацыю Дзіяны.
«На мой погляд, у разгляданай сітуацыі банк выканаў свой галоўны абавязак па абароне сродкаў: западозрыў нетыповую актыўнасць і ажыццявіў папераджальны званок кліенту, што вынікае з адказу банка. Але як толькі дзеяздольны і паўналетні грамадзянін асабіста пацвярджае, што пераклады робіць ён, банк не мае права ўтрымліваць сродкі і абавязаны выканаць законнае распараджэнне ўладальніка грошай», — кажа юрыст.
Каментары