Свет44

Нашчадкі Залатой Арды. Як Казахстан пры прэзідэнце Такаеве праводзіць «рэбрэндынг» сваёй гісторыі

Казахстан пры прэзідэнце Касым-Жамарце Такаеве пачаў кампанію самастойнага пераасэнсавання і «рэбрэндынгу» сваёй гісторыі. Цяпер казахская дзяржава падаецца і ўнутры краіны, і на міжнароднай арэне як спадкаемца Залатой Арды. Казахстанскія ўлады кажуць, што краіна, якая здабыла незалежнасць ад Расіі яшчэ ў 1991 годзе, цяпер нарэшце мае скарыстацца сваім правам незалежна асэнсоўваць і сваю гісторыю, піша Руская служба Бі-бі-сі.

Здымак ілюстрацыйны. Фота: Meiramgul Kussainova/Anadolu Agency via Getty Images

Новая гістарычная палітыка відавочна скіраваная супраць папулярнай у Расіі версіі гісторыі казахаў, паводле якой да далучэння да Расійскай імперыі, а затым да Савецкага Саюза яны не мелі ніякай дзяржаўнасці і былі дзікімі качэўнікамі.

Адначасова гэты новы погляд на гісторыю можа разглядацца і як складовая частка знешняй палітыкі Такаева, які прасоўвае вобраз Казахстана як Middle Power — адной з уплывовых на сусветнай арэне дзяржаў сярэдняй велічыні.

Прамы спадкаемца Арды

Пасля таго як Такаеў у 2019 годзе стаў прэзідэнтам, Астана пачала актыўна падтрымліваць даследаванні гісторыі Залатой Арды, дакладней, дзяржавы Улус Джучы — заходняй часткі гіганцкай імперыі Чынгісхана, а затым адной з яе дзяржаў-спадкаемцаў, якія ўтварыліся пасля распаду.

У 2021 годзе Такаеў ініцыяваў стварэнне Інстытута вывучэння Улуса Джучы, а таксама распарадзіўся адрэстаўраваць маўзалей Джучы-хана, сына Чынгісхана, ва Улытаўскай вобласці ў цэнтральным Казахстане.

У нядаўна выдадзенай сямітомнай гісторыі Казахстана падрабязна выкладзена гісторыя Залатой Арды як папярэдніцы Казахскага ханства, якое ўзнікла ў 1465 годзе.

Такаеў распарадзіўся адрэстаўраваць маўзалей хана Джучы ў цэнтры Казахстана. Фота: Akorda.kz

У маі гэтага года ў Астане адбыўся міжнародны сімпозіум па гісторыі Залатой Арды. Адкрываў яго асабіста прэзідэнт Такаеў.

У сваёй прамове на адкрыцці Такаеў назваў эпоху Залатой Арды найважнейшай часткай «перыяду цывілізацыйнай эвалюцыі» і сказаў, што паводле новай Канстытуцыі Казахстана, прынятай толькі ў сакавіку, захоўваць пераемнасць з Вялікім стэпам і яго тысячагадовай гісторыяй — святы абавязак казахаў.

«Наша краіна — прамы спадкаемца Залатой Арды», — заявіў казахскі прэзідэнт.

Улус Джучы Такаеў назваў

«імперыяй, якая злучала Захад і Усход, аказала значны ўплыў на ўзнікненне і развіццё розных цывілізацый і дзяржаў і, несумненна, была найважнейшай палітычнай сістэмай».

Прэзідэнт расказаў, што Казахстан цяпер

«актыўна пераглядае састарэлыя догмы і стэрэатыпы, якія зводзяць некалі магутныя стэпавыя імперыі да так званых «паўдзяржаў» і нават паказваюць качавыя народы як дзікую, варварскую сілу, якая наогул існавала па-за глабальным гістарычным кантэкстам».

Паводле слоў Такаева, насамрэч інтэлектуальная эвалюцыя Цэнтральнай Азіі сярод іншага была заснаваная на «энергіі качавога свету і цюркска-мангольскай спадчыне», а эканоміка Залатой Арды спалучала качавы лад жыцця, гарадскія рамесніцкія традыцыі і кантроль над паўночнай часткай Вялікага шаўковага шляху.

Залатая Арда ў інтэрпрэтацыі Такаева аб'ядноўвала розныя культуры ў «адзіную сістэму гуманітарнага і палітычнага партнёрства», і цяпер Еўразія, паводле яго задумы, павінна адпавядаць сваёй гістарычнай місіі і быць «важным цывілізацыйным і геапалітычным полюсам свету».

Анексія Крыма як пераломны момант

Як тлумачыў у ліпені ў інтэрв'ю «Азаттык Азія», падраздзяленню «Радыё Свабода», кіраўнік Інстытута вывучэння Улуса Джучы Жаксылык Сабітаў, у 1990‑я гады становішча ў Казахстане было складаным і «любыя памкненні ў бок росту нацыянальнай самасвядомасці маглі прывесці нават да грамадзянскай вайны».

Таму ўлады Казахстана, паводле яго слоў, устрымліваліся ад таго, каб акцэнтаваць тэмы гістарычнай і нацыянальнай самасвядомасці казахаў. Пры Нурсултане Назарбаеве ўлады больш увагі надавалі ідэі сучаснага незалежнага Казахстана як дзяржавы, створанай ужо ў найноўшы час.

Згодна з сучасным дамінантным пунктам гледжання ў Казахстане, Улус Джучы як цывілізацыя спалучаў у сабе культуру качэўнікаў і ваяроў, культуру рамесніцтва ў гарадах і кантроль над часткай Шаўковага шляху. Фота: Akorda.kz

Паводле слоў Сабітава, пераломным момантам стала анексія Расіяй Крыма ў 2014 годзе.

«У палітычнай эліты ўзнікла разуменне, што верыць у тое, што Нурсултан Абішавіч — заснавальнік [дзяржавы], — гэта вельмі дрэнная гісторыя. Таму цікавасць да гісторыі да Назарбаева пасля Крыма вельмі моцна вырасла. У 2019 годзе аднавілі гістарычную справядлівасць. Пачалі звяртаць увагу на Залатую Арду. Таму што яна папярэднічала Казахскаму ханству і без яе немагчыма зразумець гісторыю Казахскага ханства», — працягвае Жаксылык Сабітаў.

Намеснік кіраўніка казахстанскага Інстытута гісторыі і этналогіі Жамарт Жэніс пісаў у артыкуле на сайце газеты «Вячэрняя Астана», што ў Казахстане шмат гадоў дамінавала еўрацэнтрычная парадыгма, але цяпер ён здольны незалежна вызначаць для сябе «сапраўдны ідэалагічны кірунак».

Гэты кірунак, на думку Жэніса,

«заснаваны на гістарычных фактах і нацыянальных каштоўнасцях, адлюстроўвае статус краіны як рэгіянальнай дзяржавы і можа аб'яднаць народ і ўладу і падняць нацыянальны дух».

«Няма чым ганарыцца»

Пры гэтым Астана ясна разумела, што яе імкненне пазіцыянаваць Казахстан як дзяржаву, якая каранямі сыходзіць у часы Залатой Арды, не магло не выклікаць раздражнёнай рэакцыі ў Расіі, дзе гісторыкі ў асноўным разглядаюць Арду праз прызму пакутаў, якія прынесла «татарска-мангольскае ярмо».

Касым-Жамарт Такаеў у сваёй травеньскай прамове заклікаў аб'ектыўна і палітычна нейтральна вывучаць гісторыю і пазбягаць «лінейнага погляду на складаную, шматслойную гісторыю Залатой Арды», каб не сапсаваць добрыя адносіны паміж народамі і краінамі.

Але многіх у Расіі такія заклікі не пераконваюць. Напрыклад, аўтар інтэрнэт-часопіса «Военно-политическая аналитика» Мікіта Мяндковіч у чэрвеньскім артыкуле па слядах майкага сімпозіуму ў Астане напісаў, што ў казахаў, маўляў, няма падстаў ганарыцца спадчынай Залатой Арды, таму што ў перыяд заваявання яна несла продкам сучасных казахаў генацыд, а затым яны, у інтэрпрэтацыі Мяндковіча, «былі аднымі з мноства даннікаў Залатой Арды, складаючы частку […] сацыяльных нізоў на падуладных ёй тэрыторыях».

«Культурнае адраджэнне казахаў», як пераконвае Мяндковіч, пачалося толькі ў XIX стагоддзі, пасля іх далучэння да Расійскай Імперыі.

Некаторыя расійскія каментатары інтэрпрэтуюць імкненне Казахстана падкрэсліваць гістарычную сувязь з Залатой Ардой і як схаваны замах на вялікія часткі тэрыторыі цяперашняй Расіі, якія таксама ўваходзілі ва Улус Джучы і карэннае насельніцтва якіх этнічна блізкае да цюркскіх народаў.

«Самае яскравае падзея ў гісторыі Казахстана»

Гэты адыход Казахстана ад расійска-савецкай версіі гісторыі вітае, у прыватнасці, сузаснавальнік аналітычнага цэнтра «Украінскі інстытут будучыні» Анатоль Амелін. У маі ён пісаў, што гэтае «перафарматаванне гістарычнага наратыву» мае стратэгічнае значэнне.

На думку Амеліна, Казахстан такім чынам «дыстанцуецца ад савецкага і «рускамірскага» цывілізацыйнага поля». Акрамя таго, паводле меркавання ўкраінскага аналітыка, пошук каранёў у гісторыі Арды і Улуса Джучы будзе спрыяць і ўнутранай нацыянальнай кансалідацыі.

«Спадчына Залатой Арды аб'ядноўвае ўсе казахскія жузы і роды пад агульным інстытуцыйным дахам, які існаваў да падзелу на казахаў, нагайцаў, татараў і ўзбекаў, што дапамагае пераадольваць трайбалізм», — лічыць Амелін.

Вітае новы падыход Казахстана да сваёй гісторыі і гісторык Марат Гацін з расійскага Татарстана.

«Гэта цалкам нармальная з'ява. У Казахстане цікавяцца ўласнай нацыянальнай гісторыяй, якую яны звязваюць са спадчынай Залатой Арды. Гэта непасрэдна звязана з умацаваннем ідэнтычнасці. Бо эпоха Улуса Джучы, мабыць, самая яскравая падзея ў гісторыі Казахстана», — сказаў Гацін у інтэрв'ю ў ліпені гэтага года.

Але ўзбекскі антраполаг і палітычны філосаф Бахціёр Алімджанаў асцерагаецца, што прэтэнзіі Казахстана на пераемнасць з імперыяй заваёўнікаў могуць стварыць напружанасць у Цэнтральнай Азіі.

Алімджанаў нагадаў у размове з «Азаттык Азія», што Узбекістан яшчэ з пачатку 1990‑х «пачаў прасоўваць ідэалогію Цімура» і сцвярджаць, што ўзбекі — нашчадкі Тамерлана, то-бок лідары Цэнтральнай Азіі.

«Менавіта рэабілітацыя гэтай імперскасці перашкодзіла цэнтральнаазіяцкай інтэграцыі. У той час сярод суседзяў не было такіх амбіцый. Толькі ва Узбекістана. А цяпер Казахстан таксама «хварэе». Тое, што Казахстан з'яўляецца спадкаемцам і пераемнікам Залатой Арды, вядома, стварае напружанасць у рэгіёне. Таму што цяпер з'яўляюцца дзве падобныя імперскасці. І цяпер яны будуць паміж сабой канкураваць», — лічыць Алімджанаў.

«Працэс не можа быць адменены»

У самім Казахстане многія гісторыкі і палітычныя аглядальнікі з энтузіязмам падтрымліваюць гістарычную палітыку Такаева.

«Адмаўляць сувязь казахаў з Залатой Ардой — усё роўна што адмаўляць сувязь сучасных еўрапейцаў са старажытным светам», — пісаў у чэрвені аглядальнік недзяржаўнага выдання Exclusive.kz Марлен Зіманаў.

«Казахскае ханства ўзнікла не на пустым месцы. Яно стала прамым працягам джучыдскай дзяржаўнасці пасля распаду Улуса Джучы. Казахскія ханы паходзілі з той жа дынастыі Чынгізідаў, якая кіравала Залатой Ардой. Палітычныя інстытуты, нормы ўлады, вайсковая арганізацыя і ўяўленні пра дзяржаўнасць фармаваліся ўнутры ардынскага свету», — тлумачыць Зіманаў.

Казахстанскі палітолаг Аскат Дукенбаеў, палемізуючы ў артыкуле на тым жа сайце Exclusive з Мікітам Мяндковічам і іншымі апанентамі, тлумачыць, што казахскія гісторыкі імкнуцца пераадолець спадчыну расійскага і савецкага перыядаў, праз якую ў Цэнтральнай Азіі панавала расійская папулярная версія гісторыі Улуса Джучы.

«Інтэрпрэтацыі, якія зыходзяць ад цюркскіх і мангольскіх народаў постсавецкай Еўразіі — казахаў, татараў, башкіраў, узбекаў, каракалпакаў, туркменаў, азербайджанцаў, калмыкаў, буратаў-манголаў і іншых народаў, чые гістарычныя і гістарыяграфічныя традыцыі звязаныя са спадчынай Чынгісхана і чынгізідскіх дзяржаўных дынастый, — нярэдка ўспрымаліся (і шмат у чым працягваюць успрымацца) як другасныя, перыферыйныя або палітычна матываваныя, а не як раўнапраўныя версіі агульнага мінулага», — тлумачыць Дукенбаеў.

«Тым не менш, нягледзячы на захаванне гэтай асіметрыі, якой усё больш паслядоўна кідае выклік абноўленая гістарыяграфія Казахстана і іншых постімперскіх грамадстваў рэгіёна, — працягвае казахстанскі палітолаг, — народы Паўночнай і Цэнтральнай Еўразіі паступова пераасэнсоўваюць ардынскую спадчыну і інтэгруюць яе ва ўласныя гістарычныя наратывы».

«Працэс асэнсавання і пераасэнсавання ардынскай спадчыны ўжо стаў часткай гістарычнай рэальнасці рэгіёна і не можа быць адменены або «заблакаваны» знешнімі інтэрпрэтацыйнымі рамкамі», — падсумоўвае палітолаг Аскат Дукенбаеў.

Каментары4

  • Нашчадкі Залатой Арды
    08.10.2026
    "Нашчадкі Залатой Арды. Як Казахстан пры прэзідэнце Такаеве праводзіць «рэбрэндынг» сваёй гісторыі"

    пакуль маскоўскі улус краў нашу гісторыю Вікінгаў, Казахі скаралі іх сапраўдную гісторыю улуса джучы. Таму Нам усё сёння трэба 2 назвы выкарыстоўваць Літвіны і Беларусы , адначасова.
  • Беларусь у сваёй гістарычнай сутнасьці — гэта Старажытная Літва
    08.10.2026
    Кастас, Беларусь у сваёй гістарычнай сутнасьці — гэта Старажытная Літва, вызначаная тэрыторыяй, прававымі традыцыямі й культурнай спадчынай Вялікага Княства Літоўскага. Плутаніна паходзіць збольшага ад назвы. „Беларусь“ перабілася ў назву нашай Краіны толькі пасьля маскоўска-мангольскай акупацыі й паступовага рэбрэндынгу (нават наш вораг пушкін называў нашу Краіну славянскай Літвой). Пры гэтым тое, што аднойчы было перайменаванае, можа, у прынцыпе, быць перайменаванае назад.
  • ну ясна панятна
    08.10.2026
    У наступным сезоне чакаецца:

    "нашы гістарычныя землі"
    "дань за 500 гадоў"
    "ярлык не забудзьцеся атрымаць"

Цяпер чытаюць

Начальніку аховы здароўя Мінска бясплатна зрабілі рамонт. Вынік — 8 гадоў калоніі за хабары12

Начальніку аховы здароўя Мінска бясплатна зрабілі рамонт. Вынік — 8 гадоў калоніі за хабары

Усе навіны →
Усе навіны

Восеньска-зімовы догляд гадаванцаў: як падрыхтаваць поўсць катоў і сабак да халадоў

Канье Уэст зарабіў на адмененых у Расіі канцэртах 20 мільёнаў даляраў2

Украіна ўпершыню ўдарыла па дата-цэнтры «Яндэкса». «Яндэкс.Дыск» працуе са збоямі12

У Драздах купілі катэдж за 1,1 мільёна даляраў1

Хто той грамадзянін Чэхіі, які прыехаў у Беларусь да хворай маці і быў арыштаваны за данаты на падтрымку Украіны6

«Гэта Пуцін!» У Расіі жанчына пабачыла ў кавярні эльфа Добі, прыняла яго за Пуціна і запатрабавала прыбраць «абразу»18

Венгрыя здымае вета на перамовы Украіны з ЕС

У Швабскім замку ў Бары, дзе Габсбургі атруцілі Бону Сфорца, адкрылі барэльеф у памяць пра славутую каралеву

Міхалкоў заявіў, што вайну з Украінай Расіі паслаў Бог13

больш чытаных навін
больш лайканых навін

Начальніку аховы здароўя Мінска бясплатна зрабілі рамонт. Вынік — 8 гадоў калоніі за хабары12

Начальніку аховы здароўя Мінска бясплатна зрабілі рамонт. Вынік — 8 гадоў калоніі за хабары

Галоўнае
Усе навіны →

Заўвага:

 

 

 

 

Закрыць Паведаміць